ця́жкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую вагу, з грузам вялікай вагі. Калун быў вялікі і цяжкі. Якімовіч. Адна ідзе старая Аксіння. Адна са сваімі ціхімі думамі і цяжкім мехам травы за спінай. Ракітны. / Аб прадметах большай вагі, аб’ёму, як звычайна. Цяжкія кроплі. Цяжкія каласы. □ [Кацярына] ціха плакала. Цяжкія слёзы каціліся адна за другой па твары. Васілевіч. Усе яны анямелі, здаецца, перасталі дыхаць, у каго скацілася, у каго толькі набегла цяжкая мужчынская сляза. Янкоўскі. // Які пакідае ўражанне вялікай вагі, цяжкасці (буйнымі памерамі, цёмным колерам, характарам прапорцый). Цяжкія хмары. □ Неба чорнае, цяжкае і таксама мёртвае. Гамолка.

2. Вялікі, грузны (пра чалавека, жывёлу). Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. // Масіўны, грувасткі, вялікі (пра пабудовы, мэблю і пад.). Страшны замак, цяжкі, грозны. Пара вежаў, як адна. Колас. Хтосьці барабаніў рукамі па раялі, хто трымаў партрэты польскіх каралёў у цяжкіх залачоных рамах, а хто калом вокны павыбіваў. Бядуля.

3. Пазбаўлены лёгкасці, прыгажосці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.). [Ян] пайшоў да дзвярэй цяжкай хадой стомленага чалавека. Чарнышэвіч. [Лукаш] ішоў ззаду ўсіх сваёй цяжкаю паходкай. Сабаленка. // Пазбаўлены тонкасці, прыгажосці, занадта пышны ці грувасткі, нязграбны. Цяжкі стыль. Цяжкі пераклад.

4. Які патрабуе вялікай працы, энергіі, сіл, напружання для ажыццяўлення, разумення і пад. Шлях быў цяжкі наш і доўгі, Гартаваны ў барацьбе. Астрэйка. Усё прыходзіла з гадамі, Набыта цяжкаю цаной: Ад неўсвядомленага «ма-ма» Да бессмяротнага «За мной!» Жычка.

5. Які пераадольваецца з цяжкасцю; абцяжараны, з турботамі. Суцяшаў, суцяшаў дзед [Міколку], але ад цяжкага жыцця захварэў, злёг. Лынькоў. Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Брыль. // Разм. Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню, уздзеянню. [Вера Мікалаеўна:] — Не згодна я. Няма цяжкіх дзяцей! «Звязда». // Які звязаны з хваравітымі адчуваннямі, болем. У .. [Марыны Архіпаўны] былі вельмі цяжкія роды. Шамякін. // Вельмі сур’ёзны, небяспечны (пра хваробу ці стан хваравітасці). Аляксея Шыраева даставілі ў Рэчыцу, у спецыяльны санаторый, у вельмі цяжкім стане. «Беларусь».

6. Сумны, змрочны, пануры. А з мястэчка партызаны неслі цяжкую навіну. Паўлаў. // Які выражае змрочнасць, суровасць, панурасць. Андрэй цяжкім позіркам акінуў сястру. Чарнышэвіч. Паліцай адарваўся ад дакумента, цяжкім позіркам укалоў Сцяпана. Шыцік.

7. Вельмі густы, моцны, непрыемны (пра паветра, пах і пад.). Паветра вельмі цяжкае, душыць, няма дзе дзецца... Бядуля. Кіслы, цяжкі дух сустрэў Якуба, калі ён пераступіў парог свае хаты. Крапіва.

8. Які мае вялікія габарыты і магутную зброю. Супраць крэпасці было выстаўлена дзевяць лёгкіх і тры цяжкія артылерыйскія батарэі 45‑й дывізіі. «Беларусь». // Які вырабляе машыны вялікай магутнасці і вялікіх габарытаў. Цяжкае машынабудаванне.

9. Змрочны, невясёлы, сумны. Цяжкія думкі перабіў скрып варот у гумне і моцны смех. Васілевіч. [Жонка] варочалася з боку на бок, накрываючыся з галавою, нібы хаваючыся пад коўдру не толькі ад Вацікавага храпення, а і ад цяжкіх думак. Марціновіч. // Непрыемны, нязручны. Дзяўчына адвярнулася і хутка пайшла назад, нібы ўцякаючы ад гэтага месца. Уражанне было вельмі цяжкае. Маўр. Ведала [Ганна]: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Мележ.

10. Навіслы, змрочны. Цяжкая хмара была ўжо зусім блізка. Гамолка. // перан. Які цісне, маральна ўшчамляе. Словы паліцыянта, здавалася, былі цяжкія, як волава. Сабаленка.

