прыро́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Усё існае на зямлі, не створанае дзейнасцю чалавека; увесь свет у разнастайнасці яго форм. Законы прыроды. Пераўтварэнне прыроды. З’явы прыроды. □ Нейкі няўлоўны подых блізкай восені ўжо адчуваўся ў прыродзе. С. Александровіч. Бацька працаваў прарабам па лесасплаву і лесанарыхтоўках і навучыў мяне любіць прыроду. Агняцвет. // Сукупнасць асаблівасцей якой‑н. мясцовасці (рэльеф, раслінны і жывёльны свет, кліматычныя ўмовы і пад.). Сібірская прырода. Паўднёвая прырода. □ [Алена] зразумела яго захапленне дзівоснай прыродай Урала. Шамякін. // Разм. Мясцовасць па-за горадам. Выехаць на прыроду.

2. Сукупнасць, асноўныя якасці, уласцівасці каго‑, чаго‑н. Прырода атама. Чалавечая прырода. Прырода сацыялістычнага ладу. □ Ужо такая і ёсць прырода ў савецкай машыны, што любіць гэта машына прастор. Брыль. // Паходжанне. Прырода маланкі. Вірусная прырода захворвання.

•••

Ад прыроды, з прыроды — ад нараджэння, з пачатку існавання. Ад прыроды слабахарактарны, ..[Юрка] толькі пазіраў на Ніну і паціскаў у недаўменні плячамі. Ермаловіч. З прыроды Не дадзена яму [жуку] адчуць у мёдзе смак, Таму ён і не хваліць мёду. Корбан.

Гульня прыроды гл. гульня.

Мёртвая прырода — неарганічны свет (не жывёльны і не раслінны).

На лоне прыроды гл. лона.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саро́мецца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; незак.

1. Адчуваць сорам, няёмкасць за свае паводзіны, учынкі і пад. [Максім] лавіў сябе на тым, што зайздросціць Мікодыму, і саромеўся гэтага. Машара. Пра гісторыю з лыжамі Воўка саромеўся расказваць у класе. Кавалёў. Пасля.. [Саша] прызналася, што саромелася свайго беднага ўбрання: яна была з беднай сям’і, расла без маці. Шамякін.

2. Адчуваць няёмкасць, бянтэжыцца, канфузіцца. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з.. [Алесем], саромелася і таксама маўчала. Броўка. З імі быў Пеця Зварыкін — ціхі, непрыкметны юнак з доўгімі рукамі, якіх ён вельмі саромеўся і таму заўсёды трымаў за спіной. Васілёнак. // з інф. Не адважвацца рабіць што‑н. з-за няёмкасці, сарамлівасці. [Санька] падцягваць саромеецца, бо вельмі ж у яго тонкі голас супраць баса дзядзькі Якуба. Якімовіч. Валя саромеецца хадзіць на гэтыя вечарынкі і сядзіць вось так доўгімі вечарамі. Шамякін.

3. (звычайна з адмоўем). Не цырымоніцца з кім‑н.; дзейнічаць бессаромна, бесцырымонна. — Жылаваты чалавек ты, браце! — падумаў Лабановіч: — Нават за напісанне ліста не саромеешся браць сала. Колас. Не саромеўся [Андрэй] нахлусіць сябру пяць карабоў з коптурам, каб толькі выставіць сябе перад ім ад важным і смелым. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

халадзі́ць, ‑ладжу, ‑лодзіш, ‑лодзіць; незак., каго-што.

1. Рабіць халодным; ахалоджваць, астуджваць. Ралля дробна рассыпалася пад плугам і прыемна халадзіла босыя ногі. Чорны. На аўсе яшчэ не абсохла раса. Яна мочыць і халодзіць ногі. Крапіва. / у безас. ужыв. Сёння ў машыне не было да чаго прычапіцца, таму.. [Якаў] адчуў, як пачало халадзіць спіну, і хутка вылез. Кулакоўскі.

2. і без дап. Выклікаць адчуванне холаду. Два грузчыкі.. умасціліся спераду, каля самай кабіны, тварамі супроць ветру, які не пыліць ім у вочы, а толькі прыемна халодзіць. Брыль. Ніна прыпала да вады, якая здалася вельмі чыстай і прыемна халадзіла, — піла, піла і ўсё не магла задаволіцца. Мележ.

3. перан. (звычайна са словамі «сэрца», «душу», «кроў» і пад.). Агортваць холадам пры моцным хваляванні, страху і пад. [Сцяпан] моцна адчуў сваю самотнасць. Гэта пачуццё пракрадвалася і халадзіла яго душу і раней. Дуброўскі. / у безас. ужыв. Ад страху ўсяго.. [Лёньку] халадзіла, і ляцеў ён бы на крылах. Капыловіч.

