Ператыка́ць (перэтыка́ць) ткаць ніткамі рознага колеру. перэтыка́нье ’вытканыя па краях каляровыя дарожкі (на канцах ручніка, па краю сарочкі і г. д.)’ (ТС), перэтыка́ный ’з вытканым узорам (напр., ніз хвартуха, з чырвоных нітак)’, натка́ны, натыка́ны, заты́каны ’з вытканым узорам’, натыка́ты ’ткаць каляровым узорам’ (Уладз.), ператыка́нка ’спадніца з ператыканага палатна, ператыканая коўдра’, ператыка́ны ’саматканы (пра паўсуконны матэрыял)’ (стаўб., Нар. сл.), пірітыка́нкі ’пасцілка з узорамі’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірітыка́нычка ’саматканая посцілка’ (Юрч. СНЛ). Рус. перетыка́ть ’ткаць, пераплятаць ніткі асновы ўтком; ткаць на палатне палоскі, узор утком іншага колеру ці іншай фактуры’, перетыка́нный ’з тканым узорам (палатно, ручнік)’; польск. przetkać, в.-луж. přetkać, přetkawać, н.-луж. pśetkaś; славац. pretkávať ’ткаць ніткамі іншага колеру’, pretkať ’праткаць, ператкаць’, славен. pretkáti ’ператкаць, выткаць, выткаць нанава’, серб.-харв. pretkȁti ’зноў выткаць; абшыць аблямоўкай’. Да пера- (гл.) і ‑тыка́ць, якое з’яўляецца прасл. ітэратывам (*tykati) да першаснага прасл. *tъktʼi ’ткаць’, звязанага генетычна з *tъknǫti; *tъktʼi узыходзіць да і.-е. *tek‑ ’плесці, віць’ > ’ткаць’. А семантыка прасл. інавацыі *tъkati адлюстроўвае нейкія больш актуальныя прыкметы, напрыклад, значна большую імклівасць увядзення і прасоўвання ў зеве ўточнай ніткі дзякуючы выкарыстанню чаўнака’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 117–118). Да ткаць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́ца ’працэс уздзеяння чалавека на прыроду, чалавечая дзейнасць’, ’работа’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Гарэц., Мік., Шпіл., Мядз., Сл. ПЗБ, ТС). Ст.-бел. праца, працовати і інш. вытворныя ад назоўніка адзначаюцца ў канцы XVI ст. (Булыка, Запазыч., 257), укр. пра́ця, рус. дыял. пра́ца ’тс’. Запазычанне праз польск. praca пры ст.-польск. proca з чэш. práce (Карскі, Белорусы, 156; Фасмер, 3, 355; Цвяткоў, Запіскі, 1, 74; Кюнэ, Poln., 89). Прасл. дыял. *portja ўзнаўляецца пры параўнанні з серб.-харв. пра̏тити ’суправаджаць’, славен. prátiti ’тс’, prátiti se ’збірацца ў дарогу’ (Міклашыч, 261; Брукнер, 434). Трубачоў (Фасмер, 3, 356) параўноўвае *portja яшчэ з серб.-харв. пра̏тити ’пасылаць’ і балг. пра́тя ’паслаць’ і канстатуе семантычную эвалюцыю ’пасылаць’ > ’праца, справа’, якая прадстаўлена таксама ў серб.