Спень ‘шпень, кароткі выступ, завостраная кароткая палачка і інш.’ (ТС), укр. дыял. спінь ‘востры канец верацяна’. Апошняе, паводле Трубачова (Ремесл. терм., 100; Труды, 1, 778), роднаснае н.-луж. špeńc ‘стрэмка, асцюк, калючка, жала, страла, расток’ < *spěnьcь, *spьnьcь < прасл. дыял. *spьnь, spinь што звязала з лац. spīna ‘іголка, шып’, spīnus ‘цёран’. Можа паходзіць таксама з рум. spin ‘калючка, іголка’ (ЕСУМ, 5, 374). Гл. аднак шпень ‘штыр, стрыжань’, ‘вастрыё ў верацяне’, шпе́ніць ‘шчыльна састаўляць’, якія несумненна да польск. śpień ‘злучэнне, запанка’, параўн. шпо́нка ‘драўляны шып, якім замацоўваюцца дошкі (Ян.), што, хутчэй за ўсё, звязана з ням. Spahnтрэска’. Няясна, магчыма, вынік налажэння семантыкі розных па паходжанні слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траско́ўнік ‘дрывотнік’, ‘месца на двары, дзе сякуць дровы’ (Мат. Гом., Мат. Маг.; бялын., Нар. сл., ЛА, 1), ‘дробныя трэскі, смецце’ (Ян.), траско́ўня ‘дрывотнік’ (Мат. Гом.), траско́ўя ‘месца, дзе колюць дровы’ (Бяльк.), трасо́чнік ‘месца, дзе сохнуць трэскі’ (Сцяшк., Янк. 2), трасо́чнік і трасо́тнік ‘месца, дзе колюць дровы і куды высыпаюць смецце’ (Сл. ПЗБ), ‘смецце’ (Мат. Гом.), ‘перагной на дрывотні, які вывозяць на поле, на агарод’ (докш., Янк. Мат.), ‘дробныя трэскі, рознае смецце пад паветкай’ (Янк. 2). Вытворныя ад трэ́ска (гл.). Параўн. рус. дыял. тресо́чник ‘перагной з трэсак і бур’яну’, якое Мюленбах і Эндзелін (4, 223) параўноўваюць з літ. trèšti ‘гніць’, лат. tresêt ‘тс’, гл. Фасмер, 4, 100.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Луска́, лузка́, лусга́, луцка́ ’слаістае покрыва чаго-небудзь’, ’луска рыб і гадаў’, ’перхаць, лускавіны на скуры жывёлы’, ’смецце ў збожжы’, ’высеўкі’, ’лупіна, вонкавая абалонка плода, стручка’, ’шалупайка ад яйка’, ’луска цыбулі’ (Нас., Гарэц., Бес., Мядзв., Шат., Касп., Мат. Гом., Бяльк., Вешт., ТСБМ, ТС, Растарг., Янк. 1, Сл. ПЗБ; Д.-З., Пін.; барыс., Шн. 3; КЭС, лаг.). Укр. луска́, лемк. лу́ски ’стручок’; рус. луска́, ст.-рус. луска ’луска’; польск. łuska, в.-луж. łuska, чэш. luska, мар. łuska, славен. lȗska, серб.-харв. лу̏ска, лјȕska, ст.-балг. луска. Прасл. luska ’знешняе покрыва пладоў, насення, яек, рыб, гадаў’. Да і.-е. *leu‑sk‑ (і.-е. адпаведнікі: лат. laûska ’асколак, чарапок, трэска, нешта зламанае, патоўчанае’, laûskas ’перхаць’, ’шалупінне’, літ. luskà ’лахман’, lusnà ’лупіна, луска’ (Слаўскі, 5, 348–352), а таксама, відаць, асец. lyskʼ, liskʼæ ’гніда’ (Абаеў, 2, 56). Параўн. лузга́ і луза́ць (гл.). Сюды ж лу́сачка, лускаві́нне ’асобная пласцінка лускі’, лускава́ты ’пакрыты луской’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аске́пак, аскёпак ’асколак, шчэпка, трэска’. Параўн. яшчэ атськёпык ’адшчэпак’ (Бяльк.). Рус. дыял. паўдн. оскепок ’аскепак’, укр. оскипище ’ручка грабляў’. Ст.