Табурэ́т, табурэ́тка ’род мэблі для сядзення, столак’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж формы з фанетычнымі ваганнямі рознага кшталту (асіміляцыя, субстытуцыя галосных кораня і г. д.): табарэ́тка (Скарбы, Сл. Брэс., Жд. 2), табарэ́зік, тубарэ́тка (Сл. Брэс.), табарэ́чык ’тс’ (Жд. 3), табарэ́тачка ’маленькі столак’ (Сцяшк.). Хутчэй за ўсё, праз польск. taboret з франц. tabouret, якое да сярэдзіны XVI ст. ужывалася ў першасным значэнні ’круглая падушачка для іголак’ і з’яўлялася памянш. формай ад tabour (< tambour) ’барабан’. Пазнейшае значэнне франц. tabouret ’табурэт’ з’явілася на падставе круглай формы мяккага сядзення, у польскай мове дагэтуль абазначае столак менавіта з круглым сядзеннем. З французскай ням. Taburett ’табурэт’, якое лічыцца непасрэднай крыніцай запазычання для рускай мовы (Фасмер, 4, 7; Чарных, 2, 224), а таксама і для часткі беларускіх слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

асцерага́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Прымаць якія‑н. меры перасцярогі; быць асцярожным. У той дзень была галалёдзіца, тратуары зрабіліся слізкімі, і Валіку прыходзілася ўвесь час асцерагацца, каб не пакаўзнуцца. Жычка. — Ах, сынок, ці ж так можна? Асцерагайся, не лезь на ражон! — маліла маці і несла то вішань, то свежага малака, то ягад. Карпюк. // каго. Быць асцярожным у сваіх адносінах з кім‑н.; пабойвацца каго‑н. Падпольнае і партызанскае жыццё навучыла яго [Косцю] асцерагацца ворага, не падпускаць яго да сябе. Якімовіч. Князь.. славіўся адвагай і вельмі запальчывым характарам, і.. яго асцерагаліся. Самуйлёнак. А Грышка, дык той проста лічыў Казюка не сваім хлопцам і казаў усім асцерагацца яго. Чарот.

2. чаго або з інф. Устрымлівацца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. з перасцярогі. Асцерагаліся партызаны да пары да часу выдаць свой баявы сакрэт. Лынькоў. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Гі́цаль1 ’сабакар; машэннік’ (БРС, Касп., Нас.), таксама ў форме гі́ццаль ’сабакар’ (Сцяц.), ’гарэза, свавольнік’ (Сцяц., Шат.), ’агідны, здрадлівы чалавек’ (Сцяшк.) і г. д. У ст.-бел. мове гицель ’памочнік ката’ (гл. Булыка, Запазыч.). Параўн. таксама рус. дыял. ги́цель ’жывадзёр’, укр. ги́цель. Запазычанне з польск. hycel ’тс’ (а гэта з ням. дыял. hitzel; гл. Брукнер, 174; Фасмер, 1, 408; Булыка, Запазыч., 83).

Гі́цаль2 ’пятля, прышытая да адзення, каб яго вешаць’ (Сцяц. Нар., Сцяц., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., БРС). Па паходжанню аднолькавае з гі́цаль, (гл.), але значэнне ’пятля, вешалка’ (паводле Сцяц. Нар., 115) развілося менавіта ў бел. мове (гл. там і тлумачэнне семантычнага развіцця). Няпэўным з’яўляецца меркаванне (Сцяц., там жа), што ў бел. мове запазычанне прама з ням., дзе быццам Hitzel чытаецца гіццаль (?; няясна; у ням. слоўніках вымаўлення z, tz аднолькава абазначаюцца як ts).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пі́ка1 ’зброя ў выглядзе дрэўка з вострым металічным наканечнікам, дзіда’ (ТСБМ, Бес., Нас., Шат., Бяльк., віл., Сл. ПЗБ), пікаю ’стралой ляцець (падаць)’ (ТС). З польск. pika (якое з франц. pique ці з ням. Pike ’піка’) альбо з рус. (ст.-рус.) пика ’тс’, якое з ням. ці франц. моў ад швейцарцаў: менавіта яны ўвялі ў XV ст. піку як абавязковую зброю пехацінцаў; з канца XVI ст. у Маскоўскай дзяржаве пачынаюць служыць наёмныя войскі (Адзінцоў, Этимология–1975, 86–90), — абедзьве лексемы з італ. picca ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 57; Фасмер, 3, 260). Сюды ж свісл. піка́сты ’з вострымі канцамі’ (Сцяшк. Сл.).