-харв. по̏сао ’справа, праца’ < *posъlъ; параўн. прасл. *posъlati (гл. паслаць). Аб апошняй групе дзеясловаў гл. яшчэ Куркіна, Этимология–1975, 19 і наст. Іншыя параўнанні (напр., Голуб-Копечны, 290) з грэч. πράσσω, πράττω ’раблю’ лічацца непрымальнымі (гл. Фасмер, 3, 355). Таксама з польск. pracować бел. працаваць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 2, 1157–1159; ЕСУМ, 4, 557; SEK, 4, 113–114. Інакш і непераканаўча Банькоўскі, 2, 757 (з с.-в.-ням. — суч. бавар. pratze ’лапа, нага (хворая)’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіні́ца 1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2–3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца 2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гай 1 ’гай’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшкін, Касп., Грыг., Мядзв., Шн., Бес., Булг.). Агляд значэнняў бел. слова гл. Яшкін, 43–44; Талстой, Геогр., 48–50; ДАБМ, 913. Укр. гай, рус. гай, чэш., славац. háj, польск. gaj, в.-луж. haj, н.-луж. gaj, серб.-харв. га̑ј, славен. gáj. Слав. *gajь. Звычайна тлумачыцца як звязанае са слав. дзеясловам *gojiti ’даглядаць, ахоўваць’ (гл. Фасмер, 1, 383, там і агляд іншых версій, якія Фасмер не прымае, здаюцца досыць праўдападобнымі пасля дэталёвага аналізу Талстога, Геогр., 48–56). Талстой лічыць, што, падобна да таго як слова *šuma ’лес’ звязана з *šuměti, слова *gajь роднаснае лексеме *gajiti ’крычаць, шумець’ (там жа, 54–55). Некаторыя спецыфічныя значэнні бел. слова, напр. ’могілкі’ (гл. Яруш.; ДАБМ, 913), тлумачацца з прамежкавага ’гай, асабліва на могілках’ (Гарэц.).

Гай 2 ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ (Шатал.: «Мы зовом гаем між полей неудобную землю, де ростэ трава, а лес не ростэ»). Не выклікае сумнення сувязь з гай 1 (гл.). Дыяпазон семантыкі славянскай лексемы *gajь вельмі шырокі (параўн. Яшкін, 43–44, і асабліва Талстой, Геогр., 48–54). Талстой (Геогр., 50) спецыяльна адзначае, што ў бел. гаворках gajь мае і спецыфічнае значэнне ’адсутнасць расліннасці’. Гай ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ якраз адносіцца іменна да гэтай катэгорыі семантычнага развіцця.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́ста 1 ’каста’ (ТСБМ). Рус. ка́ста, укр. ка́ста. Паводле Фасмера, 2, 207, запазычанне з зах.-еўрап. моў. Праз мовы-пасрэднікі, ням. (Kaste) або франц. (caste), слова ўзята з парт. casta ’парода; паходжанне’, першапачаткова ’чыстая парода’. У аснове ляжыць лац. castus ’чысты’. Шанскі (2, К, 86) удакладняе, што ў рус. мове (якая, дарэчы, можа быць пасрэднікам для бел.) ка́ста з’явілася ў канцы XVIII ст. Упершыню фіксуецца ў рус. слоўніку Яноўскага 1803 г. са значэннем ’грамадская групоўка ў Індыі’, агульнае значэнне ўстанаўліваецца з 1847 г. (яно фіксуецца ў Слоўніку АН; гл. Шанскі, там жа).

