Трыгу́біца (трэгу́біца, трыгу́бка, тру́біца) ‘рыбалоўная снасць з трох палотнаў (дзве сеткі па баках з рэдкімі вочкамі — рэдзі, а сетка пасярод — густая з вочкам, куды трапляе рыба)’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Шат., Сцяшк.; ашм., Яшк. Мясц., Скарбы₂; докш., валож., ЛА, 1; мін., гродз., Браім, Рыбалоўства, 45), трогу́біцʼа ‘тс’ (зах.-палес., Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 25), трыгу́біца ‘трохсценная сетка на птушак’ (Чач., Нас., Цярохін, Охота), ‘восці з трыма зубамі’ (Нас.), трыгу́бка ‘тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел. тригубица, трыгубіца ‘рыбацкая сетка (1557 г., ГСБМ), параўн. рус. трегубица, польск. trygubica, tryubica, trubica, drgubica, drygubica ‘трайная сетка на рыб і птушак з густой сярэдняй і рэдкімі бакавымі часткамі’, балг. тра́губа, търгу́ба, търгу́бица ‘сетка з падвойнай ніжняй часткай (пазухай)’, чэш. trýhubkaвід сеткі для лоўлі птушак’. Прасл. *trьgubica ад *trьgubъ ‘трайны’, або ад *trьgubiti ‘патройваць’, параўн. ст.-слав. трьгоубити ‘тс’, літ. trìgubas ‘трайны’. Пачатак слова Фасмер (4, 95) звязвае з прыставачным ц.-слав. тре‑, параўн. ст.-рус. тресвѣтлое слънце ў “Слове аб паходзе Ігаравым” (гл. трыкляты); другая частка ўзыходзіць да *gubъ (гл. губ) з першасным значэннем ‘складка’ (SEK, 2, 228). Значэнне ‘восці’ другаснае ў выніку атаясамлівання губ = зуб. Гл. таксама Брукнер, 578 (сумненні адносна прынятай этымалогіі); Кодаў, Сп. на БАН, 63, 151; Нізіньска, ZPSS, ser. 3, 1968, 227–232; Карскі 2-3, 99.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́каць ‘крычаць на каго-небудзь, тупаючы нагамі’, ‘нападаць пастаянна на каго-небудзь’ (Нас., Некр. і Байк., Шат., Мат. Гом.), ‘гаварыць, заклікаць’ (Ян.), ‘заганяць (жывёлу), крычаць’, ‘падаўляць, прыніжаць’ (Вушац. сл.), ту́каць‑гу́каць ‘лаяць, пакрыкваць, нападаць’ (паст., Сл. ПЗБ), ту́каць‑лю́каць ‘тс’ (лаг., Гіл.), ту́кыць ‘крычаць, пагражаць’ (Яўс.; мёрск., Нар. сл.), ‘грозна пакрыкваць’ (Юрч. СНЛ), ‘крычаць, палохаць крыкам’ (Мядзв.), тукава́ць ‘напамінаць’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. рус. бранск., смал. ту́кать ‘крычаць, лаяцца’: все на ее тукают; хозяин тукал на собаку (СРНГ), серб. цімак. ту́кати ‘цкаваць, нацкоўваць’: немој да тукаш куче (СДЗб, 57, 941). Гукапераймальнае ўтварэнне на аснове выклічніка ту! (гл. ту1) для адпалохвання, запалохвання: усе дзеці як дзеці, а на цябе тукай, як на ваўка (Рэг. сл. Віц.), параўн. фразеалагізмы: на пень брахаць, на калоду тукаць ‘гаварыць недарэчнае, неразумнае, непрыстойнае’ (Даніл. Сл.), зверьху сукны, а пад нізом — хоць тукні (ветк. “на від красівы і харошы, а будзя звер-звярюга”; Palaeoslavica, 31, 168), а таксама фалькл. ту́каўшчына ‘даніна мёдам царкве за дазвол тукнуць (крыкнуць ту!) у божым храме’ (т. зв. смехаўё, запісанае Раманавым у пач. XX ст., гл. Фядосік, Рэгіян. асабл., 1973, 113). Сюды ж ту́кыньня ‘грознае пакрыкванне’ (Яўс., Юрч. СНЛ), ту́канне ‘пастаянныя нападкі’ (Нас.), ту́кнуць ‘крыкнуць, каб напалохаць’ (Яўс.), ту́кала ‘які назаляе частай лаянкай’ (Нас.), ту́кыннік ‘той, хто пакрыквае’ (Юрч. СНЛ). Гл. таксама гукапераймальныя гукаць, люкаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыго́жы, ‑ая, ‑ае.

