бо,

1. злучн. прычынны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з чыста прычынным значэннем; па значэнню супадае са злучнікам «таму што». Згіне ліха, бо на свеце Праўда ёсць, І развеецца, як смецце, Зайздрасць, злосць. Колас. [Пеця:] — Хочацца шмат што запісаць. Але ўсяго запісаць не ўдасца, бо ведаю, адчуваю, перадышка ненадоўга. Шамякін. Мы [Васіль Пятровіч і Лена] гаварылі, бо ўжо нам можна было гаварыць аб усім, і маўчалі, бо добра было і маўчаць, і спыняліся часта, бо нас тут, на ціхім аснежаным лузе, не бачыў ніхто... Брыль.

2. злучн. прычынна-супраціўны. Злучае сказы, якія паказваюць на прычыну неабходнасці дзеяння; па свайму значэнню набліжаецца да злучнікаў «а то», «іначай». [Юзік:] — Толькі не маніце, бо другі раз мы вам не падаруем. Чарот. — Ну, голубе, бывай здаровы і шчаслівы. Будзь асцярожны, бо цябе ўжо можа шукаюць. Колас. [Грамабой:] «Трэба, кажу, памагчы, бо ніхто ж чужы не паможа». Крапіва.

3. часціца. Разм. Ужываецца ў мове пасля слова з лагічным націскам і служыць для ўказання на дадзенае слова. — Чаго ж бо ты цягаўся па падворку? — з ціхай ласкаю і разам з нейкім дакорам сказала маці. Колас. Праўду бо кажуць: бярэ не сіла, а смеласць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)