Тэ́рмін1 ‘пэўны прамежак, канец устаноўленага часу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Сержп. Казкі, Касп.), ст.-бел. терминъ, тэрминъ, терменъ ‘тс’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана праз ст.-польск. termin ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. terminus ‘мяжа, канец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192), або непасрэдна адаптаванага з лацінскай тэрміналогіі, што шырока ўжывалася ў судовай практыцы ВКЛ, параўн. termini indiciarii terrestres = рокі судовые земские ад ст.-бел. рок ‘акрэслены, прызначаны час’ (Жлутка, 332). Сюды ж тэрміно́ва ‘ў хуткім часе’ (Варл.), тэрміно́вы ‘які не церпіць адкладу’, тэрмінава́ць ‘прызначыць тэрмін’ (Ласт.).

Тэ́рмін2 ‘абазначэнне, назва пэўнага паняцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Сюды ж, магчыма, ст.-бел. термина, тармена ‘кароткі спіс, нататка’ (1574 г.), термината ‘тс’ (ГСБМ), ‘копія, прабел старонкі’ (Ст.-бел. лексікон), што звязаны з с.-лац. terminus ‘слова ў строга вызначаным сэнсе’, гл. ЕСУМ, 5, 554; Арол, 5, 63.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апліка́цыя ’ўзор, малюнак, створаны шляхам наклёпвання ці прышывання рознакаляровых кавалачкаў паперы, матэрыі і інш.’ (БРС); ’навучанне пісарскай справе’, аплікант ’практыкант пры адвакаце ці землямеры’, аплікавацца (Нас., Гарэц.). Крыніца: лац. applicatio ’прыяднанне’. З лацінскай у старапольскую мову са значэннем ’дастасаванне, перадача’, aplikować прадаваць, прысвойваць’. Ст.-бел. aplikacya ў значэнні ’вучэнне’ і ’прымяненне, дастасаванне’ (Гарб.). Ст.-укр. апплѣковати ’прыкладаць’ з XVII ст. Гэта значэнне як устарэлае фіксуецца ў сучаснай польскай мове; развіццём яго тлумачыцца і ’практычнае навучанне’, а таксама слова aplikant. Таму бел. аплікацыя ў другім значэнні (цяпер устар.) можна лічыць засвоеным праз польскую мову ці паралельна з польскай. Параўн. для рускай сцвярджэнне Шанскага, 1, А, 131, аб запазычанні рус. аппликация ў старых значэннях з польскай у Пятроўскую эпоху. Сучаснае літаратурнае значэнне, магчыма, запазычана з рускай (Крукоўскі, Уплыў, 76), дзе яно фіксуецца з XIX ст. (ССРЛЯ); у такім значэнні слова фіксуецца ў Дарашэўскага з прыкладамі сярэдзіны XX ст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тапо́ля ’дрэва сямейства вярбовых, Populus L.’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; лях., Сл. ПЗБ; Кіс., Расл. св.), тапо́ля ’тс’ (ТС), тапо́ль ’тс’ (Ян., Кіс.; пруж., Сл. ПЗБ), топу͡оль ’тс’ (Вруб.), то́паль ’тс’ (Сцяшк., Кіс.), то́поль ’тс’ (ТС, Арх. Вяр.), то́мпель ’таполя’ (свісл., ЛА, 1), то́пель ’тс’ (Шат., Мат. Гом., Расл. св.), то́піліна ’тс’ (віц., ЛА, 1; віц., Расл. св.), топілы́на ’тс’ (дзярж., ЛА, 1), то́піль ’тс’ (кобр., ЛА, 1, Касп., Расл. св.), то́фель ’тс’ (лаг., Жд. 3), то́філь ’тс’ (мёрск., ЛА, 1), тофліна ’тс’ (Барад.), то́пля ’тс’ (ганц., ЛА, 1; Расл. св., Сл. ПЗБ). Укр. топо́ля, рус. то́поль, польск. topola, н.-луж. і в.-луж. topoł, чэш. topol, славац. topoľ, славен. topol, серб.-харв. топо̀ла, макед. топола, балг. топа́ла. Прасл. *topolъ, *topolь, а таксама *topolʼa, *topola; ёсць меркаванне, што гэтае найменне запазычана ў праславянскую мову з лац. pōpulus (с.-лац. populus) ’тс’, пры гэтым адбылася міжскладовая дысіміляцыя р : р > t : p. Літ. tapalas ’тс’ і алб. tupli ’тс’ лічацца запазычаннямі са славянскіх моў. З лацінскай выводзяцца і заходнееўрапейскія назвы расліны, напр. дац., швед. poppel, іт. pioppo, франц. peuplier, ням. Pappel; старое літ. túopa ’тс’ мае роднасныя сувязі з лац. pōpulus, паходжанне якога застаецца цьмяным (Махэк₂, 647: “праеўрапейскае”). Глухак (634) мяркуе, што спалучэнні гукаў р‑р‑l, t‑p‑l перадаюць трапятанне лісцяў, таму ў аснове бачыць анаматапею. Не пераконвае спроба Шустара–Шэўца (1518) звязаць славянскія назвы з коранем *tep‑, *top‑ (гл. топаць, тэпаць). Варыянтнасць гэтых назваў, у тым ліку і беларускіх, сведчыць пра запазычанасць. Гл. яшчэ Брукнер, 317; Фасмер, 4, 79; Борысь, 638; ЕСУМ, 5, 601. Спробай “каранёвай” этымалогіі з’яўляецца ўзвядзенне назвы да і.-е. *pel‑ ’шэры’ з-за з шэрага колеру кары таполі, тады на лацінскай глебе адбылося няпоўнае падваенне гэтага кораня (Покарны, 804); параўн. проціпастаўленую назву таполя чорная ’ясакар, Populus nigra L.’ (Кіс.), вядомую і іншым славянскім мовам, у тым ліку старапольскай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 394), у гаворках у сцягнутай форме тапо́ля ’назва расліны Populus nigra’ (Янк. 2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вага́н1 ’драўляная міска’ (КСТ, КЭС). Вытворныя: вагане́ц ’начоўкі для пяску’, вага́нак ’коўшык’, вагано́к ’драўляная міска’ (КСТ). Рус. ваганки ’ночвы, карыта’, укр. вагани́ ’прадаўгаватая драўляная міска для яды; ночвы’, чэш. vahánek, славац. vahan, серб.-харв. ва̀ган ’драўляная міска; пэўная мера’, славен. vagàn, vagána. Запазычанне. Існуючыя версіі гл. Фасмер, 1, 264; Махэк₂, 675; Рудніцкі, 1, 289; Скок, 3, 559. Балгарскія этымолагі (БЕР, 1, 110–111, 221) лічаць, што *vaganъ — вынік метатэзы пры запазычанні італ. gavagno (параўн. балг. гаванка ’драўляная міса’).

