Тэ́рмін 1 ‘пэўны прамежак, канец устаноўленага часу’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Ласт., Гарэц., Сержп. Казкі, Касп.), ст.-бел. терминъ, тэрминъ, терменъ ‘тс’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана праз ст.-польск. termin ‘тс’, што, у сваю чаргу, з лац. terminus ‘мяжа, канец’ (Булыка, Лекс. запазыч., 192), або непасрэдна адаптаванага з лацінскай тэрміналогіі, што шырока ўжывалася ў судовай практыцы ВКЛ, параўн. termini indiciarii terrestres = рокі судовые земские ад ст.-бел. рок ‘акрэслены, прызначаны час’ (Жлутка, 332). Сюды ж тэрміно́ва ‘ў хуткім часе’ (Варл.), тэрміно́вы ‘які не церпіць адкладу’, тэрмінава́ць ‘прызначыць тэрмін’ (Ласт.).
Тэ́рмін 2 ‘абазначэнне, назва пэўнага паняцця’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Сюды ж, магчыма, ст.-бел. термина, тармена ‘кароткі спіс, нататка’ (1574 г.), термината ‘тс’ (ГСБМ), ‘копія, прабел старонкі’ (Ст.-бел. лексікон), што звязаны з с.-лац. terminus ‘слова ў строга вызначаным сэнсе’, гл. ЕСУМ, 5, 554; Арол, 5, 63.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)