Гай 1 ’гай’ (БРС, Шат., Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшкін, Касп., Грыг., Мядзв., Шн., Бес., Булг.). Агляд значэнняў бел. слова гл. Яшкін, 43–44; Талстой, Геогр., 48–50; ДАБМ, 913. Укр. гай, рус. гай, чэш., славац. háj, польск. gaj, в.-луж. haj, н.-луж. gaj, серб.-харв. га̑ј, славен. gáj. Слав. *gajь. Звычайна тлумачыцца як звязанае са слав. дзеясловам *gojiti ’даглядаць, ахоўваць’ (гл. Фасмер, 1, 383, там і агляд іншых версій, якія Фасмер не прымае, здаюцца досыць праўдападобнымі пасля дэталёвага аналізу Талстога, Геогр., 48–56). Талстой лічыць, што, падобна да таго як слова *šuma ’лес’ звязана з *šuměti, слова *gajь роднаснае лексеме *gajiti ’крычаць, шумець’ (там жа, 54–55). Некаторыя спецыфічныя значэнні бел. слова, напр. ’могілкі’ (гл. Яруш.; ДАБМ, 913), тлумачацца з прамежкавага ’гай, асабліва на могілках’ (Гарэц.).
Гай 2 ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ (Шатал.: «Мы зовом гаем між полей неудобную землю, де ростэ трава, а лес не ростэ»). Не выклікае сумнення сувязь з гай 1 (гл.). Дыяпазон семантыкі славянскай лексемы *gajь вельмі шырокі (параўн. Яшкін, 43–44, і асабліва Талстой, Геогр., 48–54). Талстой (Геогр., 50) спецыяльна адзначае, што ў бел. гаворках gajь мае і спецыфічнае значэнне ’адсутнасць расліннасці’. Гай ’непрыгодная для апрацоўкі зямля паміж палёў’ якраз адносіцца іменна да гэтай катэгорыі семантычнага развіцця.