Жывако́ст ’расліна Symphytum L.’ (БелСЭ), жывако́снік (Кіс.). Рус. жи́вокость (з 1790 г.) ’расліна Delphinium L.’, дыял. жи́воко́сть, жи́воко́с, живоко́ст — назва шэрагу раслін, у тым ліку Symphytum officinale L., Polygonum hydropiper L., Cynoglossum officinale L., Thalictrum minus L., Spiraea ulmaria L., Chelidonium majus L.’, укр. живокі́ст(ь) ’symphytum L.’, польск. żywokost ’Symphytum L.’ Калі сучасны від слова не вынік народнай этымалогіі, можна тлумачыць жывакост як назву паводле лячэбных уласцівасцей расліны. Чэш. назва Symphytum — kostival, valikost тлумачылася яшчэ ў чэш. лекарскай кнізе Я. Чэрнага (1517) тым, што расліна «зламаныя косці зацвярджае», «раны зацягвае, закатвае (svaluje, zavaluje)». Махэк (Jména rostl., 191–192) замест сувязі з val‑ прапануе пераход val‑ < bal‑ (ovati, balii) ’лячыць’. З чэш. kostival, польск. kosztywał, славац. kostiviar — вынік імкнення да разумення другой часткі слова. Тады ў жывакост першая частка звязана з жывіць ’гоіць’, а другая, як і ў чэш. назве, — з *kostь: *živi‑kostь. Можна адзначыць, што і рус. живокость — назва лекавай расліны (рагулька). Польск. żywokost (з XV ст.). Лось (Сложные слова в польском языке. СПб, 1901, 104–105) не тлумачыў семантыку польск. слова, лічыў першую частку адпрыметнікавай, а не аддзеяслоўнай. Не выключана, што бел. (як і ўкр.) словы з польск., дзе калька з чэш. valikost, а рус. < бел., укр. Чэш. паходжанне тлумачыла б цвёрдасць канчатковага зычнага. Параўн. жывіцельнік.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)