Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штрафны́, ‑ая, ‑ое.

1. Звязаны са штрафам, з платай штрафу. [Войцік:] — І на якое ліха нам здаўся той білет! Сунулі б правадніку колькі залатовак — і без штрафнога пратакола абышлося б. Машара. // Які назначаецца за парушэнне чаго‑н.; з’яўляецца штрафам. Штрафны ўдар.

2. Накіраваны рашэннем суда ў спецыяльную дысцыплінарную часць (пра ваеннаслужачых). Штрафныя матросы. // Які складаецца з такіх ваеннаслужачых, прызначаны для іх. Няхай штрафны батальён, няхай іншая кара. Нас нічога не страшыць пасля тых здзекаў і пакут, якія мы перажылі і пабачылі ў нямецкім палоне. С. Александровіч.

штрукс, ‑у, м.

1. Тканіна, падобная на вельвет.

2. толькі мн. (штру́ксы, ‑аў). Штаны асобага крою з такой тканіны.

[Ням. Struck.]

штры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Кавалак тасьмы, які прышываецца знізу да калашыны штаноў і працягваецца пад ступню ці абутак. [Юстын:] — На адной назе ў яго [памешчыка] чаравік жоўты, а другая — басанож, і толькі белая штрыпка ад штаноў матляецца... Стаховіч.

[Ням. Strippe.]

штры́фель, ‑фля, м.

Адварот на грудной частцы верхняга адзення. На штрыфлі.. [Макаравага] пінжака гарэла Залатая Зорка Героя. Сабаленка. [Вераніка] паправіла на штрыфлі Славінага пінжака значок «Юны варашылаўскі стралок». Навуменка.

штрых, ‑а, м.

1. Тонкая, кароткая лінія, рыска (малюнка, чарцяжа, партрэта, карціны і пад.). [Рамір] адбегся ад планшэта, .. шырока ўзмахнуў рукой; Вера ведала, што ён зрабіў першы штрых. Асіпенка.

2. перан. Асобны момант, характэрная рыса, падрабязнасць чаго‑н. Варты ўвагі і некаторыя штрыхі, што характарызуюць паасобныя асаблівасці даўніх народных звычаяў паўночнага Палесся. Ліс. Байку Крапівы жывіла жыццё, канкрэтная рэчаіснасць — яна давала не толькі тэмы, вобразы, але асобныя штрыхі, дэталі. Гілевіч.

[Ням. Strich.]

штрыхава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. штрыхаваць.

штрыхава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад штрыхаваць.

2. у знач. прым. Пакрыты штрыхамі. Штрыхаваная кераміка.

штрыхава́цца, штрыхуецца; незак.

Зал. да штрыхаваць.

штрыхава́ць, штрыхую, штрыхуеш, штрыхуе; незак., што.

Наносіць штрыхі (на чарцёж, малюнак, план, схему і пад.); пакрываць штрыхамі. Штрыхаваць карту.

штрыхавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да штрыха; выкананы штрыхамі. Штрыхавы малюнак.