Бу́бен 1 ’бубен’. Рус. бу́бен, укр. бу́бен, бу́бон, чэш. buben, польск. bęben, серб.-харв. бу̑бањ і г. д. Прасл. *bǫbьnъ, *bǫbьniti. Словы гукапераймальнага паходжання, якія маюць паралелі ў іншых мовах (літ. bambė́ti, bam̃bti, грэч. βομβέω ’глуха гучаць’ і г. д.). Фасмер, 1, 226. Параўн. бу́бен 2. Сюды бубні́ць, бубне́ць.
Бу́бен 2 ’месца, высокае і беднае травастоем; балота, якое можна перайсці’ (Яшкін), бубён ’высокае месца; высокая і бедная травастоем паша’ (Яшкін), бу́бʼён ’голая прастора, без расліннасці’ (Клім.), бубен ’неўрадлівая, голая мясцовасць’ (Прышч.). Гэтага слова, здаецца, няма ў суседніх мовах. Параўн. толькі Бу́бен ’назва гары ў гуцулаў’ (Грабец, Nazwy, 133). Можна меркаваць, што гэта метафарычнае ўжыванне ў якасці геаграфічнага тэрміна слова бу́бен ’бубен’ (слав. *bǫbьnъ). Першапачаткова ’месца, выпуклае, як бубен’. Але не выключаецца і іншае тлумачэнне. Слав. *bǫbьnъ (гл. бу́бен 1) звязана з асновай, якая азначае глухое гучанне. Таму можна думаць, што бу́бен ’высокае і голае ўзвышша’ ад *bǫbьnъ ’глухі гук’, *bǫbьneti ’глуха гучаць і да т. п.’ Адносна магчымасці такіх утварэнняў параўн. бел. буко́та ’ўзгорак’, ’глыбокае месца ў рацэ’ (гл.; там і слав. паралелі). Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 66.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)