Калю́га ’ямка на дарозе, выбітая коламі, звычайна з вадой, граззю’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2; мазыр., З нар. сл.; Касп.; Мат. Гом.; жытк., Нар. словатв.; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Шат.; Яўс.), ’каляіна на дарозе’ (маладз., слаўг., Яшк.), ’гразь з вадой’ (драг., Нар. словатв.), ’гразь, слата, бездарожжа’ (палес., Яшк.). Першае значэнне не з’яўляецца вузкім; звычайна калюгай можа называцца і лужына на полі, лузе. У новых слоўніках: калюга ’лужына’ (ТС, Сл. паўн.-зах.), ’п’яніца; каляіна’ (Сл. паўн.-зах.), ’гразкае месца, сенажаць каля рэчкі’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). У Яшкіна падаецца значэнне ’глыба зямлі на раллі’ (нясв.); тэарэтычна такую семантыку можна дапусціць, аднак тут яшчэ і адзінкавасць фіксацыі, таму дэфініцыя выклікае сумненне. Укр. дыял. калюга ’гразь на дарозе’, ’лужына’, ’выбоіна на дарозе’, чарніг.-сумск. ’вада пасярод дрыгвы’, рус. зах.-бран., бран., курск. калюга ’лужына’, курск. ’неглыбокая азярына’, белгар., бран. ’яма з вадой’, польск. kaluga ’лужына’, славін.-каш. kʼaluga, kʼalëga ’лужына на дарозе’, серб.-харв. ка̀љуга ’лужына, гразь, твань’. Суфіксальны варыянт да калуга, kaluga (беларускія формы такога тыпу нам невядомы), вытворнага ад kalъ (суфікс ‑uga), гл. Трубачоў, Эт. сл. 9, 126, параўн. таксама калужа (гл.).