бязлі́тасны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае літасці, жалю, спачування. Бязлітасны чалавек. □ Але вораг напаў на маю бацькаўшчыну, каварны, бязлітасны, люты вораг. Гарбук. Патапавіч закрываў рукою шыю і стараўся цішэй ступаць, каб не ўвесці ў злосць гэтых бязлітасных пастаяльцаў. Кулакоўскі. // Які не заключае, не выяўляе ў сабе літасці, спачування; жорсткі, суровы. Бязлітасны прысуд. Бязлітасная крытыка. Бязлітасная праўда. Бязлітасныя словы. □ Узросшая магутнасць міжнародных манаполій зрабіла канкурэнтную барацьбу яшчэ больш бязлітаснай. Брэжнеў. Хлопец мімаволі сціснуў аўтамат і змерыў Грэчку бязлітаснымі блакітнымі вачамі. Мележ.
бязлі́тасць, ‑і, ж.
Тое, што і бязлітаснасць. [Габрусь:] — Гэта ўсё грэх мучыць мяне за маю бязлітасць і бяздушнасць... Чарот.
бязло́бы, ‑ая, ‑ае.
Пра чалавека з малым ілбом. Так і глядзела [хата] на свет, як сам гаспадар, заўсёды зажмураны Данька, стары Хамёнак, бязлобая галава якога нібы ўрасла ў зімовую шапку. Брыль.
бязло́пасцевы, ‑ая, ‑ае.
Які не мае лопасці, без лопасцей. Бязлопасцевае вясло.
бязлю́ддзе, ‑я, н.
Адсутнасць людзей. [Агата] ў душы рада была, што на такім марозным бязлюддзі трапіўся свой чалавек. Сабаленка. // Недахоп у патрэбных людзях. На бязлюддзі і поп — чалавек. Прыказка.
бязлю́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязлюднага; адсутнасць людзей; незаселенасць. Толькі дарожныя знакі, вымытыя да бледнасці, адзінока тырчалі пры дарозе і нібы вартавалі яе бязлюднасць. Шахавец.
бязлю́дны, ‑ая, ‑ае.
Ненаселены або маланаселены. Толькі свае песні спявае.. [лясны жаваранак] у бязлюдных мясцінах, дзе рэдка бывае чалавек, і мала хто чуе іх. Колас. // Такі, дзе не відаць або няма ў дадзены момант людзей. Сяргей пакрочыў у бок калгаснага двара пакуль што яшчэ бязлюднай вуліцай. Шахавец. Бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. Чорны.
бязма́ла, прысл.
Разм. Без малога, амаль, каля. Было бязмала тры гадзіны дня. □ З поля сабраў [мужык] вось Коп пяць бязмала. Купала.
бязма́тачны, ‑ая, ‑ае.
У пчалярстве — які застаўся без маткі (пра вулей, рой).
бязме́жжа, ‑а, н.
1. Бязмежны прастор. Так і бачыш бяздонную сінь зімовага неба, залітага халодным святлом месяца, адчуваеш вышыню і бязмежжа аснежаных прастораў. Грахоўскі. [Дзяўчынка] не крычала, адна ў сцюдзёным бязмежжы, на вачах у высокіх і абыякавых зорак, — яна ўжо толькі шаптала адзінае слова, якім чалавек пачынае жыццё, слова вялізнай сілы. Брыль.
2. перан. Надзвычайная глыбіня, сіла выяўлення чаго‑н. Сёння нашы прасторы — бязмежжа — Славу роднай сталіцы пяюць. Броўка. Паэзія Купалы заўсёды была шматграннай, арыентавалася на ўсё ідэйна-тэматычнае, духоўнае бязмежжа нацыянальнага быцця. Бечык.