Вага́н2 ’лаянкавае слова’ (КСП); ’высокі, здаровы чалавек’. Рус. ваган ’вахлак, мужык, селянін’, ваганиться ’гарэзаваць, гуляць, жартаваць’, ходить на ваган ’адлучацца без дазволу’, польск. wagant, чэш. vagant ’бадзяга’, славац. vagant ’бадзяга-студэнт’, серб.-харв. ва̀гант ’бадзяга’. У бел. мову слова трапіла з захаду (параўн., напрыклад, ням. Vagant), магчыма, праз польскую або непасрэдна з лацінскай. Ваган < *вагант, якое да лац. vagans, vagantis ’які бадзяецца’. Аб страце ‑т параўн. Суперанская, Вопросы культуры речи, 3, 1961. Гл. Махэк₂, 674; Надурская, JP, 1972, 1, 20.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́ма1 ’вынік складання; агульная колькасць, сукупнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), су́ма, сумацыя ’вынік’ (Ласт.), су́ма́ ’пэўная колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. су́мма, су́ма ’агульная колькасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 153). Запазычанне непасрэдна з лацінскай (Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 142). Выказваюцца таксама меркаванні пра запазычанне праз польск. suma ’тс’ з лац. summa ’вышэйшая, агульная лічба’ < summus ’вышэйшы’ (гл. Кюнэ, Poln., 100 з літ-рай); ці запазычанне ў канцы XV ст. са ст.-польск. suma, summa (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 80.

