Жале́йка ’музычны інструмент’. Рус. смал., тамб. жале́йка, тул., варонеж., разан., калуж., горк., пск., смал. желе́йка, пск., калін. жалея́ ’тс’. Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1970, 7, 150), ад назоўніка жаль (гл.) з суф. ‑ейка па характары гуку, якім вылучаўся гэты народны інструмент. Дакладней, непрадуктыўны суф. ‑ейка суадносіцца з дзеяслоўнымі асновамі: варейка, лупейка, калатэйка (Сцяцко, Афікс. наз., 37), а значыць, не з жаль, а з жалець. Але ці толькі жаллівыя гукі выдае дудка? Даль побач з такім тлумачэннем дапускаў магчымасць суаднясення з жилиться (Даль, 1, 524), што не матывуецца, а таму мала верагодна. Трэба ўлічыць пск. же́ледь, же́ледка ’трыснёг, з якога робяцца дудкі, жалейкі’. Же́ледка магло пераўтварыцца ў желейка, жалейка. Пераход д > й адзначаецца яшчэ: маладзец — малайцы, рада — райца (радца), Карскі, 351. Назвы муз. інструмента па матэрыяле сустракаюцца; параўн. ражок, рог, кастаньеты. У далейшым, верагодна, адбывалася кантамінацыя народнаэтымалагічнага характару з коранем жаль. Адносна паходжання желедь, желедка гл. у Фасмера, 2, 41, жёлдь I, дзе ён адкідвае сувязь з жалуд, прапанаваную Міклашычам (407), і схіляецца да думкі Шахматава пра першасную форму *жьлдь, што, аднак, не тлумачыць паходжання гэтага кораня.