блакірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.
1. каго-што. Арганізаваць (арганізоўвае) палітычную, гаспадарчую або ваенную блакаду. Блакіраваць абарону праціўніка. □ Следам на гасцінцы паказалася новая калона .. Гэта вялі палонных карнікаў, якія блакіравалі партызанаў на Цаліку. Новікаў. У палове мая фашысты блакіравалі пушчу, у якой дыслацыраваліся партызаны. Карпюк.
2. што. Закрыць (закрываць) пуць паміж станцыямі, карыстаючыся блакіроўкай (у 2 знач.).
3. што. Перагарадзіць (перагароджваць), загарадзіць (загароджваць) праход, шлях і пад. [Даследчая] партыя ідзе далей, а на яе месца прыходзіць земснарад, блакіруе перакат змяістым хобатам пантонных груб. Ракітны.
4. перан.; што. Паралізаваць. Самаўпэўненасць старшыны абяззбройвала, блакіравала волю і намер. Быкаў.
блакіро́вачны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да блакіроўкі ( у 2 знач.). Блакіровачная сістэма. Блакіровачны сігнал.
2. Які працуе пры дапамозе блокаў, з выкарыстаннем блокаў (гл. блок 1). Блакіровачны механізм.
блакіро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. блакіраваць (у 2 знач.) і блакіравацца 1.
2. Сукупнасць прылад для блакіровачнай сістэмы рэгулявання руху цягнікоў. // Сістэма сігналаў, пры дапамозе якіх паказваецца, заняты ці свабодны чыгуначны пуць.
3. Сістэма блокаў якога‑н. механізма. Блакіроўка навяснога культыватара.
блакі́т, ‑у, М ‑кіце, м.
1. Светла-сіні колер. Блакіт азёр. Блакіт вачэй. □ Пятро ляжаў на спіне і глядзеў у бяздонны блакіт яснага жнівеньскага неба. Шамякін.
2. Чыстае яснае неба. Ні адной хмурынкі на блакіце, Ні павеву ветру на зямлі. Астрэйка. [Андрэй Міхайлавіч] глядзеў на белае кучаравае воблака, што павольна плыло высока ў чыстым блакіце. Самуйлёнак.
[Чэшск. blankyt.]
блакітнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Светла-блакітнага колеру або з блакітным адценнем. А на маленькіх крыштальных лужынках увачавідкі паяўляліся танюсенькія, блакітнаватыя марозныя стрэлкі. Асіпенка. І зноў цягнецца за машынай шлейф пылу і слабы блакітнаваты дымок. Аляхновіч.
блакітнаво́кі, ‑ая, ‑ае.
З блакітнымі вачамі. Блакітнавокі малыш.
блакі́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць блакітнага. Якое шкло! Такое празрыстае, з ледзь-ледзь прыкметнай блакітнасцю! М. Ткачоў.
блакі́тнець, ‑ее; незак.
Станавіцца блакітным, набываць блакітны колер. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. Караткевіч.
блакі́тніца, ‑ы, ж.
Птушка атрада вераб’іных з рознакаляровай афарбоўкай пер’я.
блакі́тны, ‑ая, ‑ае.
Светла-сіні; колеру яснага чыстага неба. Паўночную частку Беларусі нездарма называюць краем блакітных азёр. В. Вольскі. Цікавыя былі .. [Гарасімавы] вочы, блакітныя, як у дзіцяці. Чарнышэвіч.