штос, ‑а, м.
1. Старадаўняя азартная картачная гульня.
2. Спец. Адзін з прыёмаў у фехтаванні.
[Ням. Stoß.]
штосі́лы, прысл.
З усёй сілы, на поўную сілу. Сагнуўшыся, увабраўшы галаву ў плечы, Вася штосілы сігануў да варот. Навуменка. Воўк завыў ад болю і схаваўся пад вадой, але праз міг вынырнуў і штосілы паплыў назад. Краўчанка.
штосу́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца кожныя суткі. Штосутачнае вымярэнне ўзроўню вады.
штось 1, чагось, чамусь, штось, чымсь, аб чымсь, займ. неазначальны.
Тое, што і штосьці 1. Вусны.. [Джуліі], не перастаючы, шапталі штось незразумелае, іншамоўнае, але Іван і без таго адчуваў усё. Быкаў. — Ну, маладзіца, прысядзь трохі: маю штось у цябе запытаць, — лагодненька пачынае Гудзілка. Колас.
штось 2, прысл.
Тое, што і штосьці 2. Штось пад канец сваволіць сэрца, Прыступак пяць бы тут [на лесвіцы] адняць. Прыходзька. Як відаць, .. [сабака] не выспаўся або так штось заленаваўся. Колас.
што́сьці 1, чагосьці, чамусьці, штосьці, чымсьці, аб чымсьці, займ. неазначальны.
Нейкі, невядома які прадмет, нейкая з’ява і пад.; нешта. [Банадысь] нешта яшчэ кешкаўся на таку, стукаў.. па чымсьці драўляным і пустым. Чорны. Адчувалася, што Уладзіміру ёсць пра што расказаць і, відаць, штосьці яго стрымлівае. Кавалёў.
што́сьці 2, прысл.
Невядома чаму, невядома з якой прычыны; чамусьці. Не ездзіцца штосьці сёння Віцю на веласіпедзе. Васілёнак. У гэты час Марына штосьці бразгала пасудаю і ўвіхалася з самаварам. Гартны.
штоты́дзень, прысл.
Кожны тыдзень; на кожным тыдні. Газета [насценная] выходзіла штотыдзень, і выпускалі яе мы ўдвух з Каробкам Паўлам. Навуменка. Прыклаўшы натруджаную далонь да шчакі, подбегам ішла яна за сынам і ўсё паказвала, каб з выплаты купіў сабе боты, .. каб штотыдзень адпісваў ёй пісьмы. Мехаў.
штотыднёвік, ‑а, м.
Перыядычнае выданне, якое выходзіць раз на тыдзень. Штотыднёвік «Літаратура і мастацтва».
штотыднёвы, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца, праводзіцца і пад. кожны тыдзень. [Адам:] На нашым абавязку ляжыць складанне штотыднёвых справаздач спецыяльна па дыверсіях. Лынькоў. // Які выходзіць, выдаецца раз у тыдзень. Штотыднёвая газета.
штоф 1, ‑а, м.
1. Старая руская мера вадкасцей (звычайна віна, гарэлкі), роўная 1/10 вядра; вадкасць такога аб’ёму.
2. Шкляная чатырохгранная пасудзіна з кароткім рыльцам, якая змяшчае такую колькасць вадкасці. Пан Даніла сустрэў яго [маладога], седзячы за сталом, на якім стаяў дзьмуты зялёны штоф. Караткевіч.
[Ням. Stauf.]
штоф 2, ‑у, м.
Шчыльная, цяжкая шарсцяная або шаўковая тканіна з буйным тканым узорам, якая ідзе на абіўку мэблі, на парцьеры і пад.
[Ням. Stoff.]
што́фны 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штофа 1. Штофная бутля.
што́фны 2, ‑ая, ‑ае.
Выраблены са штофу 2; абабіты, абцягнуты штофам. Штофная парцьера. Штофная канапа. Штофнае крэсла.