Траві́чы — пра карову: карова пасля першага цяляці (Федар. 7) і, магчыма, тра́ўніца ’цялушка мінулагодняга прыплоду’ (Касп.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад драві́чы — пра карову, што целіцца ў першы раз, драві́чае ма́сло ’масла з малака ад такой каровы’ (Тур.), драву́шка ’цялушка другога года’ (рас., Шатал.), ’першацёлка’ (мядз., смаляв., Сл. ЦРБ), драві́ца, дро́віца, дро́вачка, дро́віцка ’тс’ (в.-дзв., петрык., жытк., лельч., ЛА, 1; мазыр., З нар. сл.), дро́ўка ’тс’ (добр., стол., бых., лельч., ЛА, 1; мазыр., лельч., З нар. сл.), драві́цка, дрові́ца ’тс’ (ельск., хойн., Мат. Гом.), ст.-бел. древица ’карова’ (Бел. лекс.). Параўн. рус. смал., варонеж. дро́бка ’першацёлка’, варонеж. дро́мка ’тс’, смал. дроу́шка ’тс’. Няясна; сумніўная сувязь з трава, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Напу́ганы ’празмерна адзеты’, напугацца ’празмерна надзець на сябе, начапляць лішняга’, ’надзьмуцца, натапырыцца’, ’абкружыцца імглістым кругам (пра месяц)’ (ТС). Можа разглядацца разам з напугацца ’нажлукціцца, напіцца’ (Нас., Янк., Сцяц.; стаўбц., Нар. сл.; жлоб., Нар. словатв.; Сцяшк.), ’напіцца чаго-небудзь настолькі, каб нельга было самому ўстаць з месца’ (Шпіл.), ’нажэрціся’ (Янк. 1, Клім., Мат. Гом.), што да пу́гаць ’сёрбаць, хлябтаць’ (гл.), гукапераймальнага паходжання; значэнне ’празмерна надзець на сябе’ праз стадыю ’стаць тоўстым (ад піцця, яды)’. Аднак не выключана, што гэта значэнне развілося на іншай базе, параўн. напу́галаса, бы пугич (ТС), што звязваецца з вобразам птушкі, якая натапырвае пер’е, надзімаецца пры пагрозе; тады хутчэй Да *Pǫ§y ’патаўшчэнне’, параўн. рус. пуговина ’узвышэнне, горб’, пуговица ’гузік’, літ. pugulis ’уздутае ўзвышэнне’ і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нада́вяча ’нядаўна’ (ляхав., Сл. ПЗБ), відаць, не можа разглядацца асобна ад надоечы (гл.), нагдовя, анагдове і інш., якія выводзяцца з прасл. *onogbda (гл. на́гды), прыслоўя адзайменнікавага паходжання (ESSJ SG, 2, 527), аднак націскное а ў корані дае падставы дапусціць сувязь з рус. давеча ’нядаўна’, на што звярнулі ўвагу аўтары слоўніка. Апошняе, як і бел. дивечы (Бяльк.), мае паралелі ў іншых славянскіх мовах (рус. даве ’нядаўна’, укр. даві, ст.-слав. давѣ ’калі-небудзь, нядаўна’, славен. davė ’сёння, зранку’ і’ інш., прасл. *dave, звязанае з иаиьnъ ’даўні’). Гл. Фасмер, 1, 480–481; Бязлай, 1, 95–96; Трубачоў, Эт. сл., 4, 198; SP, 1, 360–361. Магчыма, кантамінацыя надоечы і дивечы, што, аднак, цяжка дапусціць з лінгвагеаграфічнага пункту погляду.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́рмаз ’прыстасаванне для запавольвання або спынення руху’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сюды ж тармазі́ць ’запавольваць, спыняць рух’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Цых.), тормозі́ті ’тс’ (Вруб.). З рус. то́рмоз ’тс’, якое звычайна тлумачыцца як запазычанне са ст.