Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

драўні́нны, ‑ая, ‑ае.

Атрыманы з дрэва, драўніны. Драўнінная смала. Драўнінны вугаль. Драўнінны спірт.

драўня́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да драўніны. Драўняныя валокны.

драфа́, ‑ы; мн. дрофы; ж.

Буйная стэпавая птушка атрада жураўлепадобных з доўгай шыяй і дужымі нагамі.

драфі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да драфы. Драфінае гняздо.

дра́хма, ‑ы, ж.

1. Сярэбраная манета ў Старажытнай Грэцыі; грашовая адзінка ў сучаснай Грэцыі.

2. Адзінка аптэкарскай вагі, роўная 3,73 г, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы мер.

[Грэч. drachmē.]

драці́на, ‑ы, ж.

Разм. Кавалак дроту; адна асобная ніць дроту. Нажніцы спраўна перакусваюць драціны і.. яны ападаюць у снег. Брыль. Недзе блізка, амаль над самым вухам, нябачная ў цемры драціна звінела на ветры, як струна. Савіцкі.

дра́цца, дзяруся, дзярэшся, дзярэцца; дзяромся, дзерацеся, дзяруцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяляцца на часткі, на кавалкі; раздзірацца. Папера лёгка дзярэцца. // Зношвацца да дзірак; рвацца (пра адзенне, абутак). — Есці пры маёй рабоце хапае, абутак і вопратка не дзярэцца і не вельмі пэцкаецца. Кулакоўскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Знімацца, адрывацца. Дзяры лыка пакуль дзярэцца. Прыказка.

3. Мець прывычку драць (у 3 знач.); драпацца. [Зыгмусь:] Я да.. [Юзі], а яна або ўцякае, або пазурамі дзярэцца, як кошка. Чорны.

4. Драпаць адзін аднаго. Каты дзяруцца.

5. Разм. Чухацца, тручыся аб што‑н. або драпаючы пальцамі. Дзярэцца, як карослівы.

6. Разм. Паднімацца на што‑н. высокае, чапляючыся рукамі і нагамі; караскацца. Мне так захацелася пабываць на вяршыні кургана, як у маленстве: гоп-гоп! — некалькі падскокаў, і ты ўжо дзярэшся пад самую сасну. Кірэенка. // Вырастаючы, паднімацца ўверх, чапляючыся за што‑н. (пра расліны). Адбуяла ў агародах хмельная летняя зеляніна — павесілі галовы сланечнікі, не дзярэцца на платы гарбузнік. Навуменка. // Прабірацца праз што‑н. цяжкапраходнае. Драцца праз густы ельнік. // перан. Імкнуцца заняць як можна вышэйшае становішча ў грамадстве. Цяпер спакойны за сябе Пахом: «Палезу вышай — вывезе дыплом». І па службовай лесвіцы дзярэцца... Маеўскі.

7. Разм. Моцна крычаць, плакаць. Чаго .. [дзіця] дзярэцца на ўвесь лес? Васілевіч. Дарэктар рвецца на кавалкі. Зламаў на блясе ўжо дзве палкі, Дзярэцца, нема л[я]мантуе, — Такі там гвалт — хай бог ратуе! Колас.

8. Зал. да драць (у 1, 2 і 5 знач.).

драць, дзяру, дзярэш, дзярэ; дзяром, дзераце, дзяруць; незак., каго-што.

1. Раздзяляць на часткі, на кавалкі; раздзіраць. Драць на шматкі. Драць паперу. □ [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. // Зношваць да дзірак (адзенне, абутак).

2. Выдзіраць, адрываць. Драць мох. Драць мёд. □ [Нямка] я ведаў з самага маленства, колькі гадоў жыў з ім побач, пасвіў коні, драў карэнне на кашы. Кулакоўскі. // Знімаць, аддзяляць тонкімі пласцінамі. Драць дранку. Драць лыка. Драць кару.

3. Драпаць, рабіць драпіны чым‑н. вострым; уздзіраць. Добра, калі зямля трапіцца мяккая, — тады работа ідзе хутка. А сустрэнецца цвёрдая — дзяруць .. [ластаўкі] па чарзе кіпцюрамі, дзяруць і нічога не выходзіць. Пальчэўскі. Сухая лыжка рот дзярэ. З нар. Новая мятла чыста мяце, ды падлогу дзярэ. З нар. // Разм. З сілаю церці, націраць што‑н. Потым гэтак жа, не шкадуючы сілы, дзярэ [Ганька] ліпавым луццем ногі. Васілевіч. / без дап. Пра тупыя інструмент. Брытва дзярэ.

4. Ірваць, забіваць (пра драпежных звяроў, птушак). Каршун дзярэ кураня. □ Сава лятала па начы, З сабою птушкам смерць насіла, Хаўтурны спеў ім пеючы, — Сама там драла іх, сама ж і галасіла. Крапіва.

5. Раздрабняць, церці на тарцы. Драць бульбу на бліны.

6. Ачышчаючы ад шалупіння, рабіць з зерня крупы. Драць ячмень на крупы. // Размолваць буйна зерне, робячы крупы. Драць крупы.

7. і без дап. Разм. Раздражняць, выклікаць непрыемнае адчуванне. Перац дзярэ ў горле. □ Тытунь быў свой, а не куплёны, І драў ён горла, як шалёны. Колас.

8. перан.; і без дап. Разм. Браць за што‑н. празмерную плату, назначаць высокую цану. — Не, ты адказвай, — загарачыўся раптам Міця. — Зацягнуў нас сюды, каб мы па дваццаць капеек з людзей нізавошта дралі. Курто.

•••

Вочы драць — нападаць, зласліва накідвацца на каго‑н.

Вуха (вушы) дзярэ — тое, што і вуха (вушы) рэжа (гл. рэзаць).

Драць (ірваць, надрываць) горла (глотку) — моцна гаварыць, крычаць, пець.

Драць нос — важнічаць, задавацца.

Драць шкуру (дзве шкуры, па дзве шкуры, сем шкур) — браць высокую цану, абіраць, эксплуатаваць.

Казлы драць — ванітаваць.

драцэ́на, ‑ы, ж.

Дрэвападобная або кустовая паўднёвая расліна сямейства лілейных.

драця́нік, ‑а, м.

Лічынка жука-шчаўкуна, шкодніка сельскагаспадарчых і іншых раслін, якая жыве пад карой дрэў або ў глебе.