Ператыка́ць (перэтыка́ць) ткаць ніткамі рознага колеру. перэтыка́нье ’вытканыя па краях каляровыя дарожкі (на канцах ручніка, па краю сарочкі і г. д.)’ (ТС), перэтыка́ный ’з вытканым узорам (напр., ніз хвартуха, з чырвоных нітак)’, натка́ны, натыка́ны, заты́каны ’з вытканым узорам’, натыка́ты ’ткаць каляровым узорам’ (Уладз.), ператыка́нка ’спадніца з ператыканага палатна, ператыканая коўдра’, ператыка́ны ’саматканы (пра паўсуконны матэрыял)’ (стаўб., Нар. сл.), пірітыка́нкі ’пасцілка з узорамі’ (мсцісл., Жыв. сл.), пірітыка́нычка ’саматканая посцілка’ (Юрч. СНЛ). Рус. перетыка́ть ’ткаць, пераплятаць ніткі асновы ўтком; ткаць на палатне палоскі, узор утком іншага колеру ці іншай фактуры’, перетыка́нный ’з тканым узорам (палатно, ручнік)’; польск. przetkać, в.-луж. přetkać, přetkawać, н.-луж. pśetkaś; славац. pretkávať ’ткаць ніткамі іншага колеру’, pretkať ’праткаць, ператкаць’, славен. pretkáti ’ператкаць, выткаць, выткаць нанава’, серб.-харв. pretkȁti ’зноў выткаць; абшыць аблямоўкай’. Да пера- (гл.) і ‑тыка́ць, якое з’яўляецца прасл. ітэратывам (*tykati) да першаснага прасл. *tъktʼi ’ткаць’, звязанага генетычна з *tъknǫti; *tъktʼi узыходзіць да і.-е. *tek‑ ’плесці, віць’ > ’ткаць’. А семантыка прасл. інавацыі *tъkati адлюстроўвае нейкія больш актуальныя прыкметы, напрыклад, значна большую імклівасць увядзення і прасоўвання ў зеве ўточнай ніткі дзякуючы выкарыстанню чаўнака’ (Трубачоў, Ремесл. терм., 117–118). Да ткаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)