Пі́ка2 ’твар’ (Нас.). Гл. пы́ка ’тс’.

Пі́ка3 ’пачак, стос’ (ТС). Відаць, у выніку перастаноўкі складоў з кі́па.

Пі́ка4 ’масць у картах’, пі́чка ’карта піковай масці’ (Нас.). Гл. пі́кі1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трушчо́ба ‘бедны, густа населены брудны квартал горада’, ‘брудны, цёмны, разбураны дом’ (ТСБМ). З рус. трущо́ба ‘тс’, якое зафіксавана ў такім значэнні ў слоўніках з першай паловы XIX ст., утворана пры дапамозе суф. ‑об‑a (як утроба) ад дзеяслова з асновай труск і суф. Параўн. ст.-рус. трускъ (з XV ст.), што з’яўляецца глухім варыянтам да друзгъ ‘сухое галлё, вецце’; у такім выпадку трущоба — гэта ‘лес, завалены галлём’ (КЭСРЯ, 453; Цыганенка, 491). Менавіта гэта значэнне пераважае ў трушчо́ба: ‘глухія мясціны’ (слаўг., Яшк.), ‘глуш’, ‘цяжкапраходнае месца ў лесе з бураломам’ (ТСБМ); трушчо́ба, трушчо́біна ‘непраходнае месца ў лесе’, ‘прорва, бездань’ (Нас.), трошчо́ба ‘гушчар, нетра’ (ТС), укр. дыял. трущоба ‘густы непраходны лес у забалочанай нізіне’ (Фасмер, 4, 112; ЕСУМ, 5, 662), што дае падставы для запазычвання толькі ў вузкім значэнні ‘густанаселены бедны квартал’. Да трушчыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То1 ’тое’ (Сержп. Прымхі, Бяльк.), ст.-бел. то ’тс’: абыхъ то рекла (Альтбаўэр). Гл. той.

То2 — злучнік, які ўваходзіць у склад састаўных паўторных пералічальна-размеркавальных злучнікаў для пералічэння фактаў і з’яў няпэўных, нявызначаных або сумніўных’ (ТСБМ, Стан.), злучнік ’дык’ (Сл. ПЗБ), злучнік ’дык’, часціца ’гэта; дык’ (ТС), абагульняючая або вылучальная часціца ў пачатку сказаў ці пры падкрэсліванні слова, да якога адносіцца’ (ТСБМ): то не злодзей, што ў пана ўкрадзе (Сержп. Прык.); часціца ’вось, так’: от то то то! (Федар. 4); пачатковы ці канцавы элемент у спалучэннях з займеннікам, часціцай, прыслоўем, злучнікам і інш. у функцыі, набліжанай да ж, жа, гл. (Іванаў, Балто-слав. иссл., 1980, 10); ст.-бел. то есть, то ест ’гэта значыць, а менавіта’ (XV ст., КГС); укр., рус. то, польск., чэш., славац. to, балг. то, ст.-слав. то. З дэйктычнага прасл. *to, суадноснага з указальными займенниками н. р. грэч. το, ст.-інд. tat, гоц. thata, звязанага з ’той’. Выказвалася таксама думка пра гукапераймальнае паходжанне слова (ESSJ SG, 1, 330; 2, 658, 664).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тож ’таксама’ (Некр. і Байк., Гарэц., Растарг., Сцяшк. Сл., Федар. 4), тож, то́жэ ’тс’ (ТС, Сл. ПЗБ), тож, то́же ’тс’ (Вруб.), то́жа ’тс’ (калінк., З нар. сл.; Жд. 1), то́жо ’тс’ (Сл. ПЗБ), тыж ’тс’ (зэльв., Нар. словатв.), ст.-бел. тожде ’так, таксама’ (Ст.-бел. лексікон), а таксама ў спалучэннях jak na tu ’як на зло’, tuoż tu, tuoż bo to ’значыцца, зразумела, сапраўды’ (Федар. 4), то́‑шта ’як жа’ (Воўк-Лев., Татарк.). Параўн. укр. дыял. тож ’таксама’, рус. то́же, дыял. тож ’тс’, польск. toż ’тое самае’, ’ж, жа’, ’вось’, старое ’таксама, тое ж’, чэш. дыял. tož ’значыцца, вось жа’, славац. дыял. tožменавіта, значыцца’, славен. torej ’тс’, ст.-слав. тоже, тожде ’таксама, дакладна, так, сапраўды’. Прасл. *to‑že ’дакладна тое’, параўн. літ. taĩgi ’такім чынам, значыцца’, для некаторых форм, магчыма, *to‑dje (з часціцай *‑dje/*dʼe няяснага паходжання) ’таксама, такім жа чынам’ (ESSJ SG, 2, 693–694, 667; Бязлай, 4, 191, 203–204; Борысь, 630, 639). Гл. то, тое1, ж.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.

