бласлаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да блаславіць.
бла́стула, ‑ы, ж.
Стадыя развіцця зародка мнагаклетачных жывёльных арганізмаў, якая завяршае працэс драблення яйца.
[Ад грэч. blastē, blastos — расток.]
блат, ‑у, М блаце, м.
Разм. пагард. Знаёмствы, сувязі, якія можна выкарыстаць у асабістых інтарэсах. Блат — зладзеям і жулікам кум, сват і брат. Прымаўка.
блатма́йстар, ‑тра, м.
Разм. пагард. Чалавек, які вельмі ўмела карыстаецца блатам. [Жлукта:] Таварышы, я зусім не хачу, каб пра мяне гаварылі, што я блатмайстар які-небудзь. Крапіва.
блатны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае дачыненне да свету злачынцаў. А калі ехалі [шафёр і лейтэнант] праз суткі назад, усю дарогу [шафёр] расказваў блатныя гісторыі. Мехаў.
2. у знач. наз. блатны́, ‑ога, м. Беспрытульны, які не мае пэўнага грамадска карыснага занятку, а жыве дробным крадзяжом; блатняк. Апанас Кныш звязаўся з шайкай блатных. Нядзведскі.
блатня́к, ‑а, м.
Разм. пагард. Тое, што і блатны (у 2 знач.). [Генька] гадаваўся ў дзетдоме: зімою жыў на месцы.. А летам ездзіў з блатнякамі па свеце. Кулакоўскі.
блатня́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да блатнякоў. Блатняцкі жаргон.
блашчы́ца, ‑ы, ж.
Абл. Клоп. У пакоі пахла састаялаю духатою, сухою раструшчанаю вапнаю і блашчыцамі. Скрыган. Сядзіць, як блашчыца ў шчыліне. Прымаўка.
бледнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху, злёгку бледны. Выходзіць Калюжны, рашучы, Спакойны, крыху бледнаваты. Колас. Праз акно, завешанае фіранкай, цадзілася бледнаватае святло месяца. Хадановіч.
бле́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бледнага. Нездаровая бледнасць залівала ўвесь твар. Хведаровіч. [Слабасць канфлікту] звычайна цягне за сабой.. схематызм і бледнасць у паказе дзеючых асоб. «ЛіМ».