Казяле́ц ’расліна Ranunculus acer’ (БРС, ТСБМ, Дэмб.; маг., Кіс.; Шат.). Укр. козелець ’тс’. Для рус. гаворак СРНГ падае памету «валагодскае»; козеле́ц і козе́лец для ’Ranunculus’ ведаюць таксама смал. і валаг. гаворкі. У якасці іншаславянскай паралелі можна прывесці польск. kozielec ’Anemone ranunculoides’. Відавочна, усх.-слав. козелец (акцэнтуацыя ў асобных мовах у гэтым слове не зусім зразумелая), якое да прасл. kozьlьcь ’казляня’. Матывацыя няясная. Магчыма, як аб гэтым сведчаць падобныя назвы ў слав. мовах для Pimpinnella, Valeriana, назву расліна атрымала паводле спецыфічнага паху; на гэта ўскосна ўказвае звестка аб тым, што казялец курылі ў хатах, каб пазбавіцца клапоў (рус. смал., СРНГ, 14, 60). Гэта, аднак, здагадка; у назвах для Ranunculus з паказальнай для Беларусі ўкр. або рус. тэрыторыі такая ўласцівасць (пах) ніяк не адзначаецца. Вельмі часта ў назвах раслін дэрываты ад каза, казёл ужываюцца для характарыстыкі розных зааморфных прыкмет. Сапраўды, у казяльца лісткі ўтвараюць штосьці накшталт казліных рожак, аднак гэта не дае падстаў меркаваць аб пераносе назвы па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марка́ч ’баран-вытворнік’ (ТСБМ, Янк. 1, Кліх, Шат., Касп., Сцяшк., Чач., Дразд., Бір. Дзярж.; мін., Растарг., Да характ.; вілен., гродз., мін., Нас.; КЭС, лаг., мазыр., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; лід., беласт., Сл. ПЗБ, Бел.-рус. ізал., 32), моркоту́н, маркіту́н ’тс’ (ТС, Сцяц.), укр. с.-палес. мурка́ч ’тс’ (Бел.-укр. ізал.), мъркаціньня ’козы’; марката́ць, моркота́ць, мыркота́тэ, моркіта́ть, моркота́ты ’палавая цяга ў авечак’ (драг., КЭС; гродз., бяроз., Шатал.; кобр., Нар. лекс.; гродз., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл., ТС), ’утвараць характэрныя гукі (пра барана-вытворніка)’ (віл., Сл. ПЗБ); маркіта́ць, моркотова́цца ’быць у стане цечкі, паляваць (пра авечку)’, маркітава́ць ’патрабаваць злучкі’ (зэльв., Жыв. сл.; ТС, Сцяшк.), (перан.) марката́ць, мірката́ць, мярката́ць ’бляяць (аб авечцы, ягняці)’ (Бяльк., Яруш.; віц., докш., ДАБМ, к. 302). Прасл. mьrkačь (гл. Трубачоў, О составлении прасл. слов. — V съезд слав., 181). Да маркаль (гл.). Аналагічна ўтвораны серб.-харв. мр̀качказёл’, mrkačić ’рыба-самец’, мр̀кеш ’баран’. Дзеяслоў і яго дэрываты ўтвораны ад назоўніка ⁺mъrkotъ ’гукі, якія выдае баран у час цечкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́рха ’вузенькая палоска скуры або аўчыны, якая закладваецца ў шво кажуха, рукавіцы і інш.’, ’тасёмка або вузкая палоска аўчыны, якой абшываюць край адзення або абутку для ўпрыгожання; аблямоўка’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Сцяшк. МГ, Янк. I; брэсц., Янк. Мат., 124; Сл. паўн.-зах., Мядзв., Грыг.), ірха́ (Мат. Гродз.), ірша́ (Касп.), іршы́ць ’закладваць у шво ірху; аблямоўваць, абшываць край чаго-н. ірхой’ (ТСБМ, Нас.). Ст.-бел. ирха, ерха ’двухбаковая замша’ (1582 г.) запазычана са ст.-польск. ircha, jercha (Булыка, Лекс. запазыч., 106). З польск. таксама рус. дыял. и́рха, и́рга ’вырабленая скура’, ’аблямоўка футрам’, укр. дыял. ирха ’вырабленая скура’. Польск. ircha ’гатунак замшы, мякка вырабленая скура’, в.-луж. jěrcha, чэш. jircha, славац. ircha ’тс’, славен. írh, irha ’гатунак скуры’, irhovȋna ’замша, аленевая скура’, серб.-харв. ѝра ’вырабленая авечая скура’ ўзыходзяць да с.-в.-ням. irch, erch, ст.-в.-ням. irach ’белая дубленая скура’ ад лац. hircusказёл’. Гл. Праабражэнскі, 1, 273–274; Фасмер, 2, 139; Брукнер, 193; Слаўскі, 1, 465; Махэк₂, 227; Скок, 1, 728; Безлай, 1, 212.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тур 1, ‑а, м.

