Аско́ла вісус; чалавек, што ўсюды паспявае’ (Бяльк.); параўн. рус. смал. асколок ’дзёрзкі, нахабны чалавек’, укр. дивитись оскілками ’глядзець са злобай’, польск. oskoła ’бярозавы сок’ (Брукнер). Гэта слова можна тлумачыць як семантычнае развіццё першаснага аскола таго ж паходжання, што і рус. оскол, бел. асколак, якія маглі мець значэнне тыпу ’стрэмка’. Яны развіваліся тым жа шляхам, што і рус. заноза. Іншае тлумачэнне: скажэнне слова раскол ’забойца, разбойнік; буян, нахабнік’ (Бяльк., Шат.), што адлюстроўвала ўяўленне аб раскольніках як адшчапенцах, кепскіх людзях, якое пашыралася царквой; у гэтым выпадку ўкр. прыклад, дарэчы, патрабуючы ўдакладнення, наўрад ці звязаны з бел. асколак рус. асколок. Сувязь тлумачэння з польск. oskola, відаць, ад уяўлення пра «ліпучасць» соку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ата́рыца ’частка панскай зямлі, засеяная парабкам для сябе’ (Нас., Чач., Гарэц.), ’асабістая даходная праца’ (Мядзв.), ’ралля, прыгатаваная пад пасеў’ (КЭС). У блізкім значэнні слова выкарыстоўваецца ў «Рускай праўдзе» (Сразн.): отарица. Спрэчна. Карскі (Труды, 391) лічыць запазычаннем з літ. ãtaras ’баразна з краю нівы’. Карскі супраць сувязі з дзеясловам араць, таму што ў гэтым выпадку чакалася б *аторыца (параўн. атор(а)). Урбуціс (Baltistica V (1), 1969, 48) лічыць, што бел. атарыца ўтворана ад атара (гл.) ’гурт авечак’ і ’зямельнае ўгоддзе’. Значэнне атарыца ’пасаг’, у тым ліку ’жывёла, што даецца як пасаг’ (Мат. дыял. канф., 77), укр. дыял. палес. атарица ’пасаг’ указвае на магчымасць іменна такога (ад атара) паходжання слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Да прыназоўнік. Параўн. рус. до, укр. до, ст.-рус. до, чэш. do, славац. do, польск. do, в.-луж., н.-луж. do, балг. до, серб.-харв. до̏, славен. , ст.-слав. до. Прасл. *do ’тс’; паходзіць з і.-е. *dō̆, якое мела функцыі прыназоўніка-паслялога і было, як думаюць, займеннікавага паходжання. Роднасныя формы: ст.-в.-ням. zuo, ням. zu ’да’, англ. to (< герм. *tō), далей грэч. энклітыка ‑δε, лац. ‑do (параўн. endo ’ў, усярэдзіне’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 37–38 (у яго ж і агляд літ-ры). Фасмер (1, 519) прыводзіць яшчэ літ. прэфікс da‑, лат. da ’да’. Гл. Яшчэ Бернекер, 1, 203; Траўтман, 42; Слаўскі, 1, 150; Фрэнкель, 1, 78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Казі́цца ’нараджаць казлянят, прывесці прыплод’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл., 60). Рус. зах.-бран., цвяр., калін. козиться, серб.-харв. kòziti, kòziti se, макед. кози се, балг. дыял. кози, кози се ’тс’. Нягледзячы на супадзенне форм дзеяслова ў незалежных арэалах, нельга меркаваць аб старажытным паходжанні слова, паколькі не выключаецца адносна позняе ўтварэнне па вядомай мадэлі. Аднак аргументаў на карысць позняга паходжання слова таксама няма. Архаічны характар утварэння можна пацвердзіць літ. ožinótis, ožkúotis у тым жа значэнні, што і слав. лексемы. Гэта дазваляе прапанаваць прасл. рэканструкцыю: koziti (sę) для разглядаемага слова са значэннем ’нараджаць казлянят’. Значэнне ’прывесці прыплод’ (у Бялькевіча) можна разглядаць як другаснае; больш ясна такое значэнне развіваецца ў дзеяслова каціцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́бка ’невялікая скрынка’ (ТСБМ), ’пасудзіна вялікіх памераў для ссыпання збожжа’, ’шырокая пасудзіна сярэдніх памераў з лазы для захавання мукі, круп і іншых рэчываў’, ’шырокая пасудзіна для сяўбы ўручную’, ’кошык для збірання грыбоў, ягад’, ’спецыяльная, шчыльна сшытая з ліпавай кары пасудзіна для збору мёду’ (З нар. сл.), ’прылада для лоўлі ўюноў’ (З нар. сл., Шатал., Крыв., Рам.), ’скрыначка, пенал’ (Бяльк.). Найбольш ужывальнае вытворнае ад кораб (гл.) слова. Параўн. укр. коробка, рус. коробка, чэш. krabka, польск. krobka. Паўднёваславянскіх паралелей да вытворных з суфіксацыяй на ‑ъка няма, бо такая суфіксацыя не характэрна для іх. Вядома, што паўд.-слав. мовы аддаюць перавагу сінанімічнаму суфіксу таго ж паходжання ‑ica: серб.-харв. кра̏бица ’каробачка’, славен. krábica ’каробка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карп ’рыба Cyprinus carpio’, укр. карп, рус. карп, чэш. karp, славац. kapor, польск. karp, в.-луж. karpa, палаб. karp. Разглядаецца як запазычанне са ст.-в.-ням. karpo (Параўн. Бернекер, 575). Але ў славянскіх мовах існуе назва карпа з метатэзай плаўных: укр. короп, рус. короп, балг. карп, серб.-харв. кра̏п, славен. kràp, што робіць нямецкае паходжанне назвы больш праблематычным. У кожным разе нельга выключыць магчымасць славянскага паходжання нямецкай лексемы. Цікавым фактам з’яўляецца існаванне ст.-інд. śapharaḥ ’від карпа’, якое сведчыць аб палатальным к на пачатку слове. Ст.-грэч. κυπσῖνος ’карп’ гаворыць аб вандроўным характары лексемы. Непасрэдную крыніцу славянскіх форм вызначыць цяжка (Фасмер, 2, 334; Каламіец, 109–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. kontti ’карзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotiti ’каціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове э — а ў залежнасці ад месца націску.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клуміць ’тлуміць, дурыць, шумець’ (Нас., Гарэц., Юрч., Мат. Маг., Бяльк., Др.-Падб.), клуміць галаву ’задурваць, валакіціць, падманваць’ (Юрч. Фраз. 2). Насовіч (237) гаворыць аб тым, што клуміць аднаго паходжання з глуміць і тлуміць. Да клум (гл.). Супастаўляючы з клуміць не толькі тлуміць, але і глуміць. Насовіч, відаць, мае на ўвазе кантамінацыю тлуміць і глуміць. З гэтым тлумачэннем нельга пагадзіцца, паколькі рус. глумить, бел. глуміць маюць таксама значэнне ’дурыць, падманваць’. Трэба таксама ўлічваць, што лексемы tłum, tłumić толькі польскія і іх этымалогія няясная. Таму, па-першае, не абавязкова прымаць пераход t > k на беларускай глебе для тлумачэння бел. шум, шуміць, можна меркаваць і аб адваротным працэсе (гл. глум, глуміць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)