Кас́та 2 ’яслі, драбіны’ (Сл. паўн.-зах.). Слова ўжываецца таксама ў мн. ліку (напр., сена кладуць у касты). Паводле Сл. паўн.-зах., 2, 433, запазычанне непасрэдна з літ. kāstė ’тс’, якое, у сваю чаргу, было ўзята з ням. Kasten ’тс’. Можна пагадзіцца з прапанаванай этымалогіяй (< ням.) у агульных рысах. Ням. форма Kasten не зусім дакладна адпавядае літ. kāstė. Таму, як можна меркаваць, непасрэднай крыніцай для літ. слова было іншае ням. слова. Маецца на ўвазе не сучасная ням. мова, а нейкія формы с.-ням. паходжання. Такія сапраўды ёсць (параўн. kaste ’тс’; форма гэта сустракаецца і ў сучасных ням. дыялектах). З ням. крыніцы ўзята і лат. kaste. Гл. Клюге, 356.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагода ’прыемны спакой, хараство’, ’згода, дружба, прыязнь’ (ТСБМ), лагодзіць ’ладзіць, улагоджваць, дагаджаць’, ’мірыць’ (Нас.), ’лашчыць, прывабліваць’ (ТСБМ), дзярж. ’майстраваць’ (Нар. сл.), лагодзіцца ’мірыцца’, ’рабіцца паблажлівым, літасцівіцца’ (Нас.). Укр. ла́года, ла́гід ’лагода’, ла́годження ’рамонт, выпраўленне’, ’рыхтаванне’, рус. ла́годить ’ладзіць, мірна ўлагоджваць’, ла́года ’лагода, парадак’, ст.-рус. лагодити ’рабіць прыемнае’, ’патакаць’ (XI ст.), ст.-польск. łagoda (XVI ст.), каш. łagoda, польск. łagodność, н.-луж. łagoda, в.-луж. lahoda, чэш., славац. lahoda ’прывабнасць, хараство, чароўнасць’, славен. lágoda ’зло, гарэзлівасць, свавольства, слабасць, нізасць’, lágod, серб.-харв. ла̏года ’прыемнасць, задаволенасць’, ’выгода’. Прасл. lagoda ’парадак, гарманічнасць, згода’, ’выгода, зручнасць, дабрата, прыязны прыемнасць’, якое паходзіць ад < *laga, што мае адпаведнікі ў літ. lóga, logà ’куча’, ’рад, кратнасць’, ’чарга’, logúoti ’складаць, прыводзіць у парадак’, лат. lãga, lãgs ’слой’, ’парадак’, ’здатнасць, здольнасць’. Утворана пры дапамозе суф. ‑oda, напр., свабода, ягада (Буга, Rink., 1, 450; Зубаты, AfslPh, 16, 397; Эндзелін–Мюленбах, 2, 436–437; Фрэнкель, IF, 69, 136; Фасмер, 2, 446). Беспадстаўныя сумненні Бернекера (1, 684), калі ён суадносіць lagoda, прымаючы ў якасці асноўнага значэння ’слабасць, падатлівасць’, з і.-е. *(s)lēg ’слабы’, лац. laxus ’свабодны, які вольна звісае’, ’лагодны’, ст.-ісл. lākr ’благі, малакаштоўны’, ст.-в.-ням. slah ’слабы’. Таксама Младэнаў (268); Махэк₂ (317–318) мяркуе, што lagoda з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем ад lagoditi.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каба́т ’жаночая цёплая камізэлька; безрукаўка’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Інстр. I, Касп., Малч., Мат. АС, Мат. Гом., Мядзв., Нас., Некр., Рам., Серб., Сержп. Грам., Шн. 3, Ян., Янк. 3., Яруш.), ’рознае адзенне’ (Жыв. сл.), ’сукенка’ (Касп.), ’безрукаўка’ (капыл., КЭС), ’дзіцячая кофтачка на падбіўцы’ (Шатал.). Укр. кабат ’куртка, кафтан’, рус. кабат ’куртка, кофта’, рус. зах.-бран. кабат ’ліф, верхняя частка сарафана’, польск. kabat ’кафтан’, в.-луж. kabat ’кафтан’, чэш. kabát ’паліто’, славац. kabat (у розных значэннях, напр. ’спадніца’ (Kalal)). У паўдн.-слав. мовах запазычана іншым шляхам, пра што сведчыць фанетыка слова: балг. кавад, кават, кавак, серб.-харв. ка̏ва̄д, якія з перс. kabā ’кафтан’ пры пасрэдніцтве с.-грэч., н.-грэч. моў, гл. БЕР, 2, 119. Відаць, перс. форма з’яўляецца крыніцай і для зах.