Су́ма2 ’пажыткі, маёмасць’ (Клім.). Магчыма, да сума1, параўн. су́ма ’грошы’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Крытычна пра спробы звязаць з сум (гл.) і рэканструкцыю *sǫdma (Ліўканен, Отглаг. сущ., 194) Варбат (Этимология–1988–1990, 196), якая дапускае запазычанне праз польскую з ням. Saum ’ношка, паклажа’. Параўн., аднак, балг. су́ма ’многа, маса’, якое лічыцца яшчэ прабалгарскім (Младэнаў, Диалектология, балканистика, этнолингвистика. София, 2008, 199). Гл. су́мна ’мноства’.

Су́ма3. Гл. сумка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

све́дчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., аб чым, пра што і з дадан. сказам.

1. Пацвярджаць правільнасць, сапраўднасць чаго‑н. у якасці відавочніка, сведкі, дасведчанай асобы. Сведчу, што ў правінцыі Антарыо Ёсць Палерма — слаўны гарадок. Панчанка. Расказы відавочцаў сведчылі, што агонь у лесе ўспыхнуў адразу ў некалькіх месцах і амаль у адзін і той жа час. Матрунёнак.

2. Быць сведчаннем чаго‑н., пацвярджаць, даказваць што‑н. Маёр рабіўся весялейшым, пачаў насвістваць украінскія песні, што сведчыла аб яго добрым настроі. Шамякін. Помнікі старажытнай беларускай пісьменнасці насычаны таксама вялікай колькасцю дзеясловаў лацінскага паходжання, што сведчыць аб моцным уплыве лацінскай мовы на беларускую. Гіст. лекс. бел. мовы. Старанна дагледжаная, начышчаная, змазаная, яна [машына] павінна была сведчыць, што новы гаспадар яе — чалавек дбайны і руплівы. Васілёнак. Гледачоў — як дзверы зачыніць. Больш тут месца нельга ўжо нідзе знайсці. Здабытак люду і гарачыні Сведчыць нам пра поспех самадзейнасці. Гілевіч.

3. і каму. Даваць паказанні на судзе. Кожны сведка звычайна карыстаецца пэўнаю павагаю ў тых, каму ён сведчыць збіраецца. Колас.

4. і што. Афіцыйна пацвярджаць сапраўднасць чаго‑н. Сведчыць подпіс і сведчыць пячаць, Што ідзём мы [Рыбка, Ворчык, Зарудны] з астрогу. Куляшоў. Размашысты подпіс гаварыў пра тое, што чалавек з упэўненасцю сведчыў складзеную для яго па ўсёй форме паперу. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аптэ́ка. Дыял. гапты́ка. Ст.-бел. аптыка (Булыка, Запазыч.), аптека, аптекаръ, аптекарка (Гіст. лекс., 154–155). Рус. аптека (з XVII ст.; таксама ў форме оптека, абтыка; аптекарь с 1583 — Шанскі, 1, А, 133. У XIX ст. фіксуецца таксама апотека). Укр. аптека, дыял. аптика з XVI ст.; аптекаръ з XVII ст. Першыя аптэкі на тэрыторыі Беларусі ў Пінску (1561) і Брэсце (1566) (БелСЭ, 1, 399). Рус.-ц.-слав. апотека (XIV ці XV ст.) — ’свіран’ (Міклашыч, Lex. palaeosl). Польск. apteka, дыял. aptyka, haptyka (з XV ст. apoteka, з XVI ст. apteka). Беларускае слова з польскай (а не з рускай, як лічыў Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе apoteka з чэшскай (Рэчак, Bohemizmy, 31) ці непасрэдна з лацінскай (Клеменсевіч, 145), а apteka з нямецкай (н.-ням. aptek, балт.-ням. aptheke (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 23). Крыніцай нямецкага і чэшскага, а магчыма, і польскага слова была лацінская мова, у якой у сярэднія вякі ўжо было вядома спецыялізаванае значэнне ’магазін лякарстваў’. Лац. apotheca і рус.-ц.-слав. апотека з грэч. ἀποθήκη ’склад, свіран’. У бел. дыял. гаптыка г можа быць і беларускай з’явай, а ы хутчэй за ўсё з польскай, дзе, магчыма, з чэшскай, а магчыма, і на ўласнай глебе.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атла́с1 ’гатунак тканіны’ (БРС). Агульнаеўрапейскае слова ўсходняга паходжання. У старарускай мове з 1453 (Шанскі, 1, А, 171); у ст.-бел. з 1511 у форме отласъ (Булыка, Запазыч., 33), з 1555 — атлас. Ст.-укр. гатласъ у 1627 (атласъ з XVIII ст.), даўнейшыя старарускія прыклады ў Сразнеўскага ў форме отласъ (XVI ст.). Ст.-польск. hatłas (Sł. staropolski). Канчатковая крыніца араб. атлас гладкі’ (корань т‑л‑с). Паводле Шанскага, у рускай мове з цюрк. атлас (з арабскай) не пазней XV ст. Паводле Фасмера, 1, 96 (які не ведаў выпадку ўжывання слова ў XV ст.), у рускай з польскай ці нямецкай, якія ўзыходзяць да арабскай. Улічваючы гандлёвыя зносіны з Усходам, заходняе пасрэдніцтва для рускай мовы не неабходна. У беларускую мову слова магло трапіць як праз рускую, так і праз польскую.