4. безас. без дап. Пра халоднае надвор’е. Дні стаялі пагодлівыя, а па начах ужо халадзіла, сяды-тады націскаў марозік. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сікла ‘рыба галец, Nemachilus barbatulus’ (Дэмб. 2, Жук.), ‘галец — уюн Cobitis barbatula’ (Дэмб. 1), ‘лічынка міногі Lampertra mariae Berg.’ (Яшкін, З жыцця; Інстр. 2), сіко́лка, сікоўка ‘рыба’ (?) (Мат. Гом.). Укр. сі́ква ‘галец’, си́кля ‘шчыпоўка’, рус. си́кла ‘галец’, ‘шчыпоўка’, польск. sikawka ‘шчыпоўка’, чэш., славац. sekavec, sykavec, н.-луж. sykanc, sykawice, sykawka, серб.-харв. seka, sjekaća ‘тс’. Цяжка размежаваць назвы рыб сямейства ўюновых. Махэк₂ (540) лічыць іх усе дэрыватамі ад *sěk‑ (гл. секаўка); Брукнер (490) — ад *sikati (гл. сікаўка). Але, відаць, тут трэба выдзеліць назвы шчыпоўкі ад *sěk‑, а назвы гальца лічыць вытворнымі ад *sik‑ (параўн. іншую назву гэтай рыбы: рус. паўд. сциколка, укр. (с)цикун), таму што гальцы пры недахопе кіслароду захватваюць яго ротам і з шумам выпускаюць праз заднюю адтуліну (Сабанееў, Жизнь, 50 і наст.). Параўн. таксама сіка, сік, сікаўка (гл.). Лаўчутэ (Балтизмы, 131) лічыць магчымым узвесці гэтую назву да лат. sîks ‘маленькі, дробны’, siklis, siklins ‘маленькі лясок’, sīkuļa, sīkuļe ‘маленькая, дробная жывёліна’, што з-за шырокай распаўсюджанасці назваў у славянскім свеце не пераконвае, гл. Анікін, Опыт, 276–277. Ён жа мяркуе пра змяшэнне назваў, матываваных каранямі sik‑ ‘мачыцца’ і sik‑/syk‑ ‘шыпець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіня́к1 ‘грыб махавік жоўта-буры’ (гарад., дзятл., драг., Сл. ПЗБ; Жыв. сл.). Да сіні (гл.), паводле колеру, таму што грыб сінее на зломе. Параўн. таксама ўкр. синя́к ‘грыб Agarikus necator’, польск. siniak ‘грыб Boletus Cyanescens’ і г. д.

Сіня́к2 ‘лешч, Abramis brama L.’ (Жукаў), іншыя назвы — сіньга́, сіне́ц (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’, рус. си́нька ‘верхаводка’, синьга́ ‘лешч’. Да сіні (гл.), колер рыб характарызуецца як “синеватый с зеленоватым отливом” (Каламіец, Рыбы, 27). Гл. таксама сінец.

Сіня́к3 ‘птушка попаўзень, Sitta europea L.’ (ПСл), іншая назва — сівы дзятлік (Жыв. св.), параўн. укр. синя́к ‘голуб, Columba oenas L.’. Паводле колеру апярэння, звычайна ‘цёмна-шэры’, параўн. сівак2 (гл.) і колеравую падмену ў сіваваронка/сіняваронка ‘сіваграк (ЛА, 1).

Сіняк4 ‘расліна Succisella Reck.’ (Кіс.), сюды ж сінякве́т, сі́ні цвет ‘расліна Echium vulgare L.’ (Кіс.), параўн. укр. синя́к ‘тс’, рус. синя́к ‘тс’. Да сіні (гл.), што абумоўлена звычайна колерам кветак.

Сіня́к5 ‘сіняя неўрадлівая зямля’ (Мат. Гом.), ‘балотная глеістая зямля’ (Сл. ПЗБ), ‘ворная неўрадлівая зямля на нізкім месцы’ (Сцяц.). Да сіні (гл.), параўн. сівак1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́віць1 ’маючы ўладу ў сваіх руках, кіраваць чым-небудзь’, ’адпраўляць імшу’ (ТСБМ, Мік.), ’кіраваць (лейцамі)’ (Сл. рэг. лекс.), ’выконваць, рабіць’: правіць гаспадарку (Байк. і Некр.), ’рамантаваць, папраўляць (недахопы, памылкі)’ (ашм., Стан.; Гарэц.). Рус. пра́вить ’кіраваць; выпраўляць; адпраўляць царкоўную службу’, укр. правити ’рабіць, выконваць, выпраўляць; адпраўляць царкоўную службу’, ст.-рус. правити ’кіраваць; выконваць; адпраўляць (імшу)’, польск. prawić ’адпраўляць (імшу)’, серб.-харв. пра̀вити ’рабіць; ствараць’, балг. пра́вя ’рабіць’, макед. прави. Прасл. *praviti < pravъ (гл. правы) (Махэк₂, 481).