1. Адзін круг танца па пакоі, зале і пад., а таксама адзін кругавы рух у вальсе. Тур вальса.

2. Асобны этап якой‑н. гульні, конкурсу, спаборніцтва, які складае частку гэтай гульні, спаборніцтва. Апошні тур шахматнага чэмпіянату. □ Закончыліся гульні першага тура чэмпіянату краіны па валейболу. «Звязда». Калі абставіны склаліся так, што Дарошку не давялося ўключыцца ў другі тур конкурсу, юнак не збавіў тэмпаў, не пачаў працаваць горш. Арабей. // Этап, частка якой‑н. падзеі, мерапрыемства і пад. Але ўсё адно прачытаны .. [камандзірам атрада] загад аб другім туры рэйкавай вайны прагучаў радаснай навіной. Шахавец. // Асобны этап выбараў, а таксама адна са ступеней пры шматступеннай выбарчай сістэме. Першы тур выбараў.

[Фр. tour.]

тур 2, ‑а, м.

1. Гіст. Запоўненая зямлёю плеценая кашолка, якая выкарыстоўвалася ў якасці ўкрыццяў ад куль і снарадаў.

2. Пірамідка з камянёў, складзеная альпіністамі на вяршыні, на якую яны ўзышлі першымі.

[Фр. tour]

тур 3, ‑а, м.

1. Першабытны дзікі бык, які з’яўляецца адным з продкаў буйной рагатай жывёлы. У лясах Белавежскай пушчы ў вялікай колькасці вадзіліся туры, зубры, ласі, мядзведзі, алені, дзікія кабаны, казулі. «Весці». [Князь] гукнуў .. дружыну ды і пайшоў сабе Палессем, харчуючыся забітымі зубрамі і турамі. Караткевіч.

2. Горны каўказскі казёл.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падда́ць, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; зак.

1. каго-што. Дапамагчы падняць што‑н. (часцей за ўсё на спіну, плечы). Варанецкі выцягнуў ношку асакі з балота, паддаў яе жанчыне на плечы. Дуброўскі. Крыху супакоіўшыся, Зося папрасіла, каб я паддаў ёй на плечы мяшок. Бажко.

2. што. Ударам, штуршком знізу падкінуць. Паддаць мяч. □ Паддаўшы плячом аўтамат, камбат нялёгка ўздыхнуў і пайшоў па гразі даганяць калону. Быкаў. Сашка прайшоў да шалаша, каля ўваходу паддаў нагой кімсьці кінуты агрызак яблыка. Ракітны. // чым. Зрабіць рэзкі рух якой‑н. часткай цела (пра жывёл). Конь паддаў задам.

3. каму. Разм. Стукнуць каго‑н. (звычайна ўдарам знізу ўверх). А я, нібы не чуючы.. [хлопцаў], зацмокаў, паддаў Буланчыку пяткамі пад бакі. Ляўданскі. [Трэзор] За вуха ўхапіў Свінню, Казёл паддаў ёй ззаду І выперлі нягодніцу на двор. Корбан.