-рус. оскѣпъ ’кап’ё’. Паводле значэння, рускае і беларускае словы тлумачацца як суфіксальныя ўтварэнні ад дзеяслова, засведчанага ў Даля: оскепать ’ашчэпяць’; параўн. абрывак, адломак. Іншае магчымае тлумачэнне: памяншальнае ад аскеп (ст.-рус. оскѣпъ) семантычна менш верагодна. Дзеяслоў оскѣпати (> назоўнік оскѣпъ) утвораны ад дзеяслова скѣпати > скяпаць (гл.). Захаванне ў націскным складзе ў бел. аскепак е (пры пераходзе яго ў ё ў некаторых магілёўскіх гаворках) можна лічыць як сведчанне ў карысць гіпотэзы Якабсона (IJSLP, 1/2, 270) пра тое, што ск захоўвалася тут перад оі, з якога ўтварыўся ѣ. Аскепак і шчэпка словы аднакарэнныя. Малаверагодная думка Даля (IV, 195), падтрыманая Когенам (Запіскі, 1, 236–237) і Сцяцком (Нар. 27), пра роднаснасць аскепак і скіба ’луста’, якое запазычана праз польскую з нямецкай мовы. Семантычна скіба, скібка не ўжываюцца, калі справа ідзе пра дрэва, фанетычна кепска тлумачыцца б і не найлепшым чынам і. Гл. скіба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скі́ба, скі́бка ‘луста хлеба’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Ласт., Касп., Байк. і Некр., Варл., Бяльк., Гарэц., Сцяшк., Шн. 3, Мал., Янк. 3., ТС, Сл. ПЗБ, Бір. дыс., ЛА, 4), ‘пласт, вал зямлі, які адкідаецца плугам пры ворыве’ (ТСБМ, Шат., Бес., Сл. ПЗБ), скі́бкатрэска’, ‘невялікі кавалак’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. скиба ‘луста’ (Альтбаўэр). Праз польск. skiba ‘луста хлеба , ‘пласт зямлі’ (Кюнэ, Poln., 96; Брукнер, 493) з ст.-в.-ням. scîba ‘луста’; Карскі (Белорусы, 157) у якасці зыходнай формы ўказваў н.-ням. Skeebe (Scheibe), што да ісл. skífa ‘луста’, аднак апошняе, як і дапушчэнне аб спрадвечнаславянскім паходжанні (набліжаецца да скубаць.; гл. Ільінскі, РФВ, 78, 203), абвяргаецца Фасмерам (3, 639). Ст.-бел. скиба ‘луста; скіба’ запазычана з ст.-польск. skiba ў пачатку XVI ст. (Булыка, Лекс. запазыч., 102). Гл. таксама Коген, Запіскі, 2, 236–237, дзе аўтар схіляецца да прапановы Ільінскага аб роднасці з скубаць (гл.) і ўзводзіць да ням. schiebe, с.-в.-ням. scîba і названую форму да і.-е. *skeib‑/*skeub‑, суадносную з і.-е. *skep‑/*skop‑, прадстаўленай у аскепак, шчапаць, скапец2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скрыль ‘луста, скіба’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Касп., Мядзв., Бяльк., Янк. Мат., Жд. 1), ‘пласт узаранай зямлі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘вашчына’ (там жа), ‘жменя льну’ (мядз., там жа), ‘губа на дрэве’ (ТС), скрылі́ ‘нарэзаная і падсмажаная бульба’ (Бяльк., Мат. Гом., Янк. Мат.), скрылькі́ ‘суп з бульбы’ (барыс., Жд. 1), скрыль ‘соты з мёдам у раме’ (віл., З нар. сл.), памянш. скры́лік, скрыля́ць ‘рэзаць скрылямі’ (ТСБМ, Касп., Нас., Ласт.; ашм., Стан.; Сл. ПЗБ). Рус. зах., паўд. скрыльтрэска, лучына, луста хлеба’, польск. дыял. skrzyl ‘бераг, край’, чэш. skřidla, škřidla ‘сланец, чарапіца’, славац. škridla ‘тс’, серб.