Пра́віць2 ’гаварыць’ (Шат.; воран., астрав., віл., беласт., драг., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; паст., ДАБМ, камент., 916), ’сцвярджаць, паўтараць адно і тое ж’ (ашм., Стан.). Польск. prawić ’тс’; у гэтым значэнні дзеяслоў вядомы яшчэ ў чэш. (praviti), славац. (vypávať, rozprávať) і славен. (praviti). Брукнер (435) выводзіць з правіць1, але Махэк₂ (481) аддзяляе яго ад правіць1, таму што не бачыць семантычнай сувязі паміж імі і параўновае з хец. palvāi ’тс’. Няпэўна. Хутчэй за ўсё. ад *pravъ (гл. правы ў другасным значэнні ’які мае рацыю; правільны’), параўн. сваё правіць ’даводзіць сваю рацыю’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патрэ́ба, патрэ́б, патрэ́ба ’неабходнасць чаго-н., патрэбнасць’ (ТСБМ, Мал., Яруш., Гарэц., Нас., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’пільнае пажаданне’ (КЭС, лаг.), ’просьба’ (Сл. ПЗБ), патрабава́ць ’прасіць, дамагацца, прымушаць, загадваць, мець патрэбу’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), патрабава́нне ’патрэбнасць’, ’нястача, неабходнасць’, патрэбішча ’тс’; патрэбнік, патрэбніца ’неабходны чалавек’, ’праснак, спечаны на патэльні’ (Нас.). Укр. потре́ба ’неабходнасць’, ’справа, бітва’, рус. потре́бный ’патрэбны’, потре́ба, потре́б ’патрэба’, потребовать, ст.-рус. потрѣба, потреба ’неабходнасць’, ’служэнне’, ’ахвяраванне’, трѣбъ ’патрэбны’, польск. potrzeba ’неабходнасць, патрэба’, ’патрабаванні’, ’бітва’, ’справа’, н.-луж. potrjeba ’неабходнасць’, potrěbnosć ’патрэба’, в.-луж. potrjeba, potrěbnosć ’тс’, potrjebować ’патрабаваць’, чэш. potřeba, potřebovati, potřebný, славац. potreba, potrebný, potrebovať ’тс’, славен. potréba, potrebováti, potrében, potrébnost, серб.-харв. по̏треба, по̀требовати, по̏требан, по̏требност ’тс’, макед. потреба ’неабходнасць’, ’патрэба’, потребен ’неабходны, патрэбны’, балг. потре́ба, потре́бен, потребност. Слова potrěba ўтворана з выразу trěbě byti ’быць патрэбным’, які быў дапоўнены прыназоўнікам po, таму што trěbě разумелася як М. скл., а М. скл. ужываўся толькі з прыназоўнікам. З ро trěbě рэканструяваўся Н. скл. potreba. Ад гэтага назоўніка — potrěbovati, potrěbьnъ і інш. (Махэк₂, 656). Гл. таксама трэба. Пра патрэбна гл. Плотнікаў (Бюлетин, 1976, 72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́бен1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.

Бу́бен2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзецмалайцы, радарайца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калю́га ’ямка на дарозе, выбітая коламі, звычайна з вадой, граззю’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2; мазыр., З нар. сл.; Касп.; Мат. Гом.; жытк., Нар. словатв.; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат.; Яўс.), ’каляіна на дарозе’ (маладз., слаўг., Яшк.), ’гразь з вадой’ (драг., Нар. словатв.), ’гразь, слата, бездарожжа’ (палес., Яшк.). Першае значэнне не з’яўляецца вузкім; звычайна калюгай можа называцца і лужына на полі, лузе. У новых слоўніках: калюга ’лужына’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’п’яніца; каляіна’ (Сл. паўн.-зах.), ’гразкае месца, сенажаць каля рэчкі’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). У Яшкіна падаецца значэнне ’глыба зямлі на раллі’ (нясв.); тэарэтычна такую семантыку можна дапусціць, аднак тут яшчэ і адзінкавасць фіксацыі, таму дэфініцыя выклікае сумненне. Укр. дыял. калюга ’гразь на дарозе’, ’лужына’, ’выбоіна на дарозе’, чарніг.-сумск. ’вада пасярод дрыгвы’, рус. зах.-бран., бран., курск. калюга ’лужына’, курск. ’неглыбокая азярына’, белгар., бран. ’яма з вадой’, польск. kaluga ’лужына’, славін.-каш. kʼaluga, kʼalëga ’лужына на дарозе’, серб.-харв. ка̀љуга ’лужына, гразь, твань’. Суфіксальны варыянт да калуга, kaluga (беларускія формы такога тыпу нам невядомы), вытворнага ад kalъ (суфікс ‑uga), гл. Трубачоў, Эт. сл. 9, 126, параўн. таксама калужа (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)