4. чаго. Павялічыць сілу, напружанасць, хуткасць чаго‑н. Паддаць пары. Паддаць газу. Паддаць агню. □ Гудок на фабрыцы прымусіў .. [Зыдора] паддаць ходу. Чорны. // перан. Зрабіць мацнейшым якое‑н. пачуццё, адчуванне, жаданне і пад. Паддаць сілы. Паддаць злосці. Паддаць рашучасці. □ Абнадзеіў настаўнік Сцёпку, ахвоты да навукі паддаў. Колас.

5. што. Разм. У некаторых гульнях — спецыяльна аддаць праціўніку (шашку, карту і пад.). Паддаць шашку. Паддаць карту.

•••

Паддаць жару — а) узбудзіць энергію, зрабіць больш жвавым; б) падбухторыць, садзейнічаць узмацненню якіх‑н. дзеянняў, пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Казакі́ ’адуванчыкі, расліна Taraxacum Officinale’ (Мат. Гом.), ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., гродз., Кіс.), козакі ’Ranunculus acer; Consolida regalis; Primula veris’. Этымалагічна гэта слова паходзіць ад каза1 (суфікс ‑ак, аснова каз‑), такая ж структура вядома і ў іншых мовах: польск. kozak, чэш. kozak ’грыб Boletus scaber’, балг. козак ’расліна Tragopogon majus’. Матывацыя, аднак, у назвах асобных раслін розная і заслугоўвае асобнага разгляду.

Казакі́1 ’адуванчыкі, Taraxacum’ (Кіс.). Як верагодныя варыянты матывацыі могуць быць прапанаваны наступныя. Перанос назвы ад каза1 па знешняму падабенству быццам бы малаверагодны, таму можна меркаваць аб пераносе, у аснове якога ляжыць уяўленне аб горкім смаку соку адуванчыка. Гэта вядомая матывацыя: у аснове ляжыць уяўленне аб бескарыснасці або шкоднасці расліны і інш.; параўн. укр. дыял. воўчий зуб, жабник. Іншая версія — ад каза1 пад уплывам казялец і інш. (перанос па колеру). Магчымы варыянт — ужыванне назвы іншай расліны казак для абазначэння вядомых лекавых уласцівасцей Taraxacum. Можна бачыць тут дэрыват ад каза ’лісце, каліва цыбулі’ і да т. п.: адуванчыкі з бутонамі нагадваюць стрэлкі цыбулі з насеннем. Улічваючы, што тэрміны ад заонімаў лёгка замяшчаюцца, можна меркаваць, што тут мела месца замяшчэнне вядомага на ўсх.-палес. тэрыторыі (параўн. у Лысенкі, Пал., баба Taraxacum officinales’) слова баба для гэтай расліны. Параўн. яшчэ бел. і інш. слав. бабка ’расліна трыпутнік, Plantago’ і смал., ельн. казаки ’Plantago medion P. lanceolata’. Магчымасць такога працэсу пацвярджаецца дублетамі бабка/каза ’кальцо, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (усх.-палес.), бел. дыял. гырчак бабʼі ’драсён’, інш. назвы — дрост і казадрост ’кураслеп’, бел. дыял. баба ’саха ў студні з жураўлём’ і каза ’тс’ бабка ’грыб Boletus scaberi’, рус. казак, польск. kozak ’тс’, таксама ўкр. усх.-палес. бабка ’конік (насякомае)’ і конік, шматлікія дэрываты такога тыпу ад казёл і інш. Некаторыя з прыведзеных слоў гістарычна маглі ўтварыцца па-рознаму, адмяк мы звяртаем увагу на сам факт наяўнасці дублетаў і як вынік — вольны выбар падыходзячай тэрміналогіі. Матывацыя ў выпадку з баба ’Taraxacum’ становіцца зразумелай, калі параўнаць назвы раслін з круглымі кветкамі: укр. дыял. бабка, попове гуменце, пупава, баранки ’Taraxacum officinale’ і макушка, орішок, головняк ’розныя віды Trifolium’, параўн. яшчэ бел. бабкі ’расліна Trifolium reperis’ (Бейл.). Да разумення ўнутранай формы параўн. яшчэ дзіцячую гульню-загадку, калі на адуванчык дзьмуць, а перад гэтым загадваюць, што атрымаецца: дзед ці баба? Аб іншых варыянтах тлумачэння баба ў гэтых значэннях гл. Краўчук, БЛ., 1974, 6, 65.