А́тлас2 ’збор карт’. Інтэрнацыяналізм; у беларускай мове. з рускай, дзе з пачатку XVIII ст. з ням. Atlas (Шанскі, 1, А, 171) ці з галандскай або лацінскай. Гэта назва ўзыходзіць да назвы працы Меркатара Atlas (Дуісбург, 1595), папулярнай у той час і перавыдадзенай у скарочаным выглядзе некалькі разоў у першай палавіне XVII ст. Фасмер, 1, 96; Махэк₂, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рамо́нак ’расліна з кветкамі з белымі пялёсткамі і жоўтай сярэдзінай’, ’кветка гэтай расліны’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ). Гл. рамо́н ’расліна Matricaria chamomilla L.’ і шматлікія трансфармацыі: рамо́нька, раму́ль, рымо́нак (Сл. ПЗБ), руме́нка (Стан.), ромо́н, ро́ма́н, ромо́нок, рамёнок (ТС), румя́нок, румне́нок (Сл. Брэс.). Параўн. укр. рома́н, роме́н, румʼя́нок ’рамонак’, рус. дыял. раме́н, роме́н, рома́нник ’тс’, польск. rumianek ’тс’ (але romanek ’малачай’), чэш. rmen ’рамонак’, славац. ruman, rumanček ’тс’, славен. rmȃn, roman ’тысячалістнік, Achillea millefolium L.’, серб. ра̏менак, ра̀ман ’рамонак’, харв. román, ráman, балг. рамо́н, макед. рамон. Прынятая этымалогія ад лац. Anthemis rōmāna, Chamaemēlum rōmānum з непасрэднай перадачай у кожнай з моў другой часткі лацінскай назвы без адэкватнай перадачы значэння ’рымская трава’, параўн. да гэтага ням. römische Kamille, што даслоўна ’рымскі рамонак’. Зыходнай назвай для семантычнай кандэнсацыі магла быць назва тыпу рус. романова трава ці няправільнае рамонова трава ’рамонак’, што фіксуецца ў рускіх аптэкарскіх даведніках (з 1782 г.). Іншыя змяненні ў карнявой марфеме могуць быць выкліканы падабенствам з румяны, што ў шэрагу славянскіх моў азначае ’жоўты’, напрыклад, славен. rumen ’жоўты’, альбо звужэннем о, як польск. rumianek. Гл. Фасмер, 3, 500 (мяркуе пра польскае пасярэдніцтва для ўсходнеславянскіх назваў), БЕР, 6, 178; Бязлай, 3, 187.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)