1. Які прыносіць асалоду сваім знешнім выглядам, вызначаецца гармоніяй фарб, ліній, форм. Прыгожы від. Прыгожы дом. Прыгожая знешнасць. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. На тумбачцы каля ложка хворага ў шкляным збанку стаялі прыгожыя свежыя кветкі — белыя і ружовыя астры, цёмна-карычневыя гваздзікі. Краўчанка. // Які вызначаецца сваёй гарманічнасцю, стройнасцю, зграбнасцю рухаў. Прыгожы танец. □ Усё .. рабіла .. [Таццяна], не спяшаючыся, скупымі і прыгожымі рухамі спрытнай гаспадыні. Шамякін. // Добры, пагодлівы; маляўнічы (пра час, пару). Прыгожы вечар. Прыгожы зімні дзень. □ Сухая, прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны: дыму, копаці, смерці. Шамякін. Стаяў той асабліва прыгожы дзень, якія бываюць звычайна ў канцы жніўня месяца. Лынькоў. // Які прыемна гучыць, добра ўспрымаецца на слых. Прыгожае імя. Прыгожая мелодыя. Прыгожая песня.

2. Які мае багаты ўнутраны змест, вызначаецца ўнутраным хараством. Сёння стары апавядаў пра мінулыя дні барацьбы, пра тое,.. як адданы былі [рэвалюцыянеры] сваёй небяспечнай, але прыгожай і слаўнай справе. Зарэцкі. Самая прыгожая ў свеце — У краіне нашай маладосць! Броўка.

3. Неадабр. Эфектны знешне, але беззмястоўны. — Сапраўдны чалавек мірнае жыццё плануе, — заўважыў Ягор і .. засароміўся, што словы выйшлі занадта ўжо прыгожымі... Кавалёў.

4. у знач. наз. прыго́жае, ‑ага, н. Тое, што адпавядае ідэалам прыгажосці, хараства. Пачуццё прыгожага. Праблема прыгожага. □ Так, прынцэса ў поўным росквіце маладосці. Яна прыгожая, і шукае прыгожага, і пакланяецца прыгожаму. Купала. Метад крытычнага рэалізму не выключае, а, наадварот, мае на ўвазе ідэал, прыгожае, якое сцвярджаецца, між іншым, праз адмаўленне агіднага. Конан.

•••

Прыгожае пісьменства гл. пісьменства.

Прыгожы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перспекты́ва, ‑ы, ж.

1. Від у далячынь з якога‑н. месца; даль. Я вяртаюся на месца, дзе канал злучаецца з Бярэзінай, і спыняюся на невялікім мыску, створаным берагам ракі і берагам канала. Адсюль адкрываецца далёкая перспектыва ўверх і ўніз па плыні. В. Вольскі. Юткевіч выйшаў за вайскоўцам у доўгі напаўцёмны калідор. У перспектыве свяціліся шкляныя дзверы. Мікуліч.

2. Спосаб адлюстравання аб’ёмных прадметаў на плоскасці з улікам уяўных змяненняў іх велічыні, абрысаў, выразнасці ў залежнасці ад ступені аддаленасці ад наглядальніка. Законы лінейнай перспектывы. // Аб’ёмнасць, суадносіны аб’ёмных прадметаў і іх частак. Адсутнасць перспектывы.

