канёк 1, канька, м.
1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.).
2. Разное ўпрыгожанне страхі, пераважна ў выглядзе конскай галавы. «Канькі» — гэта разныя ўпрыгожанні верхняй часткі франтона [«шчыта»] пры двухскатным даху. «Беларусь».
3. Востры верхні край, грэбень страхі. Новы чырвоненькі пеўнік на каньку хаты вось-вось збіраўся кукарэкнуць на ўвесь голас. Краўчанка.
4. перан. Любімая тэма размовы, любімы занятак каго‑н. [Вярноў] горача расказваў Ніне пра новыя творы маладнякоўцаў. Літаратурнае жыццё было яго каньком. Лобан. — Скрыпка і флейта — от на чым я выязджаў. Гэта мой канёк. Чорны.
канёк 2,
гл. канькі.
каніба́л, ‑а, м.
Кніжн.
1. Людаед.
2. перан. Незвычайна жорсткі, люты чалавек.
[Фр. cannibale з ісп.]
канібалі́зм, ‑у, м.
Кніжн.
1. Людаедства.
2. перан. Жорсткасць, лютасць, варварства. Канібалізм нораваў.
[Фр. cannibalisme.]
каніба́льскі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн.
1. Які мае адносіны да канібала (у 1 знач.).
2. перан. Жорсткі, люты, варварскі. Канібальскія норавы. Канібальскія планы.
каніба́льства, ‑а, н.
Тое, што і канібалізм (у 2 знач.).
кані́кулы, ‑аў; адз. няма.
Перапынак у занятках, які даецца навучэнцам для адпачынку. Летнія канікулы. □ Як толькі ў школе закончыліся заняткі і ў вучняў малодшых класаў пачаліся канікулы, .. [Лявонка] на другі ж дзень пагнаў разам з дзедам у лес калгасны статак. Шуцько. Набліжаліся зімовыя канікулы вучняў, і можна было адлучыцца на час са школы. Шахавец.
[Ад лац. caniculae.]
канікуля́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да канікулаў. Ганнін прыезд у сталіцу супаў з канікулярным часам. Гартны.
кані́на, ‑ы, ж.
Мяса каня. На чацвёрты дзень блакады Лясніцкі і Прыборны далі загад забіваць коней і карміць людзей канінай. Шамякін.
кані́стра, ‑ы, ж.
Плоскі бак з герметычнай накрыўкай для захоўвання вадкасцей (бензіну, змазачных масел і пад.).
[Ад англ. canister — бляшанка.]
каніфа́с, ‑у, м.
Лёгкая баваўняная тканіна з рэльефным тканым малюнкам, даўней паласатая.
[Ням. Kanevas.]