усе́дзець, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.

1. (пераважна з адмоўем «не»). Утрымацца ў сядзячым становішчы, не падаючы пры штуршках, гайданні і пад. [Конь], нарэшце, ірвануў, ды так, што цётка не ўседзела і навалілася на воз. Ус.

2. Застацца сядзець, знаходзіцца на месцы. Калі бацька пайшоў, Таццяна не магла адна ўседзець у хаце і зноў выйшла на вуліцу, накіравалася да школы. Шамякін. Турбавала яго [Я. Коласа] і тое, што часам улетку стаяла суш. Тады цяжка было паэту ўседзець за пісьмовым сталом. С. Александровіч. Львіцы — як толькі могуць уседзець яны ў адной клетцы! — з чыста жаночай цікавасцю паглядалі праз краты: што робіцца на белым свеце? Лужанін. // Прабыць некаторы час без работы. Я знаю — Ўседзець не змаглі б Без справы там і вы, Калі б пачулі, Як іграў Наш Пецька Канцавы. Кірэенка.

3. перан.; (пераважна з адмоўем «не»). Змагчы ўтрымацца на якой‑н. пасадзе. Ды час прабіў. Дыхнула бура.. Не ўседзеў цар у сваіх мурах. Колас. [Сыч:] — Дзе тут уседзець у нас, ды яшчэ доктару біялагічных навук! Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утаймава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак.

1. каго. Уціхамірыць, супакоіць (непаслухмянага, раззлаванага чалавека). Не так лёгка было Данілу ўтаймаваць Сымона. У таго ад злосці прыбавілася сілы, ён нібы звар’яцеў. Нарэшце абяссілены, спацелы і раскудлачаны Сымон здаўся. Чарнышэвіч. // Падпарадкаваць сваёй волі чые‑н. дзеянні, учынкі. Мы ўтаймуем ворагаў зямлі, Мы здолеем у пыл іх планы сцерці! Панчанка. // Падпарадкаваць волі чалавека дзікую або непаслухмяную жывёлу. Утаймаваць тыгра.

2. што. Зменшыць, аслабіць або суцішыць (боль). Я падзякаваў сваёй выратавальніцы і папрасіў, каб яна дала мне ў дарогу гэты корань: — Калі зуб забаліць зноў, я адразу ўтаймую боль. Дубоўка. // Заглушыць, прыглушыць (якое‑н. пачуццё, хваляванне і пад.). Нейкае хваляванне ахапіла ўсіх. Каб утаймаваць яго, людзі пачалі прасіцца ісці на заданне. Шамякін. Мы сядзелі дзе хто, маўчалі, .. не маглі ўтаймаваць сваіх пачуццяў. Няхай. // Заспакоіць, здаволіць (пра жаданні, патрэбы і пад.). [Цвыркун:] — Дзякуй, пане, нешта мне піць хочацца, а салодкім чаем не ўтаймуеш смагі. Пальчэўскі. // Справіцца з якімі‑н. стыхійнымі з’явамі. Утаймаваць пажар. □ Уся брыгада працавала тады цэлага паўдня, пакуль.. утаймавалі шалёную ваду. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапі́цца, чаплюся, чэпішся, чапіцца; незак.

Разм.

1. Зачэплівацца за што‑н. Пастушка не бароніць шкоды, А мацае ў траве рукой. Далей сігае, як бусліха, За косы чэпіцца ассё... Лось.