Казакі́2 ’гарлянка паўзучая, Ajuga reptans’ (брэсц., Федароўскі; гродз., Верас). У даным выпадку можна меркаваць аб сувязі з назвай каза1 на аснове знешняга падабенства: сцябло і лісце расліны пакрыты шматлікімі шчацінкамі; іншая магчымасць — па форце кветкі, — гэта расліна з сямейства Labiatae, і таму параўнанне кветкі з галавой жывёлы натуральна: што ж датычыць канкрэтнага віду, то ў яго кветцы на канцы ўтвараецца некалькі характэрна адагнутых уніз пялёсткаў. Менш верагодны перанос назвы з іншай расліны па функцыянальнай прыкмеце. A. reptans з’яўляецца лекавай раслінай (гл. Z našej prirody, 339), аднак як лекавая яна малаўжывальная. Іншыя назвы для A. reptans гарлянка, гандзель, гарлавінка, жывучка, разрыў таксама не сведчаць пра такое яе выкарыстанне (калі толькі не дапускаць, што назва гарлянка адначасова з’яўляецца выражэннем яе карысных уласцівасцей); параўн. да гэтага сярэдневяковае павер’е ў дачыненні да пралескі (Hepatika nobilis: рус. печеночница) аб тым, што, падобная лісцем на печань, гэта расліна лечыць хваробы печані.

Казакі́3 ’казялец едкі, Ranunculus acer’ (Бейл.). Сувязь з каза1 бясспрэчная: параўн. паралельныя казялец, казлы, казялкі. Можна меркаваць, што тут ужыванне вядомай на Палессі назвы казакі або незалежнае ўтварэнне (відаць пад уплывам казёл з суседніх гаворак). Матывацыя празрыстая: параўн. лац. відавую назву acer ’едкі’, бел. дыял. назвы казяльца зараза, курыная слепата (апошняе па колеру), укр. лютий цвіт, рус. лютик, укр. прищирник; паводле сваёй едкасці расліна атрымлівае адмоўную характарыстыку найменнем, утвораным ад каза1. У славянскіх мовах дэрываты ад каза і пад. у такіх значэннях могуць выступаць як тоесныя дэрыватам ад воўк і пад. Параўн. серб.-харв. kȍze ’воспа’ і рус. волчанка і лац. назву хваробы lupus, параўн. таксама шматлікія дэрываты ад воўк у назвах атрутных раслін.

Казакі́4 ’расліна Consolida regalis (= Delphinium consolida)’ (Бейл.). Бясспрэчна, да каза1; метафара зразумелая, калі згадаць рагатыя кветкі гэтай расліны. Вельмі красамоўныя народныя назвы: бел. рагулькі, козлікі, тапаркі і інш., рус. сокирки, грабельки, рогульки, комаровы носики, козельчики, укр. козенька, козенка, козличка, козлики, сокірка, заячі ушка і да т. п.