-харв. скри́ла, шкри́ља, шкриљац ‘тонкая каменная плітка’, славен. skríl ‘сланец’, skríla ‘каменная плітка’, škríl, škríla ‘сланец; ільдзіна’. Прасл. *skridlь або *skridla ‘што-небудзь расшчэпленае, расколатае, адрэзанае’. Мяркулава (Этимология–1982, 46–47) узнаўляе прасл. *skriti ‘рэзаць’, адкуль выводзіцца смал. скрыля́ць ‘шчыпаць’. Сной₁ (575) дзеяслоў рэканструюе як *skristi, skridǫ ‘рэзаць , які да і.-е. базы *skreid‑ ‘рэзаць, шчапаць’. У якасці паралеляў ён прыводзіць гоц. diskretends ‘торгаючы, ламаючы’, ням. бавар. schritzen ‘ламаць, торгаць’, нова-в.-ням. schritz ‘разрэз’. Фасмер (3, 659) звязвае з кроіць, крою (гл.). З прычыны праславянскага і агульнаславянскага характару слова нельга лічыць яго запазычаным з літ. skrỹlis ‘варэнікі; аладкі; абрэзкі цеста’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 39 з літ-рай), параўн. Анікін, Опыт, 283 з літ-рай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скула́ ‘гнойны нарыў, фурункул’ (Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сцяшк., Сержп., ЛА, 3), ‘нарыў, фурункул’, ‘залатуха’ (Сл. ПЗБ), ‘нарыў’, ‘нарасць на дрэве’ (ТС), скула ‘гнойны нарыў, фурункул’ (ТСБМ, Ласт., Растарг.; ашм., Стан.; Варл., ЛА, 3, Клім.), ‘рожа (хвароба)’ (Бес.), ‘нарыў’, ‘залатуха’, ‘трахома’, ‘прыступ эпілепсіі’ (Сл. ПЗБ), ‘выступ на твары, ягадка’ (ТСБМ, Сцяшк.). Укр. ску́ла ‘скула, шышка на целе’, рус. скула́ ‘косць чэрапа’, дыял. ‘пухліна, фурункул’, польск. skuła ‘скула, нарыў, хвароба горла’, дыял. ‘хвароба капыт у кароў і свіней’, чэш. skula, skulina, škulina ‘шчыліна, адтуліна’, славен. skȗla ‘нарыў, хвароба капыт’, серб.-харв. skȕla ‘нарыў, кароста, хвароба капыт’, балг. скула ‘рана, язва’, ску́ли ‘прышчы, нарывы, струпы’ і ‘косці чэрапа’, макед. скула ‘сківіца, ягадка’. Этымалагічныя версіі спрэчныя. Параўноўвалі з прасл. *skala, *skelina (гл. скала́1, шчыліна); гл. Праабражэнскі, 2, 315; Махэк₁, 450; Голуб-Копечны, 335, што Фасмер (3, 661) і Куркіна (Этимология–1971, 69–70) лічаць сумніўным па фанетычных прычынах. Няпэўная роднасць з літ. káulas ‘косць’ (Брукнер, ZfslPh, 4, 213). Паводле Куркінай (там жа), аднаго паходжання з *kyla ‘кіла’; ад і.-е. *(s)kōulā ‘гнуць, згінаць, быць выпуклым’, адкуль ‘пухліна, уздуцце, выпукласць’, але гэта не тлумачыць значэння ‘адтуліна; шчыліна’. Бярнар (Бълг. изсл., 272–273) лічыць, што значэнне балг. скула ‘рана, язва’ семантычна аб’ядноўвае значэнні ‘скула’ і ‘шчыліна’. Ільінскі (РФВ, 78, 200) і Скок (3, 272) мяркуюць аб роднасці са с.-в.-ням. schielтрэска, адломак’, што таксама спрэчна. Следам за Ільінскім Коген (Запіскі 2, 1, 237) узводзіць слова да і.