Катэ́лка ’хлебны, гліняны шарык’ (Касп.). Не вельмі яснага паходжання; няма, здаецца, падобных форм у іншых мовах (гл. СРНГ, Даль, Трубачоў, Эт. сл.). Зыходзіць трэба, магчыма, з вядомага ўтварэння, празрыстага марфалагічна *katalъka (ад *katati; з элементам ‑l‑, што сустракаецца ў дзеепрыметніках мінулага часу). Параўн. у Даля: ката́лка ’што качаюць, дзіцячыя цацкі на колах; чым качаюць, качалка для качання бялізны; на чым катаюцца, каток, горка, рагожка для катання’ (гл. яшчэ СРНГ, 13, 121–122). Магчыма, калісьці націск быў на першым складзе (параўн. рус. ка́талки ’гульня ў шар’). Пры перанясенні націску на другі склад нібы аднаўляецца вакалізм «э» пад націскам. Параўн. чаргаванне ў бел. мове э — а ў залежнасці ад месца націску.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)