Напашэ́ве ’пад рукамі, нагатове, у патрэбную хвіліну’ (слуц., Вітка, Полымя, 1988, 7, 201), ’на такім месцы, дзе можна ўзяць адразу, не шукаючы’ (слуц., Нар. словатв.), напашэ́я ’пад рукою, навідавоку’ (дзярж., Нар. сл.), напашэўку ’пад рукамі, пад рукой’ (мін., Жыв. сл.; стаўбц., Нар. сл.; Янк. Мат.; шчуч., Сцяшк. Сл.), ’блізка, пад рукамі’ (Сл. ПЗБ). Відаць, са спалучэння на пашэве, дзе другая частка — назоўнік у месным склоне *пашэ́ва ці *пашэ́ў ’похва’, параўн. польск. poszew, poszwa ’тс’, першапачаткова ’трымаючы руку на похве са зброяй’; у выпадку спалучэння на пашэўку — ’паклаўшы руку на похву’, параўн. польск. poszewka ’похва’, усё да шыць, шво (гл.). Магчыма і іншая версія, якая ўлічвае наяўнасць у радзе славянскіх моў прыслоўяў тыпу польск. poszewo ’коса, нахілена, крыва’ (магчыма, да szawiać ’кранаць, рухаць’, што Брукнер (542) параўноўвае з chwiać, параўн. ша́ваць ’рухаць’, рус. шевелить ’тс’), славен. pošev ’коса’, асабліва napošev ’коса, накасяк’, што дае падставы гаварыць аб адноснай старажытнасці слова, аднак адсутнасць фіксацыі зыходнай формы ў беларускіх гаворках прымушае лічыцца з магчымасцю запазычання. У карысць апошняй версіі сведчыць, магчыма, і ўкр. на‑похваті ’навідавоку, пад рукой’, дзе другая частка — аддзеяслоўны назоўнік похват (да хватати ’хапаць’); тады магчымае *пашэў ’рух, крананне’ (да шаваць ’рухаць, кранаць’). Цікава, што пры гэтым захоўваецца фармальная суадноснасць з іншым варыянтам назвы ножнаў — похва, што не выключае магчымых збліжэнняў у развіцці семантыкі слова.