-грэч. τόρμος ’прасвідраванае, пракручанае’, позняе ’ўтулка, затычка’ (Міклашыч, 359; Фасмер, Этюды, 203; Чарных, 2, 251–252; ЕСУМ, 5, 605), што малаімаверна (Трубачоў, Дополн.; Фасмер, 4, 84). Дзмітрыеў (Лекс. сб., 1958, 3, 45) дапускае, аднак, запазычанне з цюрк. turmaz ’ён не стаіць’, а таксама ’падкладкі для колаў арбы’. Аднак не выключана і славянскае паходжанне, параўн. тормозі́ць ’узбуджаць, хваляваць’, тормозова́ць ’штурхаць, будзіць’ (ТС), балг. тормо́зя ’прыгнятаць (маральна); перашкаджаць, затрымліваць’, што могуць разглядацца як варыянты з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы зыходнага с, параўн. тармасіць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нары́тнікі ’набедрыкі’ (Некр., ТС, Мат. Гом.), ’шляя’ (Маслен.; чач., Жыв. сл.), ’паўшоры’ (рэч., Нар. сл.), наритнікі ’набедрыкі’ (кір., Нар. сл.; гом., Мат. Гом.), нарыткі ’тс’ (ТС), нары(т)шнікі ’тс’ (Шат.), укр. наритники ’шляя’. Паводле Непакупнага (Связи, 48–49), корань ‑рот‑ ’бядро, бок, круп каня’ выводзіцца на падставе структурнай паралелі і семантычнага аналага на‑бедр‑ыкі і суадносіцца з літ. rietas ’бядро’, роднасным ст.-рус. рить ’капыт’, ст.-ц.-слав. рить, чэш. riť, польск. rzyć ’anus’, а само слова можа разглядацца як паўкалька ці лексіка-семантычны варыянт тэрміна набедрыкі. Параўн. таксама рыткі ’прыстасаванне для выроўнівання асновы пры навіванні яе на навой (дзве драўляныя планкі з зубцамі)’ (ТС, Уладз.), якое фармальна можна суаднесці з нарыткі ’набедрыкі’, аднак семантычная сувязь застаецца няяснай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Няхлю́й, няхлю́я ’неахайны, нехлямяжы чалавек’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ДСП, слуц., Жыв. сл.), ’непаваротлівы’ (Грыг.), нехлю́й, нехлю́я ’неакуратны чалавек’ (ТС), нэхлю́я, ныхлю́я ’неахайная жанчына’ (брэсц., Нар. лекс.), сюды ж няўхлю́й, няўхлюя ’неахайны чалавек’ (Бяльк., Мат. Гом.), укр. нехлю́я ’тс’, рус. дан. нехлю́й ’непаваротлівы чалавек’, польск. niechluj, niechluja ’неахайны чалавек’. Відаць, ад няхлюйны ’неахайны, неакуратны’, паралельнага да няхлюдны ’тс’ (Сцяш. Сл.), параўн. таксама польск. niechlujny ’тс’ < *niechludźny, ад chlud (Варш. сл., 3, 263), гл. схлюдны, што, магчыма, сведчыць пра запазычанне (Кюнэ, Poln., 81). Характэрна наяўнасць паралельных форм з ‑к‑: няўклюй ’неахайны, непаваротлівы чалавек’ (астрав., ул. інф.), няўклю́йны ’неахайны’ (там жа), што могуць разглядацца як вытворныя ад *klud (гл. няўклюда). Няясныя адносіны да ст.-чэш. nechla ’пачвара’ (Гебаўэр, Sl. stč.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́пыт ’патрабаванне на рабочую сілу, тавар, патрэба’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр.), укр. по́пит ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба; папулярнасць’, польск. popyt ’запатрабаванне (тавару, асобы), патрэба, папулярнасць’. Насуперак Банькоўскаму (2, 702), які лічыць польск. popyt калькай ням. Nachfrage ’тс’, можа разглядацца як самастойнае славянскае аддзеяслоўнае ўтварэнне з прыстаўкай по- і семантыкай выніковасці дзеяння ад пытацца (гл.), як і шэраг падобных утварэнняў, параўн. пабо́р, пада́так, паку́пка, рус. побо́р, поку́пка, по́дать, польск. pobór, podatek, ст.-польск. pokup, popłat, podaz, чэш. poptávka, славац. poplatok ’плата, збор’, славен. poprašanje ’запрос, пытанне, апытванне’, poplača ’заробак’, popúst ’зніжка’, якім адпавядаюць рознапрыставачныя, у тым ліку беспрыставачныя формы з ням. мовы: Kauf ’пакупка’, Lohn ’заробак’, Befrage ’запрос’, Unterlass ’зніжка’ і інш. У першасным значэнні попыт, імаверна, азначала ’запытанне, распытванне пра належнасць тавару’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