11. Моцны, вялікі, глыбокі; які з цяжкасцю праходзіць, адбываецца, утвараецца, звязаны з непрыемнымі фізічнымі адчуваннямі. Цяжкае гора. Цяжкі сон. □ І, выдых хаваючы цяжкі, Карэнні хаваюцца ўглыб. Гаўрусёў.

•••

Цяжкая атлетыка гл. атлетыка.

Цяжкая вада гл. вада.

Цяжкая кавалерыя гл. кавалерыя.

Цяжкая прамысловасць гл. прамысловасць.

Цяжкія металы гл. метал.

Цяжкая рука; цяжкі на руку гл. рука.

Цяжкі на пад’ём — а) пра чалавека, якога цяжка ўгаварыць куды‑н. пайсці, паехаць і пад.; б) пра таго, хто з неахвотай прымаецца за што‑н., ідзе на што‑н.

Цяжкі хлеб гл. хлеб.

цяжкі́, ‑а́я, ‑о́е.

Тое, што і ця́жкі. [Чарнавус:] Дапамажыце выйсці з цяжкога становішча, у якое я трапіў з нечае ласкі. Крапіва. Наперадзе будзе цяжкое спатканне... Дубоўка. Паслухаць бы драздоў свістанне У час ружовага світання, Калі цяжкі мядзведзь з бярлогі Высоўвае на сонца нос. Панчанка. Дзецям ногі баляць, іх стамляе дарога цяжкая. Куляшоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай 2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ззяць 1 ’быць адкрытым (пра адтуліну)’. Рус. зия́ть, укр. зя́яти, зія́ти ’тс’; польск. ziać ’цяжка дыхаць’, ’ззяць’, чэш. zeti, záti ’ззяць, глядзець’, славац. ziať ’ззяць, адкрыць рот (пра жывёл)’, славен. zijáti ’трымаць рот адкрытым, крычаць’, серб.-харв. зѝјати ’тупа глядзець, пазяхаць’, ’мець вялікую адтуліну’, балг. зѐя ’быць адкрытым (аб дзвярах, труне, ране)’, макед. зјае ’быць адкрытым’. Ст.-слав. зиꙗти. Ст.-рус. зияти ’раскрывацца; раскрываць вусны’. Прасл. zьj‑a‑ti < zĭi̯‑a‑, адна з умлаўтных форм і.-е *gʼhei‑ ’быць пустым’, літ. žióti ’раскрываць рот’, лат. žavât ’тс’, ст.-інд. vi‑haya ’пустата’, лац. hio, ст.-в.-ням. geinōn, ginen ’ззяю’, грэч. χαίνω, χάσκω ’ззяю, пазяхаю’. Фасмер, 2, 98; Шанскі 2, З, 93; БЕР, 1, 638; Скок, 3, 656; Махэк₂, 711; Траўтман, 368; Покарны I, 419 (без слав. прыкладаў). Гл. зяваць.

Ззяць 2 ’ярка свяціць’. Рус. сия́ть, перм., вят., свярдл., табол., том. зьять, зья́яти, зия́ть, укр. ся́яти, ся́ти ’тс’, славен. sijati, серб.-харв. сѝјати, sjȁti, балг. сия́я. Ст.-слав. сиꙗти. Ст.-рус. сияти. Бел. (і рус. дыял.) форма мае звонкае з замест этымалагічнага c, верагодна, пад уплывам ззяць 1, у выніку кантамінацыі (’быць адкрытым’ ’свяціць’). Параўн. зіхацець і зяхаць. Прасл. sьjati < sĭi̯‑a‑ належыць, відавочна, да і.-е. *skʼĩ‑ (і інш.) ’ясны; цень’, адкуль і sěnь (гл. сенцы); лат. seja ’цень, адлюстраванне, твар’ (?), гоц. skeirs ’ясны’, skeinan ’свяціць, блішчаць’, ням. scheinen ’тс’, ст.-грэч. σκιά ’цень’. Фасмер, 3, 629–630; Саднік-Айцэтмюлер, Handwört., 300; Скок, 247–248; Траўтман, 304; Мюленбах-Эндзелін, 3, 96; Покарны, 1, 917–918.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спары́ш 1 ‘два спараныя прадметы (пра плады, расліны і пад., якія зрасліся)’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв., Рам., 8, Жыв. сл., Сл. ПЗБ), ‘дзве-тры баразны бульбы (часцей пры мяжы), недастаткова аддаленыя адна ад другой, каб зрабіць радкі’ (Лекс. і грам., 15; Сцяшк.), ‘гліняныя гаршчочкі, злучаныя разам’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.; Сцяшк.), спарышы́ ‘зросткі (агуркоў)’ (Мат. Гом.), спары́шка ‘спараныя каласкі, дрэвы, агуркі і інш.’ (Сл. ПЗБ). Рус. споры́шка ‘арэх-двайчатка’, спорина́ ‘тс’. Да спор 1, споры (гл.). З ад’ідэацыяй да па́ра 2 (гл.), параўн. спарыкова́ць ‘аб’яднаць разам, злучыць’ (ТС).

