Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

канані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які з’яўляецца канонам (у 1 знач.). Кананічнае права ў праваслаўнай царкве.

2. Прызнаны царквой у якасці свяшчэннага пісання; які ўваходзіць у склад канона (у 3 знач.). Кананічныя кнігі.

3. Кніжн. Цвёрда ўстаноўлены, прыняты за ўзор. Кананічныя рысы характару рэвалюцыянера.

кана́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. канаць.

кана́па, ‑ы, ж.

Прадмет мяккай мэблі для сядзення і ляжання, са спінкай і падлакотнікамі. [Георгій] апусціўся на канапу і стомлена адхінуўся да спінкі. Мележ. Пры сцяне пад вокнамі стаяла масіўная, са смольных дошак канапа. Сабаленка.

[Фр. canapé.]

канапа́с, ‑а, м.

Той, хто пасе коней. Дождж ліў каля гадзіны. На канапасах не было сухой ніткі, але ніхто не чуў холаду. Чарнышэвіч.

канапа́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Інструмент для канапачання ў выглядзе жалезнай лапаткі з ручкай.

2. Матэрыял (кудзеля, пакулле, мох), які выкарыстоўваецца для канапачання.

канапа́тчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца канапачаннем.

канапа́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да канапатчык.

канапа́ціцца, ‑паціцца; незак.

Зал. да канапаціць.

канапа́ціць, ‑пачу, ‑паціш, ‑паціць; незак., што.

Затыкаць дзіркі або шчыліны ў чым‑н. пакуллем, мохам і інш. Канапаціць хату. Канапаціць сцены. □ [Якуб] падняў з дна затопленую мінулай восенню лодачку.. Канапаціў пакуллем, плавіў смолку. Лупсякоў.

канапа́чанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. канапаціць.