мясці́на, ‑ы, ж.

1. Пэўная частка, участак якой‑н. тэрыторыі. Уперадзе, на высокай лясной мясціне, паказалася прасторная круглая паляна. М. Ткачоў. У лесе кожная мясціна — Лужок, палянка, баравіна — Асобны твар і выраз мае. Колас. Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты. Лобан. // Прастора, выдзеленая, прызначаная для чаго‑н. Непадалёк ад клуба хлопцы аблюбавалі добрую мясціну для футбольнага поля. Дадзіёмаў. Сцёпка стаў разглядацца, дзе б выбраць лепшую мясціну для адпачынку. Колас.

2. звычайна мн. (мясці́ны, ‑цін). Якая‑н. мясцовасць. Балоцістыя мясціны. Партызанскія мясціны. Глухія мясціны. □ Мясціны вакол прыгожыя: густы хваёвы лес, яшчэ не крануты блізкасцю горада, абрывістыя ўзгоркі. Шыцік. // Край, раён, акруга. Пласкадонка, якая і ў гэтых мясцінах называецца чайкай, ад рання стаяла ў ціхай завадзі Быстранкі, прымкнутая ланцугом да вярбы. Брыль. З тых я мясцін, з тых цяністых абшараў, Дзе спакон веку шумела трысцё. Смагаровіч.

3. Асобны ўчастак, пункт на якім‑н. прадмеце. Над ракою, над балоцістымі мясцінамі лугу збіраўся туман. Шамякін. Калі [Касцевіч] устаў, адчуў, што пячэ мясціна на правай шчацэ — баліць вострым болем. Пестрак.

4. Разм. Тое, што і месца (у 4 знач.). Ф. Скарына ў сваіх прадмовах і заўвагах выдзяляе і падкрэслівае тыя мясціны, дзе ёсць звесткі аб свабодных навуках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Публічна разглядацца (пра якую‑н. судовую справу). Слухаецца справа аб разводзе. // Публічна заслухвацца (пра чыю‑н. інфармацыю, паведамленне і пад.) з мэтай разбору, ацэнкі і пад. Пасяджэнне Сарнаркома, на якім слухаліся даклады пра пабудову энергахімічнага камбіната на Яснаўскім балоце, адбылося роўна цераз шаснаццаць дзён пасля гэтага. Галавач. У 1954 годзе на Другім Усесаюзным з’ездзе пісьменнікаў слухаўся садаклад П. Антакольскага, М. Аўэзава і М. Рыльскага. Палітыка.

2. Рабіць так, як хто‑н. раіць, вучыць. [Кулеш:] — Мяне сам пан камендант запрашае садзіцца,.. кожнай парады слухаецца. Шамякін. «Ах, Радзівон, Радзівон, не слухаўся, не сцярогся...» Да сэрца падступае балючая жаласць і злосць. Мележ.

3. Падпарадкоўвацца каму‑, чаму‑н. Слухацца настаўніка. Слухацца загаду. □ [Мікалай Мікалаевіч:] — Парабкі разбрыліся, нікога не слухаюцца, нічога не хочуць рабіць. Грахоўскі. Але ўсё ж.. [лейтэнант] мусіў слухацца ротнага і нават больш. Быкаў. // перан. Рухацца, дзейнічаць, падпарадкоўваючыся задуме, жаданню, волі чалавека (пра часткі цела, механізмы і пад.). Трэба было ісці, а ногі не слухаліся, не краталіся з месца. Васілёнак. Рука ад хвалявання дрыжыць, і гузікі не слухаюцца пальцаў. Галавач. [Кудлач:] — Самалёт каменем падаў, не слухаўся ручкі ўпраўлення. Алешка.

4. Зал. да слухаць (у 1–4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Кош1 ’плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго-небудзь’ (ТСБМ, Нас., Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., З нар. сл., Бяльк., Сцяшк., КЭС, лаг., Мат. Гом., Яруш.). Укр. кіш, рус. кош, ст.-рус. кошь ’тс’, ст.-слав. кошь, балг. кош, макед. кош, серб.-харв. ко̏ш, славен. kòš ’тс’, польск. kosz, чэш. koš, славац. koš, в.-луж. koš, н.-луж. kós ’тс’. Паколькі прасл. košь не мае адпаведнікаў у іншых індаеўрапейскіх мовах і ў той жа час нібы вытворнае ад яго košelь мае надзейны лацінскі адпаведнік (гл. кашэль), можна меркаваць, што ў даным выпадку маем справу са зваротным словаўтварэннем: košelь > košь. Прасл. košelь разглядаем як пранікненне з італійскіх моў (∼ лац. quālum < *ku̯aslom) (Мартынаў, Изоглоссы, 10), якое ў працэсе адаптацыі на славянскай моўнай глебе стала разглядацца як вытворнае з суфіксам ‑elь (гл. SP, 1, 208).

Кош2 ’Вялікая Мядзведзіца’ (Нар. лекс.). Да коўш. Параўн. коўшык (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)