2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Галаўня́1 ’спарыння’ (Сцяшк. МГ, Шатал.), галаве́нька ’тс’ (Шатал.). Гэта назва сустракаецца ў радзе слав. моў. Параўн. рус. головня́, укр. голо́вня́, польск. głownia, балг. главня́ ’тс’. Гл. Выгонная, Лекс. Палесся, 76–79; Трубачоў, Эт. сл., 7, 12–13. У гэтай жа форме, але з іншым значэннем (’галавешка’) *golvьńa сустракаецца ў многіх слав. мовах і дыялектах (агляд гл. Трубачоў, там жа). Гэта значэнне лічыцца зыходным, а ’Ustilago, хвароба зерневых, спарыння’ — другаснае. Гл. Выгонная, там жа; Трубачоў, Эт. сл., 7, 13. Будзішэўска (Słown., 300) меркавала, што значэнне ’Ustilago’ — гэта інавацыя, што, бясспрэчна, няправільна (параўн. геаграфію слова і семантычныя паралелі, якія прыводзіць Выгонная, там жа, с. 77).

Галаўня́2 ’верхні вушак у дзвярах’ (Шатал.). Можна меркаваць, што тут, магчыма, захоўваецца адно з архаічных значэнняў слова *golvьńa, менавіта ’штосьці важнае, галоўнае і да т. п.’ Гэта значэнне не зафіксавана ў Трубачова (Эт. сл., 7, 12–13), што, аднак, не сведчыць аб немагчымасці яго існавання ў мінулыя часы. Менш верагодным здаецца вывядзенне «верхняга вушака ў дзвярах» з якога-небудзь вядомага значэння прасл. *golьbńa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лешч ’рыба Abramis brama L.’ (Жук., Дразд., ТС, Крыв., Бяльк., Касп., Яўс., Яруш., Яшк. З жыцця; полац., З нар. сл.; навагр., вільн., лудз., Сл. паўн.-зах.). Укр. лещ, лещик, лішч, ляшч, рус. лещ, ст.-рус. лещь, польск. leszcz, ст.-польск. kleszcz, н.-луж. klěšć, чэш. dlešť, dlešec, ляш. klesť, ст.-чэш. dlešč, славац. pleskač, plieskač, славен. ploščič, балг. (у Герава) лещ ’тс’. Паводле Махэка₂ (120–121), усе слав. назвы з’яўляюцца гукапераймальнымі ад слоў dleskati/pleskati/leskatiменавіта ў час нерасту ляшчы плёскаюцца, б’юцца аб ваду (Фэр’янц, Sloven. názvosl. ryb, 53). Аналагічна Слаўскі (4, 172, 173) прасл. lesk‑jь узводзіць да leskati ’ляскаць’ /leščati ’ляшчэць’. Пацвярджэннем гэтага служаць, напрыклад, бел. лешч ’удар далоняй рукі па ніжняй частцы цела’, ляшча ўзяць ’упасці задняй часткай цела’ (Нас.), круп. ляшч ’удар далонню’ (Нар. сл.), бялын. ’аплявуха, поўха’ (Яўс.). Фасмер (2, 430) звязвае лексему лещ з лат. leste, эст. lest ’камбала’. Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 430–431. Гл. таксама ляшч. Каламіец (Происх. назв, рыб, 67) дапускае як самастойнае ўзнікненне прасл. leščь (ljaščь) на славянскім грунце, так і магчымасць запазычання лексемы з балтыйскіх гаворак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)