-е. *skoul‑ як варыянта *skeu̯el‑, прыводзячы ў якасці паралелі рус. выль ‘гуля, шышка’ < і.-е. *ūl‑, параўн. лац. ulcus ‘балячка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ска́ла1 ‘прылада, пры дапамозе якой наматваюць цэўкі’ (докш., Янк. Мат.). Рус. скала́, ска́ло, ска́лка ‘тс’. З *съкало, першапачаткова назоўнік з суф. ‑dlo ад *sъkati (рус. скать); з інш. ступенямі чаргавання гл. сукно, сукаць, сучыць (Праабражэнскі, 2, 293; Фасмер, 3, 631). Параўн. сукала (гл.). Сюды ж, відаць, ска́ла ‘скрутак лубу, дубовай кары’: здымалі кару, скручвалі ў трубу — “скалу” і затаплялі “ў мачышчах” (Лакотка, Борыс, Сцежкамі дзядоў. Мн., 1986, 124). Параўн. аднак скала́ ‘бяроста’ (гл. наст, слова), дзе больш прымальным здаецца паходжанне ад *skal‑ ‘сячы, калоць’.

Ска́ла2 ‘бяроста’ (Бломкв.). Параўн. рус. скала́, ска́ла ‘тс’, разам з скала́ ‘каменная глыба’ звязваецца з ска́лить ‘трэскацца’, што да *skel‑/*skal‑, роднаснага літ. skélti ‘расколваць’, skalà ‘лучына, трэска’, лат. skals ‘тс’ (Фасмер, 3, 630), насуперак Тапарову (Балтийские яз., 46), які лічыць падмаск. скала́ ‘бяроста’ субстратным балтызмам. Гл. спецыяльна Анікім, Опыт, 278.

Скала́1 ‘каменная глыба, гара з крутымі схіламі, вострымі выступамі’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб.; ашм., Стан.), ‘вельмі цвёрдая гліністая глеба’ (Касп.; астрав., Ск. нар. мовы), ‘вапняк’ (Касп., Сл. ПЗБ), ‘камяністая глеба’ (ЛА, 2), ‘буры балотны жалязняк, якім выкладаюць сцены скляпоў, ям у зямлі’, ‘празрысты лёгкі мінерал, т. зв. “чортаў палец”’ (Яшк.), “скалою зовутся и кремень, и кремневые орудия каменного века — «перуновы стрелы»” (Рам. 5, 176), ‘выемка ў прырэчным камені’ (лях., Архіў БЭЛА), ст.-бел. скала ‘каменная гара’ (XVIII ст., Карскі 2-3, 459), укр. скала́ камень’, рус. скала́ ‘каменны ўцёс, каменная глыба’, ст-рус. скала ‘скала’, польск. skała ‘скала; камень’, старое ‘расколіна’, в.-луж., н.-луж. skała ‘скала’, чэш. skála ‘скала; камень’, славац. skala ‘камень’, славен. skála ‘скала’, ‘трэска’, балг. скала́ ‘камень’, макед. скала ‘каменны выступ’. Прасл. *skala. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. skeliu, skelti ‘расколваць’, skílti, skįlù ‘трэскацца’, skalà ‘шчапа, лучына’, лат. skala ‘тс’, ст.-ісл. skilja ‘расчляняць’ і г. д.; гл. Фасмер, 3, 630; Махэк₂, 545, Траўтман, 264. Усё да і.-е. кораня *(s)kel‑ ‘калоць, рэзаць’. Першаснае значэнне слова ‘востры камень, камень, які атрымаўся ў выніку расколвання ў адрозненне ад каменя ў глебе, рачной гальцы і да т. п. Борысь (550) *skala разглядае як дэрыват ад прасл. *skolili з рэгулярным падаўжэннем галоснага ў корані o → a, параўн. рус. дыял. осколить ‘абцясаць вакол, ачысціць’, якое далей да *(s)kel‑. Гл. яшчэ БЕР, 6, 718; Сной₂, 570 (*skala лічыць дэрыватам ад *skaliti, гл. скаліць).

