Каро́бка ’невялікая скрынка’ (ТСБМ), ’пасудзіна вялікіх памераў для ссыпання збожжа’, ’шырокая пасудзіна сярэдніх памераў з лазы для захавання мукі, круп і іншых рэчываў’, ’шырокая пасудзіна для сяўбы ўручную’, ’кошык для збірання грыбоў, ягад’, ’спецыяльная, шчыльна сшытая з ліпавай кары пасудзіна для збору мёду’ (З нар. сл.), ’прылада для лоўлі ўюноў’ (З нар. сл., Шатал., Крыв., Рам.), ’скрыначка, пенал’ (Бяльк.). Найбольш ужывальнае вытворнае ад кораб (гл.) слова. Параўн. укр. коробка, рус. коробка, чэш. krabka, польск. krobka. Паўднёваславянскіх паралелей да вытворных з суфіксацыяй на ‑ъка няма, бо такая суфіксацыя не характэрна для іх. Вядома, што паўд.-слав. мовы аддаюць перавагу сінанімічнаму суфіксу таго ж паходжання ‑ica: серб.-харв. кра̏бица ’каробачка’, славен. krábica ’каробка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)