шляхаправо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Мост, прызначаны для пракладкі адной сухапутнай дарогі над другой пры іх перакрыжаванні.
шляхе́тнасць, ‑і, ж.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — прыналежнасць да дваранскага саслоўя. [Маслянка:] — Пан працуе толькі ў белых пальчатках. Брудныя справы пану не па густу. Шляхетнасць не дазваляе, арыстакратычнасць паходжання... Машара.
2. Уст. Уласцівасць і якасць шляхетнага (у 2 знач.). Да шляхты Саўка не меў дачынення, ён нават не быў католікам, і Шляхцюк было не прозвішча, а мянушка за яго схільнасць да шляхетнасці, да вонкавай фанабэрыі дома і на людзях. Хадкевіч. // Выхаванасць, уменне трымаць сябе ў людзях. Садзяцца госці, ды не зразу, За стол не лезуць для паказу, Бо так шляхетнасць вымагае. Колас.
шляхе́тны, ‑ая, ‑ае.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — дваранскі, дваранскага паходжання. Апанас Сажалка, малады ў той час прадзед Міхася Сажалкі, лепшага друга і памочніка Сапегі, не зважаючы на свой шляхетны род, любіў бадзяцца з простымі валачобнікамі. Паслядовіч.
2. Уст. Знешне вытанчаны, высакародны, з вялікім пачуццём годнасці. Шляхетны тон. □ За ўсіх адказаў Змітрок Барташэвіч, саракагадовы халасцяк са шляхетнымі манерамі. Б. Стральцоў. // Які адпавядае існуючым нормам маралі. І не прыйшоў напэўна з тае прычыны, што падлоўчы не лічыў шляхетным пасылаць сына, не пабачыўшыся і не перагаварыўшы з настаўнікам, бо ён тут чалавек новы, незнаёмы. Колас. // Выхаваны, сумленны, высакародны. Шляхетная дзяўчына.
шляхе́цкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шляхецтва, шляхты, належыць ёй. Шляхецкі род. Шляхецкае саслоўе. □ Надышоў час, калі ён, скончыўшы ветэрынарны інстытут, вярнуўся ў свой фальварак. Тады з’ехалася ўся радня, якая толькі была ў шляхецкай акрузе, і вырашыла, што Казімір павінен жаніцца. Пестрак. // Уласцівы шляхце, шляхецтву. Шляхецкі гонар.
[Польск. szlachecki.]
шляхе́цтва, ‑а, н.
1. Тое, што і шляхта. Не толькі ў Віркуцці, але і шмат па якіх маёнтках акупаванага Палесся ладзілі паны пышныя банкеты польскаму афіцэрству. Польскае шляхецтва перажывала мядовы месяц адраджэння свае дзяржаўнасці, зварот да жыцця, здзяйсненне гадаваных вякамі надзей. Колас. // Прыналежнасць да шляхты. [Сяргей:] — Эх, Васіль! Шляхецтва гэтае і бацькоў нашых атруціла і ў нас атруты ўліло... Чарнышэвіч.
2. Назва дваранства, пашыраная ў Расіі першай паловы 18 ст.
[Польск. szlachectwo.]
шляхе́чы, ‑ая, ‑ае.
Які належыць шляхце; у якім жыве шляхта. [Вінцэнты] першы павёў вёску на панскую зямлю і шляхечыя хутары. Чорны. [Чалавек:] — Няхлюда, табе толькі анучы на шляхечых засценках збіраць! — і вырваў з рук у Цітка лейцы. Лобан.
шля́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.
Гіст. Прывілеяванае саслоўе — дробнапамеснае дваранства — у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 — пачатку 20 стст. Паходзілі.. чыноўнікі з асяроддзя заняпалай шляхты. Машара. У Польшчы шляхта мела больш правоў над сялянствам, і прыгоннае права ў ёй адчувалася мацней і праводзілася ў больш жорсткіх формах, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Беларусь». // зб. Шляхцічы. Хадзіў.. [Лапінка да баптыстаў] часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Брыль. Успомнілася і тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лідзінай маткі, як прагнала мяне, мужыка, ганарлівая шляхта. Ваданосаў. Сябры баявыя разгрукалі шляхту Пад Аўгустовам і Гроднам. Панчанка.
[Польск. szlachta з стараж.-верхненям. slahta — род, парода.]
шляхту́н, ‑а, м.
Разм. пагард. Шляхціц. Не паспеў Абрам распачаць гутарку з Сцяпанам, як у майстэрню з разбегу ўляцеў нейкі шляхтун, год за трыццаць. Пестрак.
шля́хціц, ‑а, м.
Гіст. Польскі дробнапамесны дваранін. Глынскі быў шляхціц і хоць чым-небудзь імкнуўся адрознівацца ад простага мужыка. Колас. Зямля на Павеках была прададзена багатаму шляхціцу, які шмат гадоў арандаваў княжацкі маёнтак. Чарот.
[Польск. szlachcic.]
шляхцю́к, ‑а, м.
Разм. Тое, што і шляхціц. Зіна раптам адчула, што вось зараз яна яшчэ больш нагаворыць гэтаму шляхцюку, калі толькі ён пачне даказваць сваё. Кулакоўскі. — Цікавы гэты чалавек, Асмалоўскі, — гаварыў тым часам Ярмоленка. — Гэта, браце, Сяргей, з былых шляхцюкоў. Сіўцоў.