Гі́цаль1 ’сабакар; машэннік’ (БРС, Касп., Нас.), таксама ў форме гі́ццаль ’сабакар’ (Сцяц.), ’гарэза, свавольнік’ (Сцяц., Шат.), ’агідны, здрадлівы чалавек’ (Сцяшк.) і г. д. У ст.-бел. мове гицель ’памочнік ката’ (гл. Булыка, Запазыч.). Параўн. таксама рус. дыял. ги́цель ’жывадзёр’, укр. ги́цель. Запазычанне з польск. hycel ’тс’ (а гэта з ням. дыял. hitzel; гл. Брукнер, 174; Фасмер, 1, 408; Булыка, Запазыч., 83).

Гі́цаль2 ’пятля, прышытая да адзення, каб яго вешаць’ (Сцяц. Нар., Сцяц., Шат., Сл. паўн.-зах., Касп., БРС). Па паходжанню аднолькавае з гі́цаль, (гл.), але значэнне ’пятля, вешалка’ (паводле Сцяц. Нар., 115) развілося менавіта ў бел. мове (гл. там і тлумачэнне семантычнага развіцця). Няпэўным з’яўляецца меркаванне (Сцяц., там жа), што ў бел. мове запазычанне прама з ням., дзе быццам Hitzel чытаецца гіццаль (?; няясна; у ням. слоўніках вымаўлення z, tz аднолькава абазначаюцца як ts).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)