Казакі́5 ’расліна Primula veris’ (Бейл.). Нельга меркаваць аб непасрэдным утварэнні гэтай назвы ад каза1. Думаецца, што тут адзін з выпадкаў, калі існуючае найменне казакі канкрэтных раслін (або толькі адной расліны) пераносіцца на іншую. Матывацыя можа быць рознай; што ж датычыць казакі ’Primula’, можна прапанаваць наступныя варыянты тлумачэння. Яркія адзнакі расліны — раннія кветкі (параўн. рус. первоцвет) і іх жоўты колер. Відаць, веснавыя расліны разглядаліся недыферэнцыравана, аб гэтым сведчаць такія назвы для Primula, як укр. нар. проліски, просерень, раст, ряст — назвы агульныя для некаторых веснавых раслін; сярод сінанімічных найменняў веснавых кветак сустракаюцца і дэрываты ад каза, казёл. Сярод укр. тэрмінаў для Primula звяртаюць увагу курача сліпота, куріна сліпота, сліпота. Гэтыя ж назвы тыповыя і для іншых як веснавых раслін, так і больш позніх. К ліку гэтых назваў — дэрываты ад каза, казёл і пад.; матывацыя — атрутныя, нарыўныя ўласцівасці раслін. I апошняе: перанос мог адбыцца дзякуючы таму, што расліны з лекавымі ўласцівасцямі могуць або разглядацца недыферынцыравана, або называцца адным тэрмінам для абазначэння іх каштоўнасці. Параўн. да апошняга рус. дыял. «Есть трава казак, ото всего хорошо пить» (томск. і інш.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыкла́д ’драўляны або каменны помнік на магіле; абчасаная гранямі калода’ (Зянк., Байк. і Некр., Сцяшк.), пры́кла́д, пры́кла́т ’тс’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), пры́клады ’надмагільная пліта’ (Мат. Маг.), параўн. словазлучэнне з рэдкім адсубстантыўным дзеясловам: прыкла́дваць чалавека ’ўстанаўліваць надмагільны помнік’ (лях., Сл. ПЗБ), таксама прыкла́дзіны ’абкладанне магілы драўляным зрубам; чатырохвугольная дошка, якую кладуць на магілу; памінальны абед (таксама і з прычыны абкладання магілы прыкла́дзінамі)’ (Дзмітр., Крачк., Нас.), ’старадаўні звычай — абед як памяць па нябожчыку’ (Янк. 2), прыкла́дзіны, прыкла́дзены ’ўпарадкаванне (магілкі)’ (глыб., віл., Сл. ПЗБ). Сюды ж з іншай (сумежнай) семантыкай: прыкла́д, прыкла́дзіна, пры́кла́днікказёл на вільчыку’ (ТС), прыкла́дзіна ’стрэшка над стажком’ (ветк., ЛА, 2), прыкла́дзіна ’мянушка’ (Жд.), толькі мн. л. прыкла́дзіны ’(зямельныя) прырэзкі’ (віл., Сл. ПЗБ), мн. л. пры́кладні ’раскіданыя ў беспарадку, зваленыя ў кучу рэчы’ (ветк., Растарг.); прыкла́жа ’прыбаўленне, прыбаўка да паклажы’ (Нас.). Утварэнне ад прыклада́ць, гл. класці.