-еўрап. слоў, аднак няясным застаецца шлях запазычання. Для бел. слова таксама існуе праблема непасрэднай мовы-крыніцы. Рус. кабат вядома на поўначы і на сумежжы з беларускай тэрыторыяй. Яно можа разглядацца як пранікненне з бел. гаворак. Некаторыя значэнні польскага слова (’верхняя вопратка’ і, напрыклад, паводле WIEP-ill. kabat ’кафтан, пераважна жаночы’), а таксама распаўсюджанае слова на беларускай тэрыторыі дазваляюць меркаваць, што крыніцай запазычання быў польскі перыферыйны дыялект. На карысць гэтага наяўнасць слова ў сумежных літоўскіх гаворках са значэннямі ’сукенка без рукавоў’ (kabãčius) і ’жаночы кафтанны (kóbotas).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́ска 1 ‘трэска’ (Нас., Некр. і Байк., ТС), труска́ ‘акаліна’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. труска ‘адзінка вымярэння колькасці хмелю’ (Ст.-бел. лексікон), ‘вязанка, пучок’ (ГСБМ), ‘друзачка, трэска’: лукъ в​s трꙋскы зломи​т (XVI ст., Карскі 2–3, 424); сюды ж тру́сачка ‘парушынка’ (Ласт.), трушчы́на ‘гушча, што застаецца на дне (напр., у квасе)’ (Нас., Растарг.), ‘што-небудзь кіслае, салёнае і горкае’ (Растарг.), трушчы́нка ‘жамерыны, макуха ад выціснутага соку, малака ці дробнага насення’ (Нас.), трушчы́ны ‘вашчыны’ (там жа). Параўн. рус. труска́ ‘мякіна, труха’, в.-луж. truska ‘металічнае пілавінне’, ‘кавалак шлаку’, чэш. trůska, struska ‘акаліна’, ст.-чэш. tróska ‘адходы пры апрацоўцы металу’, славац. troska ‘тс’, ‘шлак’, славен. trôl1ska ‘жамерыны’, ‘шлак’, ‘акаліна’, серб. тро̏ска, тру̏ска, харв. trȍska, trȕska ‘акаліна, га́раль на метале’, балг. тру́ска ‘асколкі пры каванні’. Прасл. trǫska ‘асколак, трэска’ (Сной₂, 787), якое ад дзеяслова *truskati < treskati (Махэк₂, 652–653) з далейшай семантыкай ‘разбурацца, распадацца’ (Куркіна, Этимология–1994–1996, 50), параўн. трусіць, трушчыць, гл. Сной₂ (там жа) дапускае асіміляцыю са звонкага варыянта *drǫska, роднаснага літ. drum̃stas ‘мутны’; магчыма, літ. druskà ‘соль’, параўн. смал. аргат. тру́ска ‘тс’, з больш раннім значэннем у лат. druska ‘крышка, крыха’ (Анікін, Опыт, 289), параўн. тру́сачка ‘драбок, шчопаць’: дай трусочки соли (Нас.).

Тру́ска 2 ‘ператрус, вобыск’ (Клім.; Горбач, Зах.-пол. гов.). Гл. трус 3.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ветрыць 1 ’сушыць на ветры, праветрываць’ (Нас., Касп., Бяльк.), жыт. ’дзьмуць (аб ветры)’; (перан.) ’круціцца’ (Мат. Гом.); ’выветрываць’ (Яруш.); ’веяць збожжа на ветры’ (Касп., Арх. ГУ; рагач., жыт., Мат. Гом.; докш., карэліц., Янк. Мат., Янк. I, Юрч., Яўс.), палес. ві́трыты, ві́трынне ’ачыстка збожжа на ветры пасля падсейвання яго рэшатам’ (Выг.). Укр. вітрити ’праветрываць’, рус. паўн.-сіб. ветрить ’сушыць на ветры, на марозе, праветрываць’, польск. wietrzyć ’трымаць на свежым паветры’; ’губляць пах, свежасць пад уздзеяннем паветра і цяпла’; ’распадацца, выветрывацца (аб мінералах)’, чэш. větřiti se ’віцца на ветры (аб спадніцы)’, славен. vẹ́triti ’праветрываць’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’праветрываць, выпарвацца (аб газах)’; ’плаваць пад ветразем’; ’хутка махаць крыламі’, макед. ветрее се, ветри се ’праветрываць’; ’выжываць з розуму’, балг. ветрея ’выветрываць, праветрываць’; ’выдыхацца, выветрывацца’; ’махаць (хусткай, флагам)’, ветрея се ’калыхацца ад ветру’. Прасл. дзеяслоў větr‑it‑i, які ўтварыўся пры дапамозе суф. ‑i‑ti (< ‑ě‑ti). Да ве́цер (гл.).