3. Раздзел начартальнай геаметрыі, які вывучае правілы і спосабы праекцыі прадметаў на плоскасць.

4. пераважна мн. (перспекты́вы, ‑тыў); перан. Планы, віды на будучае. Перспектывы далейшай работы. Перспектывы на ураджай. □ Ля вогнішча ідзе гутарка пра перспектывы развіцця рыбнай гаспадаркі на возеры. В. Вольскі. // Будучае, магчымасці, спрыяльныя ўмовы развіцця чаго‑н. у далейшым. Яно і добра, што ёсць з каго браць прыклад, — светлая перспектыва заўсёды заве наперад. Кулакоўскі. [Заранік:] — Зона.. [машынна-трактарнай станцыі] глухая, вельмі пацярпела ад акупацыі, але з перспектывамі... Хадкевіч. Рабочыя памяталі аб даваенных крызісных гадах, аб жахлівых нягодах беспрацоўнага жыцця, пазбаўленага ўсякіх перспектыў і надзей. Лынькоў. Бацька не бачыў у агранаміі тэхнікі, а таму і ніякіх перспектыў. Пестрак. // Тое, што, па меркаванню каго‑н., павінна наступіць. Адзіночка, а пасля перспектыва васьмігадовага вандравання з астрога ў астрог страшылі .. [Гурына]. Машара. Доктара ніколі не захапляла перспектыва цягаць аднаго за другім шчупакоў або акунёў. Васілевіч.

•••

У перспектыве — у будучым, у далейшым. [Паддубны] прадчуваў, што ў перспектыве будуць неймаверныя цяжкасці і небяспекі. Пестрак.

[Фр. perspective.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ву́зел 1, ‑зла, м.

1. Месца, дзе звязаны канцы чаго‑н. або зацягнута пятля на чым‑н. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік.

2. перан. Складанае спляценне якіх‑н. падзей, збег акалічнасцей. Вузел супярэчнасцей. Драматычны вузел п’есы. □ [Галена:] — Вы, здаецца, усе таксама ўблытаны ў гэтым вузле. Чорны.

3. Месца перакрыжавання, стыку чаго‑н. Чыгуначны вузел. □ Відно было з другога паверха, як у адным месцы сыходзяцца ў вузел палявыя дарогі. Чорны.

4. Сукупнасць размешчаных побач збудаванняў, машын, механізмаў і пад., звязаных паміж сабой. Энергетычны вузел. Радыётрансляцыйны вузел. Вузел абароны. // Частка машын, механізмаў, якая з’яўляецца злучэннем больш простых дэталей. Вузлы аўтамашыны.

5. Патоўшчаная частка сцябла з парасткамі або лісцямі. Лісцявы вузел.

6. Від прычоскі з доўгіх валасоў, закручаных на патыліцы. Аня Папова, трымаючы ў зубах шпількі, стаяла перад люстэркам і заколвала на патыліцы цяжкі вузел кос. Васілевіч.

7. Скапленне нервовых клетак. Нервовы вузел. // Патаўшчэнне сасудаў; бугорчык на скуры. Вузлы жыл.

8. Тое, што і клунак. Гаспадыня сама выбрала ўсё найлепшае, навязала ў настольнік даволі вялікі вузел, прыладзіла яго сабе на плечы. Шамякін.

•••

Марскі вузел — агульная назва рознага віду петляў і спосабаў звязвання тросаў.

Мёртвы вузел — асобы спосаб звязвання вяровак.

Санітарны вузел — памяшканні, абсталяваныя для санітарна-гігіенічных мэт (ванная, пральня, прыбіральня і пад.).

Гордзіеў вузел — пра заблытаныя абставіны, справы.

Рассячы гордзіеў вузел гл. рассячы.

ву́зел 2, ‑зла, м.

