бледнатва́ры, ‑ая, ‑ае.
1. З бледным тварам. Высокі і тонкі, як жэрдка, бледнатвары юнак нясмела падышоў да стала. Хведаровіч.
2. Назва чалавека белай расы (у індзейцаў).
бле́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Без натуральнага румянцу; бяскроўны. Госць быў увесь бледны ад хвалявання. Бядуля. Твар.. [маці] незвычайна бледны, змораны. Якімовіч.
2. Афарбаваны ў светлы, няяркі колер. Стомленыя вочы падслепавата жмурыліся на бледную палоску блізкага світанку. Лынькоў. Кіламетры два мы плылі непраходным купчастым балотам, на якім раслі тоненькія бярозкі і бледныя асіны. Бядуля. // Слабы, няяркі. Бледнае святло фары няярка асвятляла дарогу. Краўчанка. // Які свеціць няяркім святлом. Па-асенняму бледнае сонца асвятляла вёску. Хадкевіч. Па спалавеламу небу рассыпаліся бледныя зоры. Алешка.
3. перан. Нецікавы, бедны, няяркі. Бледныя вобразы. Бледная мова. □ На бледным фоне местачковай штодзённасці праявы рыжскага рабочага жыцця выступалі багатымі яскравымі прасветамі. Гартны.
4. Як састаўная частка некаторых батанічных і інш. назваў. Бледная паганка. Бледная немач.
бле́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не.
Тое, што і блякнуць.
бленарэ́я, ‑і, ж.
Гнойнае запаленне слізістай тканкі вачэй.
блеф, ‑у, м.
Выдумка, падман з мэтай выхвалення або запалохвання (ад назвы прыёму картачнай гульні ў покер).
[Англ. bluff.]
бле́шня, ‑і, ж.
Тое, што і блясна. Блешня закідваецца ззаду лодкі на дно. Матрунёнак.
блёкат, ‑у, М ‑каце, м.
Ядавітая расліна сямейства паслёнавых з шырокімі лістамі і жоўтымі кветкамі; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Пад платамі вырасла густая і высокая крапіва, а за імі шыракалісты зялёны блёкат. Галавач.
•••
Блёкату аб’есціся гл. аб’есціся.
блёкатавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да блёкату. Блёкатавы ліст. // Які здабываецца з блёкату. Блёкатавы алей.