2. перан. Прыдзірацца да каго‑, чаго‑н., прывязвацца да каго‑, чаго‑н. Паліцыі там няма, і хіба цяжка лясным хлопцам зрабіць для Міці паслугу. Тады ў немцаў не будзе падстаў чапіцца да сям’і. Навуменка. [Нэлі:] — Зноў да слова чэпішся? Нельга так. Ты сталы чалавек, і я цябе ад душы віншую... Савіцкі. — Ну а чаго, уласна кажучы, чапіцца да гэтага колеру? Чырвоны, дык чырвоны. Чаркасаў. // Прыставаць да каго‑н. з якім‑н. намерам, патрабаваць настойліва чаго‑н. А .. [Пэпік], як толькі выйду на вуліцу, і целяпаецца ўслед за мною, як хвост. І ўсё чапіцца, страшыць, пагражае. Сачанка. — Чапіцца да .. [Валі] тамашні бургамістр, гэты гарбаты граф Паўзуновіч. Шашкоў. // Назаляць, дапякаць каму‑н. — Чаму, мама, Собіны наплачуцца з Колем? — чапіцца да мацеры Шура. Васілевіч. Часцей напіўся з адным .. запытаннем чалавек з перавязанай рукой: — Ды ці хутка мы дапаўзём. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Буякі́ ’ягады Vaccinium uliginosum L.’ (Кіс.). Укр. буя́к ’тс’. Будзішэўска (Słown., 315), якая наогул запярэчвае існаванне супольных бел.-укр. архаізмаў, лічыць гэта слова пазнейшай бел.-укр. інавацыяй. Этымалогія слова не вельмі ясная. Сувязь з дзеясловам тыпу буя́ць ’буйна расці’ вельмі няпэўная і не знаходзіць абгрунтаванне ў апісанні расліны (гл. Мяркулава, Очерки, 223–225; Нейштадт, Определитель, 434–435). Хутчэй за ўсё трэба зыходзіць з дзеяслова тыпу бел. буя́ць буяніць, шалець’, укр. буя́ти ’тс’. Ягады буякоў выклікаюць ап’яненне, боль галавы і да т. п. Параўн. іншыя назвы буякоў: бел. п’яні́ца, галаваболь, дурнічнік, дурніцы і да т. п. (Кіс.), укр. болиголов, дурнопян, дурниця, дурнина, пияки і інш. (Макавецкі, Sł. botan., 389–390), рус. пьяница, серб.-харв. веселика (Сіманавіч, 488), ням. Rauschbeere, Trunkelbeere. Параўн. яшчэ бугаі́ ’тс’ (гл.). Сувязь з буя́к ’бык’ (гл.), калі такая ёсць (параўн. паралельную назву бугаі́), вытлумачыць цяжка. У іншых мовах бык выступае тут толькі ў складаных словах: ням. Ochsenklaiwern, Ochsentieke ’Vaccinium uliginosum’ (Марцэль, Pflanzennam., 5 (3), 395). Гл. яшчэ быкі ’буякі’. Іншая версія (Л. А. Малаш, вусн. паведамлю: параўн. дыял. назву буякоў — буйні́цы (ад бу́йны ’вялікі’), якая даецца гэтай ягадзе для адрознівання яе ад падобнай, але меншай чарніцы. Тады можна думаць пра паходжанне ад буя́ць ’буйна расці; станавіцца буйнейшым’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жывако́ст ’расліна Symphytum L.’ (БелСЭ), жывако́снік (Кіс.). Рус. жи́вокость (з 1790 г.) ’расліна Delphinium L.’, дыял. жи́воко́сть, жи́воко́с, живоко́ст — назва шэрагу раслін, у тым ліку Symphytum officinale L., Polygonum hydropiper L., Cynoglossum officinale L., Thalictrum minus L., Spiraea ulmaria L., Chelidonium majus L.’, укр. живокі́ст(ь) ’symphytum L.’, польск. żywokost ’Symphytum L.’ Калі сучасны від слова не вынік народнай этымалогіі, можна тлумачыць жывакост як назву паводле лячэбных уласцівасцей расліны. Чэш. назва Symphytum — kostival, valikost тлумачылася яшчэ ў чэш. лекарскай кнізе Я. Чэрнага (1517) тым, што расліна «зламаныя косці зацвярджае», «раны зацягвае, закатвае (svaluje, zavaluje)». Махэк (Jména rostl., 191–192) замест сувязі з val‑ прапануе пераход val‑ < bal‑ (ovati, balii) ’лячыць’. З чэш. kostival, польск. kosztywał, славац. kostiviar — вынік імкнення да разумення другой часткі слова. Тады ў жывакост першая частка звязана з жывіць ’гоіць’, а другая, як і ў чэш. назве, — з *kostь: *živi‑kostь. Можна адзначыць, што і рус. живокость — назва лекавай расліны (рагулька). Польск. żywokost (з XV ст.). Лось (Сложные слова в польском языке. СПб, 1901, 104–105) не тлумачыў семантыку польск. слова, лічыў першую частку адпрыметнікавай, а не аддзеяслоўнай. Не выключана, што бел. (як і ўкр.) словы з польск., дзе калька з чэш. valikost, а рус. < бел., укр. Чэш. паходжанне тлумачыла б цвёрдасць канчатковага зычнага. Параўн. жывіцельнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кары́та ’карыта, начоўкі, човен’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), ’збітыя вуглом дзве дошкі, якія прыбіваюцца на версе гонтачнай страхі’ (Сцяшк., Шатал.), ’шуфляда ў ручным млыне, куды падае мука’ (Шатал.), укр. корито ’тс’, рус. корыто ’тс’, чэш. koryto ’карыта, кармушка’, славац. koryto ’тс’, н.-луж. kóryto ’тс’, польск. koryto ’тс’, балг. корито ’тс’, макед. корито ’тс’, серб.