Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бляха́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бляхара; звязаны з вырабам рэчаў з бляхі. Бляхарная майстэрня.

бляха́рня, ‑і, ж.

Бляхарная майстэрня.

бляша́начны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бляшанкі.

бляша́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Бляшаная банка. Санітары прынеслі параненым вячэру: бляшанку кансерваў на дваіх, галеты і чай. Гурскі. Бляшанка была ад патронаў, доўгенькая, на дзве добрыя пядзі. Пташнікаў.

бляша́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бляхі; зроблены з бляхі. Вецер ўрываўся ў бляшаны комін печкі, выдзьмухваў з яе попел, гаручыя іскры. Лынькоў.

бля́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Кавалачак бляхі (у 1 знач.).

2. Памянш. да бляха (у 2 знач.). З шапкі былі ўжо сарваны ўсе тыя бляшкі, якія раней паказвалі, да войска якой дзяржавы гэты салдат належаў. Чорны.

бляя́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бляяць. // Гукі, падобныя на крык авечкі, якія ўтвараюцца пры палёце бакасоў.

бляя́ць, бляе; незак.

Крычаць (пра авечак). То там, то сям з саней падавала свой прарэзлівы голас свіння, бляяла авечка. Колас.

бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

боб, ‑у, м.

1. Аднагадовая агародная расліна сямейства бабовых. Паразрастаюцца рады Салаты, морквы, бобу. Аўрамчык.

2. Плады гэтай расліны ў выглядзе струкоўці вылушчанага насення. Мяшок бобу. Вараны боб.

•••

Конскі боб — кармавы боб; тое, што і боб (у 1 знач.).

Бобу ў гаросе шукаць гл. шукаць.

Жалезны боб — пра кулі, выстраленыя з аўтамата або кулямёта.

З’есці пуд жалезнага бобу гл. з’есці.

Хто ў боб, хто ў гарох гл. хто.

Як боб, як бобу — параўноўваюць, гаворачы пра вялікую колькасць малых дзяцей.