Пры́клад, рэдка прыкла́д ’канкрэтная з’ява, факт, які прыводзіцца для тлумачэння; узор для пераймання’ (Шпіл., Нас., Гарэц., ТСБМ). Паводле Кюнэ (Poln., 89), запазычана з польск. przykład, паводле Банькоўскага (2, 937), першапачаткова тэрмін цяслярства (пра прадмет для ўзору, які прыкладаўся да матэрыялу); ст.-бел. приклад ’узор, прыклад’, якое працягвае прасл. *prikladъ (Копечны, Zákl. zásoba, 291), параўн. і ст.-слав. прикладъ ’сімвал, эмблема, знак’, або запазычана з чэш. přiklad ’тс’. Вытворныя кшталту напры́клад (гл.), прыкла́дам ’напрыклад’ (Нас., Байк. і Некр., Яруш.) узніклі пазней на ўласнай глебе як еўрапейскія калькі, параўн. франц. parexemple, ням. zum Beispiel, рус. например ’тс’. Гл. наступнае слова, а таксама Фасмер, 3, 364.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajáказёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹsказёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedhказёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥказёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥказёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑sказёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑sказёл*ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск. ’драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkàказёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹsказёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkàказёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бара́н1 ’баран’. Рус. бара́н (ст. таксама бора́н), укр. бара́н, польск. baran, чэш. beran (дыял. baran), славац. baran, в.-луж. boran, н.-луж. baran. Прасл. форма няясная (*boranъ, *beranъ, *baranъ?). Старое еўрапейскае слова цёмнага паходжання. Звычайна лічыцца альпійскім словам, звязаным з выклічнікам ber‑. Гл. Бернекер, 43; Мейе, RS, 2, 69–70; Фасмер, RS, 3, 256; гл. яшчэ Слаўскі, 1, 27; Махэк₂, 51. Параўн. грэч. βάριον ’авечка’, алб. berr ’тс’, італ. bero ’баран’, bera ’авечка’, франц. berri ’баран’. Параўн. і выклічнікі для падзывання (укр. бирь, рус. бар, бырбы́р; Коржынэк, LF, 58, 430; Фасмер, 1, 123–124). Няпэўна Машынскі, JP, 33, 365–366 (ад і.-е. *u̯er‑ ’авечка, шэрсць’; сюды параўн. і Трубачоў, Происх., 74–75). Таксама няпэўная версія пра запазычанне з цюрк. (тат.) bärän (Міклашыч, Türk. El. Nachtr., 2, 83; Дзмітрыеў, Тюрк. эл., 18–19). Брукнер (15) думаў пра сувязь з *borvъ ’вяпрук і г. д.’ (гэту версію падтрымлівае Шанскі, 1, Б, 39). Няпэўна таксама Трубачоў, Происх., 73–76, які, зыходзячы з словаўтваральнай няяснасці слова і адсутнасці яго ў паўд.-слав. мовах, думае пра запазычанне з цюрк. *baran ’той, які ідзе’. Гл. яшчэ Губшмід, Этимология, 1967, 245–246.

Бара́н2 баранок (Інстр. II), бара́нчык, баранэ́ць ’птушка бакас’ (КЭС, Лысенка, ССП). Параўн. рус. бара́шек, укр. баране́ць, баранчик, бара́нок (апошняе з польск. baranek ’тс’), польск. baranek ’бакас’. Гл. Фасмер, 1, 125. Параўн. яго назвы ў іншых мовах: франц. chevrelle, chèvre céleste, ням. Нimmelsgeiß, Himmelsziege.

Бара́н3 ’вялікая рыбацкая лодка’ (палес., Маслен.). Бясспрэчна, да бара́н1. Вельмі вялікія прадметы, прылады часта носяць назву бара́н (параўн. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23).

Бара́н4 ’прылада для сушкі сена’ (Влад.). Да бара́н1. Розныя драўляныя збудаванні, прылады, асабліва вялікія, часта называюць імёнамі жывёлін: часцей бара́н (так і ў іншых слав. мовах). Параўн. яшчэ казёл (у розных значэннях). Адносна ўжывання слова бара́н як тэхнічнага тэрміна (рычаг, брус і г. д.’, падрабязна гл. Ісерлін, РЯШ, 1940, 4, 20–23. Параўн. яшчэ бара́н ’баба для забівання паляў’ (Нас.).

Бара́н5 ’рубанак з дзвюма ручкамі’ (Сцяшк. МГ, Інстр. II, Касп.), ’фуганак’ (Янк. Мат.). Рус. бара́нок, укр. баранок ’тс’. З слова руба́нок (< ням. Rauhbank) перастаноўкай гукаў спачатку атрымалася бара́нок (Фасмер, 1, 124). Гэта форма ўспрымалася як памяншальная і было створана новае слова («непамяншальная» форма) бара́н.

Бара́н6 грыб ваўнянка’ (Сцяшк. МГ). Параўн. укр. баранячка ’ваўнянка’. Мабыць, па знешняму падабенству ад бара́н1 (шапка грыба пакрыта валаскамі). Параўн. і франц. назву ваўнянкі — mouton‑zoné (да mouton ’баран’). Да матывацыі гл. яшчэ Мяркулава, Очерки, 172–173.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыла ’драўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)