Мера скорасці ходу суднаў, роўная 1,852 км у гадзіну.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Аўдо́тка1 ’дробная рыбка’ (Бяльк.), невялікая азёрная рыбка’ (Нас., Грыг.), від рыбы Nemachilus barbatulus, радзей іншыя віды дробных рыб’ (Жук. 192, 194, 196, 327, 397; назва вядома ў басейнах Дняпра і Сожа), укр. авдотка, авдотька, рус. авдотка (Ліндберг-Герд, Словарь, 204; басейн Дзясны). Да аўдод, удод (гл.), параўн. таксама ўкр. удотка, рус. удотка ’тс’; магчыма, другаснае збліжэнне з уласным імем Аўдоцця (разм. Аўдотка), самым частым жаночым імем у Расіі XVIII–XIX стст., параўн. Ніканаў, Этимология–1970, 138, а таксама сведчанне, што сялянак, якія прыходзілі ў Смаленск на свята, называлі «авдотками» (Дабр.). Пад уплывам іншых размоўных форм уласнага імя Аўдоццябел. ваўдзюшка (Куч.), укр. авдошка, авдюшка, евдотка, евдошка, євдюшка, рус. авдюшка, евдотка, евдюшка, параўн. Пізані, Paideia, 8 (1953), 2, 111; Трубачоў, Дополн., 1, 6. Ледэр, Fischn., 120, у адносінах да пералічаных усходнеславянскіх форм дапускае малаверагодную з боку фанетыкі і семантыкі магчымасць змяшэння на базе народнай этымалогіі дзвюх груп назваў, што паходзяць ад удод і ад рус. вдох (параўн. асабліва рус. евдошка ’Umbra krameri’, для якой характэрна глытанне паветра з паверхні вады). Аснова збліжэння з удод, аўдод — стракатасць афарбоўкі; з уласным імем — шматлікасць.

Аўдо́тка2 ’птушка Burhinus aedicnemus’ (БелСЭ). Гукапераймальная назва, параўн. Мензбір, Птицы, 1, 231–232; у беларускай літаратурнай мове, магчыма, з рус. авдотка, параўн. беларускія народныя назвы гэтай птушкі кулік, палявы кулік, стрэпет (Федз.–Доўб., Птицы, 94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бабура, бабурка ’макрыца, сараканожка’ (Нас., Інстр. II, Інстр. лекс.). Да ба́ба1? Тады маем справу з табуістычнай назвай. Непрыемныя жывёлы, насякомыя часта носяць назвы, утвораныя ад ба́ба (магчыма, у значэнні ’чарадзейка’). Параўн. укр. бабин пес, бабин вовк ’касматая гусеніца’. Але не выключаецца, што бабу́ра — вытворнае ад вядомай слав. асновы bab‑ (bǫb‑, bob‑; аб гэтым Попавіч, ЈФ, 19, 159–171; параўн. таксама Мяркулава, Очерки, 36–37), якая служыць для абазначэння круглых прадметаў. Дакладная адпаведнасць бел. слову — серб.-харв. ба̀бура ’макрыца’, але, напэўна, гэта незалежныя ўтварэнні. Параўн. таксама рус. назвы насякомых: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’матыль, страказа; дробныя насякомыя’ (другую этымалагічную версію, здаецца, падтрымлівае існаванне рус. бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ і г. д.).

Бабура, бабурка ’матыль’ (Інстр. лекс.). Параўн. і ба́бка ’матыль; страказа’. У рус. мове: бабу́ра ’матыль’, бабу́рка ’страказа; матыль’. Паходжанне няяснае. Або да ба́ба ’жанчына, бабуля’ (суф. ‑ура, гл. ба́бка, ба́бачка ’матыль’, там аб матывацыі) або да слав. асновы *bab‑ (гл. бабу́р ’малады акунь’). Паколькі справа ідзе аб аснове, якая звычайна выказвае паняцце круглага, галавастага, можна меркаваць, што першапачаткова бабу́ра азначала страказу (вялікая галава, тонкае тулава), а потым была перанесена на іншых лятаючых насякомых (матыля).