Спары́ш 2 ‘аднагадовая расліна сямейства драсёнавых’ (ТСБМ), спары́шнік ‘расліна драсён, Polygonum L.’ (Кіс., Касп., ТСБМ), ‘канюшына раллявая, Trifolium arvense’ (Кіс.). Укр. спори́ш, рус. споры́ш ‘расліна Polygonum aviculare’, польск. sporysz ‘тс’, в.-луж. sporušk, н.-луж. spóriš ‘вярбена’, чэш., славац. sporyš ‘вярбена’, серб.-харв. спорѝш ‘крываўнік, Axillea L.’, славен. sporíš ‘вярбена’, балг. споре́ш ‘крываўнік’. Прасл. *sporyšъ, гл. спор 1, споры; абазначала расліны, якія маюць вялікую колькасць насення або даюць вялікі прырост. Гл. Міклашыч, 318; Фасмер, 3, 738; Махэк₂, 571; Бязлай, 3, 300; Шустар-Шэўц, 1343; ЕСУМ, 5, 380.

Спары́ш 3 ‘спарыння’ (Выг.; нараўл., Сл. ПЗБ). Гл. спарыння.

Спары́ш 4 ‘міфічная істота ў выглядзе чорта ці птушкі, што прыносіць багацце або садзейнічае чараўнікам’ (Суднік, Диалекты, 199; кам., Жыв. НС), спарышка: taki klicz abo dumka (ад згадвання якіх справы папраўляюцца) (Пятк. 2). Да спор 1 ‘прыбытак, удача, поспех’. Адносна семантыкі гл. Валодзіна, Бел. міф.₂, 485–486.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

конь, каня́; мн. ко́ні (з ліч. 2, 3, 4 кані́), ‑ей; м.

1. Буйная свойская аднакапытная жывёліна, якая выкарыстоўваецца для перавозкі людзей і грузаў, а таксама для верхавой язды. Запрагаць каня. Верхавы конь. Ехаць на кані. // Пакладаны самец гэтай жывёліны.

2. Шахматная фігура з галавой каня. Хадзіць канём.

3. Абабіты скурай брус на чатырох ножках для гімнастычных практыкаванняў. Практыкаванні на кані.

•••

Арабскі конь — адна з лепшых парод верхавых коней.

Быў конь, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).

На кані і пад канём — у самых разнастайных, прыемных і непрыемных сітуацыях (быць, пабываць і пад.).

Ні па кані, ні па аглоблях — не так, як хацелася (выйшла, атрымалася і пад.).

Па конях! — кавалерыйская каманда для пасадкі на коней.

Траянскі конь — ашуканства, падманныя дзеянні (са старажытнагрэчаскага падання аб узяцці Троі з дапамогай вялікага драўлянага каня, у сярэдзіне якога былі схаваны воіны).

Ход канём гл. ход.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.

1. Правесці якую‑н. гульню, пагуляць у што‑н. Згуляць у хованкі. Згуляць у гарадкі. Згуляць у валейбол. Згуляць у лато. / што. Аб правядзенні партыі ў якой‑н. гульні або часткі гульні. Згуляць партыю ў шахматы.

2. што. Наладзіць, справіць што‑н. Згуляць вяселле. □ Каласы адспявалі, Іх пажалі, сабралі, Бараду завязалі Ды дажынкі згулялі. Броўка. // Разм. Пратанцаваць, станцаваць (танец). — А ўчора на танцах.. адна нішто сабе была, — сказаў Картыжоў. — Згуляў я з ёю пару танцаў. Чыгрынаў.

3. (звычайна з адмоўем). Разм. Страціць які‑н. час дарэмна; прагуляць. Каваль быў працавіты чалавек, ён не мог згуляць ані хвіліны. Чорны. Усю зіму на конях, на трактары, якому Заранка не давала згуляць ні хвіліны, вазілі на поле гной, тралявалі з балота торф. Сабаленка. // Застацца незасеяным (пра поле, ніву). — Не бойся: людзі не сядзяць, Зямля не будзе нас чакаць, Не запустуе, не згуляе! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́ць, ‑стане; ‑станем, ‑станеце; ‑стануць; зак.

1. Стаць у нейкім парадку, на нейкім месцы — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Пастаць у рад. □ Браты пасталі па абодва бакі, пачалі мыць рукі. Лобан. Салдаты пасталі паўкругам каля прамоўцы. Грахоўскі. З бакоў шарэнгай роўнай пасталі камяніцы... Аўрамчык.

2. Спыніцца — пра ўсіх, многіх. Убачыўшы Машу яшчэ каля сасонніку, .. [жанчыны] ўсе, як адна, пасталі і .. глядзелі на яе. Шамякін.

