бяздо́нніца, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і бездань (у 1, 3 знач.); прорва.
бяздо́нны, ‑ая, ‑ае.
Непамерна глыбокі. Так загуста насыпана месяцаў У бяздонную прорву вод, Што не пройдзе ніяк, не памесціцца Сярод гэтых вод параход. Панчанка. [Кулеш] кінуўся да ракі і доўга глядзеў на цёмную плынь і ўсё адно ўбачыў смерць — чорныя, бяздонныя віры глядзелі на яго. Шамякін. // Бязмежны, бяскрайні. Бяздонны блакіт.
•••
Бяздонная бочка гл. бочка.
бяздро́тавы, ‑ая, ‑ае.
Работа якога ажыццяўляецца без выкарыстання дротавых прыстасаванняў (для прыёму і перадачы гукаў, сігналаў і пад.). Бяздротавая сувязь. Бяздротавы тэлеграф. Бяздротавы тэлефон.
бязду́м’е, ‑я, н.
Інертны стан, які характарызуецца адсутнасцю думак, роздуму. Так стаяла.. [Алаіза Пашкевіч] да таго часу, пакуль з бяздум’я не вывеў паштальён, які падышоў і ўлажыў у клямку газеты. С. Александровіч.
бязду́мнасць, ‑і, ж.
Адсутнасць думак, інертнасць мыслення; бяздум’е. На Ніну раптам найшла нейкая дзіўная бяздумнасць. Мележ.
бязду́мны, ‑ая, ‑ае.
Які не задумваецца; не здольны на роздум. Бяздумны, да ўсяго абыякавы, я нерухома стаяў каля акна, учапіўшыся рукамі ў вушакі. Ракітны. [Ганна] раптам забылася пра грыбы, стала дзіўна бяздумная. Мележ. // Які выяўляе бяздумнасць. Па сухой сцяблінцы.. ўзбіралася нейкая казюрка... Ігнат правёў яе бяздумным позіркам, нічога не бачачы перад сабой. Лынькоў. // Які не суправаджаецца роздумам; легкадумны. Гэтыя вельмі асабістыя вершы пазбаўлены бяздумнага замілавання. Грахоўскі. [Дзяўчынкі] крычалі, спатыкаліся і ніяк не хацелі пакідаць свайго бяздумнага занятку. Нядзведскі.
бязду́шнасць, ‑і. ж.
Уласцівасць бяздушнага; бессардэчнасць. Навошта душу Раскрываць гэтак смела, Калі ў той душы Бяздушнасць засела. Сіпакоў.
бязду́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены чуласці, сардэчнасці; абыякавы. [Віктар] маўчаў, не мог асмеліцца сказаць.. [Нюры] «бывай», бо бачыў, што яна чакае не гэтага бяздушнага «бывай», а нечага большага — ну, хоць бы нейкай надзеі на новую сустрэчу. Дамашэвіч. І ці многа такіх ёсць бяздушных у нас, што не ўспомняць з падзякай сардэчнаю час, калі ў школе настаўніка першы ўрок узмацніў, падтрымаў наш няўпэўнены, крок? Дубоўка.
2. Халодны, сухі. Бяздушная ігра артыста.
бязды́мны, ‑ая, ‑ае.
Які не ўтварае дыму. Цяпер працаваў.. [Галілей], паводле ўласных ягоных слоў, над «цыркулярнай» бяздымнай печкай. Зарэцкі.
•••
Бяздымны порах гл. порах.
бя́зевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да бязі. // Пашыты з бязі. Бязевая кашуля.