Бабура, бабурка ’расліна’ (Інстр. лекс.) (якая?). Параўн. рус. бабу́р, бабу́равід грыба’, бабу́рка ’бутон кветкі; пупышка’ (да назвы і словаўтварэння гл. Мяркулава, Очерки, 180). Бясспрэчна, да вядомай асновы баб-, але семантычная матывацыя няясная; аб гэтым гл. Мяркулава, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ляны́, ля́ный, ле́ны, лены́ ’лянівы’ (ТСБМ, Нас., Мікуц., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Пятк., Маш., КЭС, лаг., ТС; Сл. ПЗБ), слуц. ле́ны дуб ’адзінокі дуб на лузе, у полі’ (БНТ, Лег. і пад.); зах.-рус. ленный, ленной ’гультаяваты’, ст.-рус. лѣный ’павольны’, ’гультаяваты’, польск. leny, в.-луж. lěni, lěny, lijeni ’тс’, чэш. líný ’слабы, самлелы’, ст.-чэш. léni, léný, славен. lẹ̑n, серб.-харв. lȉjen, чак. ле́нӣ, усх.-серб. ле̂њ, ст.-слав. лѣнъ. Прасл. lěnъ ’гультаяваты, павольны, марудны’ (Слаўскі, 4, 157–159). Да і.-е. lē‑ (Шустар-Шэўц, 826). Генетычна яму адпавядаюць: літ. lė́nas ’спакойны, ціхі’, ’слабы’, лат. lḕns ’тс’, літ. lė̃tas ’павольны, ціхі’, lėtùs ’тс’, лац. lēnis ’мяккі, пяшчотны’ (Фасмер, 2, 482–483). Аткупшчыкоў (Из истории, 246) звязвае гэту лексему з коранем leg‑/log‑ > *leg‑s‑nis > лѣнь (пры ізасемантычным радзе ’ляжаць’ — ’гультай’: leg‑e‑nis > лежень), параўн. таксама паралельнае развіццё раду вытворных асновы лѣн — у рускіх гаворках са значэннем ’ляжаць’, напр. лѣнуха, лѣнивка ’лава ля печы’. Сюды ж лень‑дубвід дуба, які позна распускаецца’ (ТС), ляні́вы (ст.-бел. ленивый, лѣнивый) ’непрацалюбівы, марудны ў працы, у рухах, вялы’, ляні́цца, лыны́тысь ’ленавацца’ (КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, ТСБМ, Яруш.; Панюціч, 101). Гл. таксама лень1, лень2, ляна́.

