Като́мка ’сумка, клунак’ (Сцяшк. МГ, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. котома́, кото́мка; паводле Фасмера, 2, 353, сюды адносяцца (з тым жа значэннем) рус. ко́тма, хото́мка, коту́ль, коты́ль, хоту́ля, хату́ль. Трубачоў (Эт. сл., 11, 208) прыводзіць яшчэ ўкр. ко́тма ’тс’. Слова няяснага паходжання. Прапанаваліся розныя этымалогіі, напр., утварэнне ад дзеяслова ката́ть, далей, запазычанне з фін. kontti ’карзіна з бяросты, якую носяць на спіне’, або з чагат. kat ’футляр’ (гл. Фасмер, 2, 353). У апошні час Трубачоў, там жа (праўда, без бел. матэрыялу), мяркуе, што, магчыма, было прасл. *katoma, залежны дзеепрыметнік на ‑om ад дзеяслова *kotiti ’каціць, валяць і да т. п.’ Няпэўна. Параўн. яшчэ Шанскі, 2, К, 360.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)