Патрэ́ба, патрэ́б, патрэ́ба ’неабходнасць чаго-н., патрэбнасць’ (ТСБМ, Мал., Яруш., Гарэц., Нас., Шат., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), ’пільнае пажаданне’ (КЭС, лаг.), ’просьба’ (Сл. ПЗБ), патрабава́ць ’прасіць, дамагацца, прымушаць, загадваць, мець патрэбу’ (ТСБМ, Гарэц., Шат., Касп.; КЭС, лаг.), патрабава́нне ’патрэбнасць’, ’нястача, неабходнасць’, патрэбішча ’тс’; патрэбнік, патрэбніца ’неабходны чалавек’, ’праснак, спечаны на патэльні’ (Нас.). Укр. потре́ба ’неабходнасць’, ’справа, бітва’, рус. потре́бный ’патрэбны’, потре́ба, потре́б ’патрэба’, потребовать, ст.-рус. потрѣба, потреба ’неабходнасць’, ’служэнне’, ’ахвяраванне’, трѣбъ ’патрэбны’, польск. potrzeba ’неабходнасць, патрэба’, ’патрабаванні’, ’бітва’, ’справа’, н.-луж. potrjeba ’неабходнасць’, potrěbnosć ’патрэба’, в.-луж. potrjeba, potrěbnosć ’тс’, potrjebować ’патрабаваць’, чэш. potřeba, potřebovati, potřebný, славац. potreba, potrebný, potrebovať ’тс’, славен. potréba, potrebováti, potrében, potrébnost, серб.-харв. по̏треба, по̀требовати, по̏требан, по̏требност ’тс’, макед. потреба ’неабходнасць’, ’патрэба’, потребен ’неабходны, патрэбны’, балг. потре́ба, потре́бен, потребност. Слова potrěba ўтворана з выразу trěbě byti ’быць патрэбным’, які быў дапоўнены прыназоўнікам po, таму што trěbě разумелася як М. скл., а М. скл. ужываўся толькі з прыназоўнікам. З ро trěbě рэканструяваўся Н. скл. potreba. Ад гэтага назоўніка — potrěbovati, potrěbьnъ і інш. (Махэк₂, 656). Гл. таксама трэба. Пра патрэбна гл. Плотнікаў (Бюлетин, 1976, 72).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)