Пішч1 ж. р. ’ежа’ (пін., гродз., Сл. ПЗБ; Бяльк.; Юрч. СНЛ), пі́шча ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ). Разам з рус. пища, балг. пи́ща ’тс’, з ц.-слав., якое са ст.-слав. пища < прасл. *pitʼja са значэннем ’корм, ежа для скаціны’ (гл. Мартынаў, Этимология–1968, 16–18): польск. pica ’правіянт’, н.-луж., в.-луж. pica ’ежа, корм’, чэш. píce, славац. pica, славен. píča, серб.-харв. пи̏ћа ’тс’. Да прасл. *pitati, роднаснага літ. piẽtūs ’абед’, ’поўдзень’, ст.-інд. pitú ’ежа’, авест. pitu‑ ’блюда’, piϑwā ’частка ежы’ < і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (Міклашыч, 247; Фасмер, 3, 270; Бязлай, 3, 44, ESJSt, 11, 647). Сюды ж рагач. пішчаві́к ’стрававод’, шчуч. пішчаво́я горла ’тс’ (Сл. ПЗБ; ЛА, 1). Адсячэнне канчатка ў пішч, магчыма, пад уплывам назоўніка корм.

Пішч2 ’рагавы стрыжань пяра’ (лях., івац., пін. ЛА, 1), ’адростак новага пяра’ (клец., лях., івац., там жа). Чэш. pisk ’тс’, славац. piski ’пер’е’, серб.-харв. пи̏ска ’кароткі кол, якім штурхаюць цяжкія прадметы’, pȉska ’абрубак дрэва, пень’, ’трэска’, балг. пы́ска ’клін, які ўстаўляецца ў дышаль’, пы́сек ’сошка, што ўстаўляецца адным канцом у дышаль, другім — у перадок пасада’. Прасл. *piskъ (для бел. формы — *piskjь) /*piska, якія, паводле Варбат (Этимология–1976, 35–38), узыходзяць да *pьx‑ ’калючы, востры (абрубак)’ > ’адростак новага пяра’ і ’кол’; сюды ж, магчыма, і пішчом лезці ’клінам’?), хаця народная этымалогія звязвае пішч з піскам: ’з піскам, з крыкам’ (ТСБМ, Янк. БП, Шат., Стан.), параўн. народны выразі пішчыць, а лезе = настойліва, нахабна прабіраецца, прэцца. Зрэшты, апошняе можна параўнаць з рус. дыял. пишшой ’гвалтоўна, сілком’, якое Мяркулава (Этимология–1976, 100) адносіць да *pisti ’напіхваць’, што выводзіцца на падставе рус. наўг. пища́ ’густы лес’, з *pistъ ’густы’, роднаснае *pьxati, гл. піхаць, пішчу́га.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)