Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

блазно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

Разм.

1. Тое, што і блазан (у 1 знач.); малакасос. Дзіва што: ён жа ўжо не якая блазнота і яму смела можна даручыць такую важную справу! Якімовіч. [Гарашчэня:] — Малако матчына па губах не абсохла. Ай, блазнота! Гурскі. // зб. Малеча, драбяза (пра дзяцей). Ды смех пачуецца блазноты: Вясне так рады малышы. Колас.

2. Дураслівасць. Прафесар бачыў у паводзінах Сымонкі не зласлівасць і не простую дзіцячую блазноту. Кавалёў.

блазню́к, ‑а, м.

Разм. Тое, што і блазан (у 1, 2 знач.). Люба ведала, што Ігнась не маленькі ўжо, не блазнюк. Мурашка. Тады .. [Генька] быў яшчэ блазнюк, дзіця. Паслядовіч. Аляксею таксама было смешна, але ён стрымліваў сябе, каб не быць падобным на гэтых несур’ёзных блазнюкоў. Шамякін.

блазнюкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Які любіць блазнаваць; блазан (у 2 знач.). Не так ужо заўсёды і смешна бывала, што ён гаворыць ці вычварае, гэты няўрымслівы, блазнюкаваты дзяцюк. Брыль.

2. Уласцівы блазнюку (у 2 знач.); поўны блазенства. Потым, спаткаўшыся з яго [Карніцкага] нейкім блазнюкаватым позіркам вачэй, [дзяжурны] усхапіўся з-за стала, залямантаваў на ўвесь пакой. Паслядовіч.

блазню́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм. Жан. да блазнюк.

блака́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Акружэнне горада, крэпасці, войск і інш. войскамі праціўніка з мэтай адрэзаць іх ад навакольнага свету і прымусіць здацца. Наступленне Савецкай Арміі апярэдзіла новую блакаду Налібоцкай пушчы. Брыль.

2. Сістэма мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю якой‑н. дзяржавы з тым, каб прымусіць яе выканаць пэўныя патрабаванні або адмовіцца ад дзяржаўнай самастойнасці. Эканамічная блакада. Фінансавая блакада.

3. Выключэнне функцыі якога‑н. органа або сістэмы арганізма. Новакаінавая блакада.

[Англ. blockade.]

блака́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да блакады; які мае месца ў час блакады. Блакадная зіма. Блакадныя баі. □ У цяжкім блакадным жыцці.. [Карп] на ўсё глядзеў па-гаспадарску, клапаціўся аб кожнай рэчы, якая магла спатрэбіцца ў далейшым. Шамякін.

блакга́уз, ‑а, м.

Палявое ўмацаванне (першапачаткова з бярвення) з байніцамі, якое прыстасавана для самастойнай кругавой абароны невялікага вайсковага падраздзялення.

[Ням. Blockhaus.]

блакірава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. блакіраваць і блакіравацца ​1.

блакірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад блакіраваць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў блакадзе, ахоплены блакадай. Блакіраваны горад.

блакірава́цца 1, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак. і незак.

Уступіць (уступаць) у блок ​2.

блакірава́цца 2, ‑руецца; незак.

Зал. да блакіраваць.