пацяру́ха, ‑і, ДМ ‑русе, ж.

1. Пацёртае сена, салома, тытунь і пад. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху. Чорны. Лявон сярдзіта варушыцца ў сене: сухая пацяруха сыплецца за шыю. Сачанка. На дашчанай падлозе каля сцен .. паслана салома. Праўда, гэтая падсцілка была некалі саломаю. Цяпер гэта звычайная пацяруха. Якімовіч. Вецер выдзьмухваў з паперкі махорачную пацяруху. Быкаў. // Дробныя сыпкія рэшткі чаго‑н. Жаласна звінелі шыбы ў высокіх вокнах, і з люстры, з-пад столі, пасыпаліся струменьчыкі не то пылу, не то нейкай пацярухі. Лынькоў. // Пра сухі дробны снег. Шархаціць сухая снежная пацяруха на разгалістых елках, сцелецца злой пазёмкай па зямлі. Лынькоў. Вецер збірае ля кустоў гурбы снегу, б’е ў твар снежнай пацярухай. Дадзіёмаў.

2. перан. Разм. Што‑н. дробязнае, не вартае ўвагі. Кожны вечар я крукам праседжваю над арыгіналамі, выграбаючы з іх, як той дворнік, розную пацяруху. Сабаленка. [Кузьма:] — А тваё бандарства, браток, — драбяза, пацяруха адна. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)