Скала́2 ‘маланка’ (капатк., ДАБМ, камент., 901; малар., іван., лях., пін., стол., лун., мазыр., Архіў БЭЛА). Фармальна, як і скала1, да кораня *(s)kel‑, г. зн. ‘якая расколвае (неба)’. Але магчыма і непасрэдна звязаць гэтыя два значэнні праз фальклорна-міфалагічныя ўяўленні славян, паводле якіх скала ‘страла Перуна (каменная)’; такія скалы́, таксама як гром і маланка, адносіліся да арсенала Перуна (аб чым падрабязна Іванаў–Тапароў (Иссл., 85 і наст.), якія параўноўваюць з палескімі назвамі кавалкаў крэменю, якія знаходзяць на полі: перуно́выя стрэ́лы, перуно́ў па́лец. Скал(к)а ‘перуновая страла’ адпавядае хец. perun‑ ‘скала’ (= камень = пярун), гл. Іванаў–Тапароў, Бел. лекс., 59, што аспрэчваецца Страхавым (Palaeoslavica, 12, 2, 251) як занадта аддаленае.

Скала́3 ‘каляровае рэчыва чырвонага колеру ў гліне ў ганчароў’ (бабр., Нар. словатв.), скалі́стая гліна ‘гліна з такім рэчывам’ (там жа). Скала́ інакш называецца кра́сная іржа́ (там жа). Міхайлаў (вусн. паведамленне) адносіць слова да скала1, таму што гэта праслойка звычайна больш цвёрдая, чым гліна. Сюды ж, відаць, скала́ ‘вялікія плямы ржаўчыны на вадзе’ (ТС), гл. скалка2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пішч1 ж. р. ’ежа’ (пін., гродз., Сл. ПЗБ; Бяльк.; Юрч. СНЛ), пі́шча ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ). Разам з рус. пища, балг. пи́ща ’тс’, з ц.-слав., якое са ст.-слав. пища < прасл. *pitʼja са значэннем ’корм, ежа для скаціны’ (гл. Мартынаў, Этимология–1968, 16–18): польск. pica ’правіянт’, н.-луж., в.-луж. pica ’ежа, корм’, чэш. píce, славац. pica, славен. píča, серб.-харв. пи̏ћа ’тс’. Да прасл. *pitati, роднаснага літ. piẽtūs ’абед’, ’поўдзень’, ст.-інд. pitú‑ ’ежа’, авест. pitu‑ ’блюда’, piϑwā ’частка ежы’ < і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (Міклашыч, 247; Фасмер, 3, 270; Бязлай, 3, 44, ESJSt, 11, 647). Сюды ж рагач. пішчаві́к ’стрававод’, шчуч. пішчаво́я горла ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Адсячэнне канчатка ў пішч, магчыма, пад уплывам назоўніка корм.