3. Ужываецца ў складзе выказніка ў значэнне зрабіцца кім‑н. або якім‑н. — пра ўсіх, многіх. А потым, калі .. ўсталявалася, аціхла — Радчукі зноў леснікамі пасталі. Сачанка. Вайна толькі паскідала наноснае, людзі пасталі самі сабой. Карпюк.

4. Узяцца за нейкую справу, распачаць работу ў стаячым становішчы — пра ўсіх, многіх. Тыя, якія раней за іншых адвязаліся ад сваіх парашутаў без усялякай каманды, механічна, пасталі з аўтаматамі на варту. Чорны.

5. Утварыцца, узнікнуць у вялікай колькасці. Азёры пастануць у лагчынах за адну гадзіну — такія спорныя былі тады дажджы. Калюга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацяру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.

1. Пацёртае сена, салома, тытунь і пад. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху. Чорны. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На дашчанай падлозе каля сцен .. паслана салома. Праўда, гэтая падсцілка была некалі саломаю. Цяпер гэта звычайная пацяруха. Якімовіч. Вецер выдзьмухваў з паперкі махорачную пацяруху. Быкаў. // Дробныя сыпкія рэшткі чаго‑н. Жаласна звінелі шыбы ў высокіх вокнах, і з люстры, з-пад столі, пасыпаліся струменьчыкі не то пылу, не то нейкай пацярухі. Лынькоў. // Пра сухі дробны снег. Шархаціць сухая снежная пацяруха на разгалістых елках, сцелецца злой пазёмкай па зямлі. Лынькоў. Вецер збірае ля кустоў гурбы снегу, б’е ў твар снежнай пацярухай. Дадзіёмаў.

2. перан. Разм. Што‑н. дробязнае, не вартае ўвагі. Кожны вечар я крукам праседжваю над арыгіналамі, выграбаючы з іх, як той дворнік, розную пацяруху. Сабаленка. [Кузьма:] — А тваё бандарства, браток, — драбяза, пацяруха адна. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пост ​1, паста, м.

1. Месца, з якога можна пазіраць за кім‑, чым‑н. ці ахоўваць каго‑, што‑н. Баявы пост. □ Каля ўмоўленага месца .. [Вася] спыніўся са здзіўленнем: на пасту не было вартавога. Шчарбатаў.

2. Адна асоба або некалькі, пастаўленыя для аховы чаго‑н., назірання за чым‑н. На перакрыжаваннях вуліц скрозь будаваліся доты і дзоты або выстаўляліся ўзброеныя пасты. Якімовіч. Толькі на ўскраіне.. [людзей] спыніў паліцэйскі пост. Новікаў.

3. Адказная пасада. На высокім пасту [дэпутата] ён аказаўся, сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч.

•••

На пасту — пры выкананні службовых абавязкаў (знаходзіцца, загінуць і пад.).

пост ​2, ‑у, М посце, м.

Устрыманне ад скаромнай ежы, згодна з царкоўным законам. // Перыяд такога ўстрымання. [Такароўцы] святкавалі ўсе святы, пасцілі ўсе пасты. Бядуля. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і валіцца на месцы. Васілевіч. // перан. Разм. Устрыманне ад чаго‑н. наогул.

•••

Вялікі пост — сямітыднёвы пост перад вялікаднем.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сапра́ўдны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адпавядае рэчаіснасці, існуе сапраўды; рэальны. — Мусіць, зіма сапраўдная ляжа, — з выглядам знаўцы сказаў Коля. Якімовіч. // Аўтэнтычны, праўдзівы, не фальшывы. Нікому, нават самым блізкім сябрам сваім,.. [Іван] не гаварыў сапраўднага імя і прозвішча. Новікаў. Да руля быў прымацаваны званок, самы сапраўдны званок! Арабей.

2. Які адпавядае нашым уяўленням пра каго‑, што‑н.: такі, які павінен быць; ідэальны. Не знайсці нічога ў свеце Прыгажэй сапраўднай дружбы. Ні адна не мае мова Слова лепшага, чым «друг». Панчанка. Зразу пайшоў на работу хлапчына. Ён працаваў як сапраўдны мужчына. Дубоўка. Няўжо.. [Лакота] не можа знайсці сабе — хай не зусім поўнага, хай палавіннага, але сапраўднага чалавечага шчасця? Зарэцкі. А месца там — сапраўдны курорт! Чарнышэвіч.

3. Такі самы, падобны на каго‑, што‑н. Трэба кнігу, сапраўдную кнігу стварыць, Трэба вывесці ў свет немаўля-чалавека. Свірка.

4. Які захоўвае сваю сілу, дзейнічае. Білет сапраўдны на трое сутак.

•••

Сапраўдны лік гл. лік ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)