Ля́ны2 ’ільняны’ (Сцяшк., маладз. Жыв. сл.). Ля́ны выхад ’рабочы дзень на ўборцы льну’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Да лён, ільняны (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ст ’спрасаванае граблямі бярэмя сена’, ’шчыльны слой чаго-небудзь’, ’гарызантальны слой пароды’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сцяшк. Сл., Яруш., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк.; сміл., арш., Стан.; ЛА, 2), віл. пласто́к ’бярэмя, ахапак’ (Жыв. сл.), ’плоскі слой гліны’ (Вярэн.; Жыв. НС), ’лён, што застаецца на шчотцы пры часанні кужалю’ (міёр., Шатал.), ’пачаскі’ (воран., Сл. ПЗБ), пла́сцік ’кавалачак парэзанай бульбы’ (Вешт.), пласце́нь ’пласт мёду, сена’ (Нас.), пласт ’укладванне палатна ў час бялення — гармонікам’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’сувой палатна’ (барыс., ЛА, 4), пла́стам ’выцягнуўшыся’ (Нас.). Укр. пласт, пластівʼя ’слой’, ’галіна хвойнага дрэва’, ’складзеная капа сена’, пласцʼе́нка ’абярэмак сена’, пластє́ ’жардзіны, прызначаныя для будаўніцтва’, рус. пласт ’валок скошанай травы’, ’бярэмя сена, якое бярэцца віламі’, польск., в.-луж. płast ’соты’, чэш. plást і plástev, славац. plást ’тс’, ’сотавы мёд’, славен. plȃst, plȃstje, plȃstovje ’слой’, ’малы стог’, серб.-харв. пла̑ст ’капіца, стажок, тарпа’, ’слой’, макед. пласт, балг. пласт ’пласт’. Прасл. *plastъ з мяркуемым першасным значэннем ’шырокі і тонкі слой, пласт’ (Махэк₂, 455) ці ’мата, від пляцёнкі, падобнай да тканіны’, якое з і.-е. *plōt‑t‑u‑s: ст.-інд. práthati ’пашырае’, ’раскладаецца (пра труп)’, літ. išplė́sti, išplė̃sti ’пашырацца, распаўсюджвацца’, лат. plats ’шырокі, прасторны’, ст.-інд. pr̥thú‑ ’шырокі’, с.-в.-ням. fletze ’слой пароды’, італ. fiadone ’пласт мёду’. Буга (РФВ, 73, 336) звязвае прасл. *plastъ з літ. plãštaka, plaštakà ’далоня’, Траўтман (223) і Мацэнаўэр (LF, 12, 349) — са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’, гл. плоскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плю́ха1 ’аплявуха’ (Нас., Др.-Падб., Яруш., Бяльк.). Скарочанае ад апляву́ха, пляву́ха (гл.) < плява́ць, варыянт плюва́ць (на рукі перад тым, як біць) пры ад’ідэацыі гукапераймання плюх! — гук пры пляванні (Шат.), параўн. плю́хаць ’пляваць’ (Шат.; швянч., Сл. ПЗБ; Растарг.) і плю́хнуць ’даць аплявуху’, выраз плю́ху падняў ’упаў азадкам’ (Нас.); плюх! — ’удар ад падзення мяккай часткай цела’ (Стан.). Рус. плю́ха ’аплявуха’ (ад плю́хнуть) Фасмер (3, 290) параўноўвае з лат. pļaũka ’тс’ (ад pļaut ’касіць, біць’). Гл. плю́хаць1.

Плю́ха2 ’аер, Acorus calamus L.’, ’касач, Iris L.’ (ТС; ЛА, 1). Магчыма, адваротны дэрыват ад плюшня, плюшнік, плюснік (гл.).

Плю́ха3 ’лёгкі малакаларыйны торф з мноствам пустацелых травяністых каранёў’ (слуц., Нар. словатв.). Да плю́ха2. Параўн. літ. plaušà ’асака’ і ’асаковы торф’ і pliūšė̃ ’трыснёг’.

Плю́ха4 ’грыб каўпак ігольчасты, падбалацянка’ (пін., Жыв. сл.), плю́хі ’салянкі, пласцінчатыя спажыўныя грыбы з светла-шэрай шапкай, якія растуць вялікімі зросткамі’ (карэліц., Нар. словатв.), ’від асенніх грыбоў’ (слонім., Жыв. НС), плю́ха, плюхі ’шампіньёны’ (Жд. 3), параўн. рус. маск. плю́ха ’шаруха, Lactarius flexuosus’. Апошняе слова Гаўлава (Etym. Brun., 1, 22) звязвае з пліскі ’лісічкі’ (гл.), што ў сваю чаргу ідэнтыфікуецца з *plʼuska ’скурка, лупінка’, бо шапачкі грыбоў маюць лускавінкі.

Плю́ха5 ’неахайная жанчына’ (пін., ЖНС), параўн. польск. plucha ’плюгавец’ — экспрэснае сцягненне замест plugawiec ’тс’ (Банькоўскі, 2, 611). Хутчэй за ўсё, самастойнае ўтварэнне ад плю́хаць ’боўтацца ў гразі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)