Пішч2 ’рагавы стрыжань пяра’ (лях., івац., пін. ЛА, 1), ’адростак новага пяра’ (клец., лях., івац., там жа). Чэш. pisk ’тс’, славац. piski ’пер’е’, серб.-харв. пи̏ска ’кароткі кол, якім штурхаюць цяжкія прадметы’, pȉska ’абрубак дрэва, пень’, ’трэска’, балг. пы́ска ’клін, які ўстаўляецца ў дышаль’, пы́сек ’сошка, што ўстаўляецца адным канцом у дышаль, другім — у перадок пасада’. Прасл. *piskъ (для бел. формы — *piskjь) /*piska, якія, паводле Варбат (Этимология–1976, 35–38), узыходзяць да *pьx‑ ’калючы, востры (абрубак)’ > ’адростак новага пяра’ і ’кол’; сюды ж, магчыма, і пішчом лезці ’клінам’?), хаця народная этымалогія звязвае пішч з піскам: ’з піскам, з крыкам’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Стан.), параўн. народны выразі пішчыць, а лезе = настойліва, нахабна прабіраецца, прэцца. Зрэшты, апошняе можна параўнаць з рус. дыял. пишшой ’гвалтоўна, сілком’, якое Мяркулава (Этимология–1976, 100) адносіць да *pisti ’напіхваць’, што выводзіцца на падставе рус. наўг. пища́ ’густы лес’, з *pistъ ’густы’, роднаснае *pьxati, гл. піхаць, пішчу́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пла́ха1 пла́шка, плашча́к, плахты́на, плу́ха, плушка ’палавіна расколатага уздоўж дрэва’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Янк. 3., Шушк., Яруш., Маш., Некр., Гарэц., Янк. 1, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Варл.) ’вялікая трэска’ (шчуч., шальч., чэрв., Сл. ПЗБ), ’маснічыны’ (Сцяшк. МГ), пла́шычка ’плаха’ (Юрч. СНЛ). Укр. харк. пла́ха ’шырокая дошка; палена, плаха’, рус. пла́хта ’дошка’, ’аполак’, ’масніца’, ’палка’, ’пень’, ’зрубанае і ачышчанае ад сукоў дрэва’. Усх.-слав.-польск. ізалекса, роднасная прыметніку плоскі (Праабражэнскі, 2, 70; Фасмер, 3, 275) < прасл. *ploskъ ’плоскі’, у якім карэннае ‑o‑ атрымала экспрэсіўнае падаўжэнне (Махэк₃, 462), параўн. таксама польск. płocha ’бёрда’, чэш. plochý ’плоскі’, славац. plošina ’раўніна’, ’пляцоўка, платформа’. Яму адпавядаюць лат. plaskains, plāskains, літ. plókščias (< plāšk‑tjas) ’плоскі’ — у такім выпадку можна дапусціць існаванне ў прасл. мове формы *plaskъ, параўн. польск. płaski, plaskaty ’роўны, гладкі’, ляш. plʼaskaty, чэш. splaskovati ’сплюшчваць’, ’спадаць (пра пухліну)’, бел. пласка ’брыца, Echinochloa L.’, пласкі ’пакаты’. Дапускаецца роднаснасць са ст.-в.-ням. flah ’плоскі’ (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 112), са ст.-грэч. πλάξ ’паверхня, плошча’, ’дошка’ (Голуб-Ліер, 378). Сюды ж плаха, пла́хта ’вілападобная частка сахі, на якую набіты жалезныя сашнікі’ (Выг., Бес., Янк. 3., Тарн., Сл. ПЗБ, Дэмб. 2, Смул.; Сержп. Земл.), ’рама, аснова драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ; Дэмб. 2; чэрв., Хрэст. дыял.), а таксама пла́шка ’палова капусты’ (Вешт.; калінк., Сл. ПЗБ), пла́харэм ’плазам’ (ТС). У слав. мовах назіраецца чаргаванне зычных асновы sk, k і x (Брукнер, 419), а таксама падкрэсліваецца генетычная тоеснасць форм *plaskъ > з *plax‑ъta (Фасмер, 3, 276).

Пла́ха2, пла́шка, пла́хта, пла́шачка, плашчы́на, прыпла́шнык ’доўжань, века вялікай бакавой адтуліны ў вуллі-калодзе’ (лун., Шатал.; паст., Сл. ПЗБ; Нікан.; віц., гродз., брэсц., гом., ЛА, 1), ’драўляны каркас лежака’ (паст., Сл. ПЗБ). Да пла́ха1.

Пла́ха3, пла́шышча ’шырокі кавалак поля’, ’пласт сала’ (ТС; светлаг., SOr, 39, 352; Юрч. СНЛ), плахві́на ’пляц’ (ТС): пла́ха ’элемент узору на тканіне ў форме прамавугольніка’ (брагін., З нар. сл.), пла́шкі ’узор у 4 ніты’ (Уладз.); пла́хі ’плахта, несшываная спадніца’ (Ян.). Да прасл. *plaxa (Банькоўскі, 2, 614) > плаха1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)