-харв. ко̀рито ’тс’, славен. koríto ’тс’. Трэба адзначыць, што паралельна амаль усе славянскія дыялекты ведаюць яшчэ адно значэнне для прасл. koryto ’жолаб, роў, рэчышча’. Менавіта апошняе значэнне навяло даследчыкаў на думку пра сувязь прасл. koryto з дзеясловам ryti. Тады ko‑ прэфікс, як у kadъlbъ (ад dъlbti ’дзяўбці’), (гл. Трубачоў, Ремесл. терм., 169). Гэта этымалогія (Міклашыч, 133) здаецца надзейнай (што датычыць прэфіксальнай і каранёвай частак слова). Значна менш надзейнае чляненне kor‑yto. Словаўтварэнне як kop‑yto, але калі kop‑yto да капа́ць, то адпаведнага зыходнага дзеяслова для karyto мы не знаходзім, а паходжанне ад kora вельмі праблематычнае, параўн., аднак, карыць1. Суаднесенасць са ст.-прус. pracartis ’карыта’ і літ. prãkartas ’кармушка’ базіруецца на семантычнай тоеснасці, але фанетычныя разыходжанні растлумачыць цяжка (гл. агляд версій у Трубачова, Эт. сл., 11, 122–125). Фасмер (2, 343) прытрымліваецца другой этымалагічнай версіі Міклашыча і ўзмацняе яе паралеллю Шпэхта: лат. karaûte, karuóte ’лыжка’ з тоеснасцю суфіксаў (ūt = yt).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ў ’похва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewka ’похва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Несудо́мны, несудомы ’надта вялікі, страшны’ (ТС); несудо́мны лес = вялікі, непраходны лес, нетра; несудомны мороз = вялікі, траскучы мароз (мазыр., ул. зал.). Відаць, да суд (гл.), параўн. рус. несудимый ’вельмі моцны, перавышаючы звычайную меру’, не судом (божиим) ’вельмі моцна, у вельмі вялікай колькасці’ (Дзяул. сл.), несудо́м кричать ’крычаць вельмі моцна’ (паўд.-рус., СРНГ), што тлумачыцца зыходным значэннем ’які не падлягае абмеркаванню ці асуджэнню’ (Даль), г. зн. ’надзвычайны’. Аднак для названых слоў нельга выключыць і іншыя версіі ці па меншай меры ўплыў біблейскага імені уласнага Садом, якое пачало ужывацца як апелятыў, паради, судом ’нешта нядобрае, непрыемнае’: Судом ее возьмі, дзе вона дзелася, тая шапка! (ТС), параўн. садомія (содомія) ’вялікае злоўжыванне; моцная разбэшчанасць’ (Нас.) і інш., гл. Някрасава, Диалект, иссл. по рус. яз. M., 1977, 247–250; іншая версія ад *sędoma (паводле Ліуканен, Отглаг. сущ., 131 < Zsędębma ад sъ‑dębiti ’акачанець’), параўн. укр. судо́ма ’міжвольнае скарачэнне мускулаў (ад болю, холаду, пры некаторых захворваннях і г. д.), сутарга’; тады адмоўе ў несудомны можа выконваць функцыю табу; адносна семантычнай мадэлі параўн. халерны, пранцаваты і пад. як экспрэсіўная адмоўная характарыстыка ў адносінах да нежывых прадметаў (халерны холад і пад.). Для спалучэнняў тыпу гушча несудомая можі^а дапусціць народна-этымалагічнае збліжэнне з сыйці, сходзіць (гушча несы(и)домая?); параўн. несходзімы ’непраходны; вялікі (пра лес)’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перабіра́ць ’пластаваць сена; сартаваць; чысціць (кішкі); перабіраць з ядой; выбіраць, перабіраць з дзяўчатамі’ (Сл. ПЗБ); ’прыцэньвацца, таргавацца; гаварыць лішняе; нанава вязаць світэр’ (ЖНС), пірабіра́іць (вушамі) ’стрыжэ (аб кані)’ (сен., ЛА, 1), перабіра́ць ’патрашыць рыбу’ (лаг., глыб., там жа). Прасл. *per‑birati са значэннем шматразовага дзеяння, утворанае ад *per‑bьrati. Да пера- і браць (гл.). Сюды ж перабіраны ’сабраны ў фалды’, перабіра́нец ’даматканы ручнік’, перабіра́чка ’дзяруга, вытканая асаблівым, складаным спосабам’ (ЖНС), перабі́рысты ’від дывана, які ткаўся спосабам перабору рознакаляровых нітак’ (Скарбы); перабіра́нка, перэбіра́нка ’посцілка, вытканая перабіраным спосабам (у 4–6–8 нічальніц), саматканы дыван’ (маладз., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ, ТС; жытк., Мат. Гом.; З нар. сл.; валож., Жыв. сл.; глус., Мат. Маг., Сцяшк. Сл.), ’пласт сена’ (Юрч.); пераборы ’падрыхтоўка да ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірабіра́ньне ’нарад, падрыхтоўка да ткацтва’: перва ныря́д здзе́лыюць, а тады ткуць (мсцісл., Жыв. сл.); пірабіра́ньніца ’жанчына, якая нараджае, г. зн. рыхтуе кросны да ткацтва’ (там жа); пірябі́ркі ’рэшткі пасля неаднаразовага перабірання’ (Юрч. СНС), перабірка ’рэшткі, адыходы’ (Скарбы), астрав. перабіранка ’адабраная для пасадкі бульба’, перабіра́нік ’саматканы дыван, вытканы ніткамі аднаго колеру на чорнай ці белай аснове’ (Сл. рэг. лекс.). Паводле Грынавяцкене і інш. (SOr, 39, 317), перабі́ранкі ’саматканыя пасцілкі з узорамі’ калькуе літ. rinktíniai ’тс’, што цяжка давесці, хутчэй наадварот.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шны ’паважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)