Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бля́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

1. Траціць яркасць афарбоўкі; рабіцца цьмяным. Бляклі фарбы наваколля, нават і неба, здавалася, пачало выцвітаць пад пякучымі праменямі сонца. Васілёнак. // Траціць свежасць, рабіцца вялым; бляднець. А прыйдзе восень, знікне сонца — і памідор блякне ўвесь і разам з лісцем сваім памірае і сам... Сачанка. // Траціць бляск, румянец; рабіцца бледным; выцвітаць. Вочы блякнуць. □ [Вера Антонаўка] бачыла, як сын выцягваецца, худзее, як некалі чысты дзябёлы твар яго блякне. Карпаў.

2. перан. Траціць яркасць, моц, сілу ўздзеяння. Блякнуць успаміны. □ Рамантычныя мары ўсё больш і больш бляклі, калі Лясніцкі лепш пазнаваў Раісу. Пшыркоў.

бля́мканне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. блямкаць.

бля́мкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Бразгаць чым‑н. металічным. Рыпелі вароты, блямкалі засаўкі, то там, то тут чуўся грукат у дзверы. Няхай. // Дрэнна іграць на чым‑н., брынкаць. Блямкаць на піяніна.

бля́мкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да блямкаць. У полі за вёскай блямкнуў тры разы падрад звон. Галавач. Рыпнулі ў хаце дзверы. Блямкнула клямка. І ўсё. Кавалёў.

бляск, ‑у, м.

1. Яркае, асляпляльнае святло; водбліск. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет. Колас. Люблю раку за рух няспынны, А зоры — за іх вечны бляск. Прануза. Ад снежнага бляску мроілася ў вачах. М. Стральцоў. // Святло, якое адбіваецца на чым‑н. Палазы шліфуюць дарогу да бляску шкла. Бядуля. Белы вясёлы бляск цынкавага даху заўсёды радаваў вока. Мележ. Грыша глядзеў на панскія хромавыя боты, начышчаныя да бляску. Пальчэўскі.

2. Святло ў вачах як выражэнне ўнутранага стану. Пацямнеў свавольны бляск вачэй. Звонак. Кірыла Пракопавіч зноў падхапіўся, задумаўся... У яго сіняватых, незвычайна жвавых вачах столькі бляску! Кухараў. Дулеба паволі падняўся, і ў яго вачах Бярозін заўважыў сухі і рашучы бляск. Шчарбатаў.

3. перан. Раскоша, багацце; усё, што ёсць лепшага. Фальварак пана Чарнецкага ніколі не бачыў такога бляску, не чуў такой музыкі, не меў такой радасці, як у гэты вечар. Бядуля. У чыстай палавіне [хаты] сабраны ўвесь бляск Гвардыянавага багацця і культуры. Зарэцкі. // Глянец на чым‑н. І спяшае кожны бляск навесці Перад тым, як стаць у строй. Пысін. // Знешняя бліскучасць, знешні глянец. [Вольга:] — Вы [Выхвалінскі] усё каб для вока было, стараецеся. Усё на вонкавы бляск глядзіце. Краўчанка. Але ў ім [Сцяпане] бляску нестае — Ён нейкі непрыкметны муж, звычайны. Корбан.

4. перан. Пра яркае выяўленне чаго‑н. Бляск таленту, розуму. □ «Палескія аповесці» — першы буйны празаічны твор, дзе ва ўсім сваім багацці і бляску заззяла беларуская мова. Навуменка.

•••

З бляскам — вельмі добра, выдатна.

бля́скат, ‑у, М ‑каце, м.

Разм. Тое, што і бляск (у 1 знач.). Абаўецца навокал зямля Да бляскату ў яркую зелень. Астрэйка.

блясна́, ‑ы, мн. блёсны, ‑сен; ж.

Прынада для рыбы ў выглядзе бліскучай металічнай бляшкі. Узмах — і плёснулася недзе на сярэдзіне блясна; парушыўшы спакойную гладзь вады, разышліся зыбкія кругі. Шамякін. Над вялікай вадою неўзабаве пачуўся шматабяцаючы посвіст шнура і асцярожны ўсплёск блясны. Брыль.

блясні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што і без дап.

Лавіць рыбу на блясну.

бля́ха, ‑і, ДМ блясе, ж.

1. Тонкае ліставое жалеза; ліст такога жалеза. Дом пад бляхай. Ацынкаваная бляха.

2. Знак у выглядзе металічнай пласцінкі з надпісам або нумарам, які сведчыць аб службовых абавязках таго, хто яго носіць. Погляд Валодзі слізгануў уніз і ўпёрся ў вялікую бляху, якая блішчала на грудзях чалавека, што трымаў яго. Пятніцкі.

3. Тонкі ліст жалеза з загнутымі краямі, на якім пякуць або смажаць што‑н. Разам з.. [Саламонам] жылі накаленыя печы, мяшкі з мукою, груды цеста і рознага гатунку печыва на бляхах. Бядуля.

бляха́р, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе рэчы з бляхі. // Той, хто крые бляхаю дах.