Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бла́жыць, безас. незак.

Разм. Пра стан млоснасці, моташнасці. Ад гары і чад у яго [Выжлятніка] пачынала блажыць; мітусілася ўваччу. Пташнікаў. Было горка, пагана ў роце: ад «Паміру» ледзь не блажыла. М. Стральцоў.

блажэ́нны, ‑ая, ‑ае.

Дзівакаваты, юродзівы (пра некаторых святых). Блажэнны Аўгусцін.

блажэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Разм.

1. Худзець, марнець.

2. Станавіцца дрэнным, благім; псавацца.

бла́зан і бла́зен, ‑зна, м.

Разм.

1. Пра непаўналетняга чалавека, хлапчука; блазнюк. [Старшыня:] — І хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслуж[а]нае імя няславіў і аўтарытэт падрываў? Быкаў.

2. Малады чалавек несур’ёзных паводзін. — Эт, блазан, ды і толькі! — абсек Дразда злосны Косця і пайшоў па вуліцы. Карпюк. // Той, хто сваімі паводзінамі любіць пацяшаць другіх. [Маша Славіку:] — Блазен! Калі-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкі. Шамякін.

3. Уст. Асоба пры двары манарха ці феадала, якая павінна была весяліць гаспадара і гасцей. Покуль размову вялі яны з панам, блазан у бубен парнуў нечакана. Дубоўка.

бла́зенскі, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Уласцівы блазну. Блазенскія выбрыкі. □ Пракаповіч ведаў, што Валодзьку адсюль не выкурыш, бо вельмі падабалася яму гэтая блазенская гульня з гаспадаром. Радкевіч.

2. Поўны блазенства; несур’ёзны. Другі — белабрысы, доўгі, што стаяў бліжэй да мяне.. напусціў на твар прытворна-ўважлівы, блазенскі выраз. М. Стральцоў. Калі плытагон выходзіць у сплаў, дарога абяцае яму сустрэчы... Яны то радасныя, з сакавітымі кпінамі і блазенскім рогатам, то гаркава-маўклівыя. Карамазаў.

бла́зенства, ‑а, н.

Разм. Паводзіны, учынкі блазна (у 2 знач.); блазнаванне, крыўлянне. За нязграбнымі жартамі Гаранькі хавалася нешта большае, чымся простае блазенства. Савіцкі. Шыковіч.. штосьці вельмі важнае ўпусціў, недагледзеў у выхаваны сына, не падаючы сур’ёзнага значэння яго стыляжніцтву, блазенству. Дзюбайла.

блазнава́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. блазнаваць.

блазнава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Крыху, злёгку блазенскі. Блазнаватыя кепікі. Блазнаватая ўсмешка.

2. Тое, што і дурнаваты. От ужо і хлопцы якія павырасталі, а .. [Праксэда] ўсё глядзіць на свайго Мікодыма, як на блазнаватага. Сабаленка.

блазнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.

Разм. Тое, што і блазнаваць. [Таня:] — Прытрымай язык, Максім, і не блазнуйся. Машара. — Што вы, цётачка! — ад шчасця блазнавалася.. [Зося]. Карпаў.

блазнава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.

Разм. Строіць з сябе блазна (у 2 знач.), дурэць; гаварыць глупствы, недарэчна жартаваць. Ад таго, што на іх ніхто не глядзеў, у Мікалая з Іванам адпала ахвота блазнаваць. Карпюк.