трух-тру́х, выкл.
Ужываецца гукапераймальна для абазначэння бегу дробнай рыссю.
тру́цень, трутня, м.
1. Самец у пчалінай сям’і. Пчолкі мёд нясуць да сот, Труцень есць ды есць той мёд. Купала.
2. перан. Разм. Той, хто не працуе, а жыве за кошт працы другіх; лодар. Скардзіцца, што ныюць плечы У яго з юначых пор... Эх ты, труцень чалавечы! Як з табой нам жыць. Рыгор?! Ставер. Можа Іосіф і ёсць прычына таго, што Джыавані так высмейвае ўсіх манахаў, як трутняў і лежабокаў. Лынькоў.
труці́цца, тручуся, труцішся, труціцца; незак.
1. Прымаць атруту з мэтай самагубства. Цікава тут яшчэ адна акалічнасць: кожны самагубца мае нахіленне да таго ці іншага спосабу самагубства — адны страляюцца, другія вешаюцца, трэція топяцца, кідаюцца пад машыну, труцяцца, рэжуцца брытваю. Колас. // Зазнаваць шкоднае дзеянне атрутнага рэчыва і пад. — Бачыш, ён [Алесь] зноў запіў! Не з добрага жыцця! — сказаў Віктар. — Піце, хлопчыкі, труціцеся... Ваданосаў.
2. Зал. да труціць.
труці́ць, тручу, труціш, труціць; незак., каго-што.
Знішчаць атрутай. Труціць мух. □ Дзесяткі рук апыльвалі лён, труцілі шкодную блыху. Кулакоўскі. // Рабіць шкоду якімі‑н. атрутнымі рэчывамі. [Грачова:] — А курэй хто труціў? Хто з дустам кашу па гародзе рассыпаў, каб у грады не лазілі? Ракітны. / у перан. ужыв. Думы маркотныя, Думы гаротныя, Труціце быт мой сірочы. Смех стогнам крыецца, І ў сэрцы ныецца, І плачуць жаласна вочы. Купала.
тру́чаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад труціць.
2. у знач. прым. Такі, якога труцілі. Тручаная муха. Тручаны таракан.
тручэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. труціць.
тру́шанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Тое, што і трасянка. [Варанецкі] не мог уявіць, чаму ніхто не паказваецца на ферму. Ён сам узяўся паіць кароў і раздаваць ім трушанку. Дуброўскі.
трушо́к, ‑шку, м.
Разм.
1. Павольны бег. Адчуўшы моцную мужчынскую руку, буланы адразу ж бярэ на лёгкі, але спорны трушок... Сачанка.
2. у знач. прысл. трушко́м. Павольнай рыссю. Сем мяхоў — уся паклажа, Іншы конь трушком бы вёз. Непачаловіч. Конік перш бег трушком, але потым быў вымушаны перайсці на галоп. Ракітны.
трушчо́ба, ‑ы, ж.
1. Бедны, густа населены брудны квартал горада, а таксама брудны, цёмны, разбураны дом, жыллё. Лонданскія трушчобы. Прыгарадныя трушчобы. Трушчобы капіталістычных гарадоў.
2. Цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам. Белай, месячнай ноччу ў трушчобах завянуць свае песні ваўкі... Рудкоўскі.
3. Глухое месца, глуш. — Новаспечаны, і ў вашых трушчобах маю гонар быць першы раз, — сказаў з усмехам Лабановіч. Колас.
трушчо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да трушчобы (у 1, 2 знач.); уласцівы трушчобы. Трушчобныя мясціны.
2. Нядобраўпарадкаваны, непрыдатны для жылля. Трушчобны квартал. // Які жыве ў трушчобах. Трушчобныя насельнікі.