Ветрыць 2 ’пазнаваць, вызначаць што-небудзь, прынюхвацца да ветру, чуць нюхам’ (КТС). Укр. ві́трити ’нюхаць паветра (аб сабаку)’, рус. ветрить ’валодаць здольнасцю адшукваць дзічыну нюхам «па ветры»’, польск. wietrzyć ’шукаць, сачыць, чуць нюхам’, чэш. větřiti ’чуць нюхам (аб сабаку, каню)’, славац. vetriť ’тс’, серб.-харв. ве̏трити, вје̏трити ’чуць нюхам пах, які прыносіцца ветрам’. Прасл. větriti (суф. ‑i‑ti < ‑ě‑ti). Да вецер (гл.). Лексема větrъ, ад якой утварыўся дзеяслоў, мела пераноснае значэнне ’пах’, якое сёння мы маем, напр., у чэш. народн. větry ’страўнікавыя газы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляны́, ля́ный, ле́ны, лены́ ’лянівы’ (ТСБМ, Нас., Мікуц., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Пятк., Маш., КЭС, лаг., ТС; Сл. ПЗБ), слуц. ле́ны дуб ’адзінокі дуб на лузе, у полі’ (БНТ, Лег. і пад.); зах.-рус. ленный, ленной ’гультаяваты’, ст.-рус. лѣный ’павольны’, ’гультаяваты’, польск. leny, в.-луж. lěni, lěny, lijeni ’тс’, чэш. líný ’слабы, самлелы’, ст.-чэш. léni, léný, славен. lẹ̑n, серб.-харв. lȉjen, чак. ле́нӣ, усх.-серб. ле̂њ, ст.-слав. лѣнъ. Прасл. lěnъ ’гультаяваты, павольны, марудны’ (Слаўскі, 4, 157–159). Да і.-е. lē‑ (Шустар-Шэўц, 826). Генетычна яму адпавядаюць: літ. lė́nas ’спакойны, ціхі’, ’слабы’, лат. lḕns ’тс’, літ. lė̃tas ’павольны, ціхі’, lėtùs ’тс’, лац. lēnis ’мяккі, пяшчотны’ (Фасмер, 2, 482–483). Аткупшчыкоў (Из истории, 246) звязвае гэту лексему з коранем leg‑/log‑ > *leg‑s‑nis > лѣнь (пры ізасемантычным радзе ’ляжаць’ — ’гультай’: leg‑e‑nis > лежень), параўн. таксама паралельнае развіццё раду вытворных асновы лѣн — у рускіх гаворках са значэннем ’ляжаць’, напр. лѣнуха, лѣнивка ’лава ля печы’. Сюды ж лень‑дуб ’від дуба, які позна распускаецца’ (ТС), ляні́вы (ст.-бел. ленивый, лѣнивый) ’непрацалюбівы, марудны ў працы, у рухах, вялы’, ляні́цца, лыны́тысь ’ленавацца’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, ТСБМ, Яруш.; Панюціч, 101). Гл. таксама лень 1, лень 2, ляна́.

Ля́ны 2 ’ільняны’ (Сцяшк., маладз. Жыв. сл.). Ля́ны выхад ’рабочы дзень на ўборцы льну’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён, ільняны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)