Казі́цца ’нараджаць казлянят, прывесці прыплод’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл., 60). Рус. зах.-бран., цвяр., калін. козиться, серб.-харв. kòziti, kòziti se, макед. кози се, балг. дыял. кози, кози се ’тс’. Нягледзячы на супадзенне форм дзеяслова ў незалежных арэалах, нельга меркаваць аб старажытным паходжанні слова, паколькі не выключаецца адносна позняе ўтварэнне па вядомай мадэлі. Аднак аргументаў на карысць позняга паходжання слова таксама няма. Архаічны характар утварэння можна пацвердзіць літ. ožinótis, ožkúotis у тым жа значэнні, што і слав. лексемы. Гэта дазваляе прапанаваць прасл. рэканструкцыю: koziti (sę) для разглядаемага слова са значэннем ’нараджаць казлянят’. Значэнне ’прывесці прыплод’ (у Бялькевіча) можна разглядаць як другаснае; больш ясна такое значэнне развіваецца ў дзеяслова каціцца (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)