Перавя́ць, смал. перевя́ть ’парваць, перацерці (пра вяроўку, ліну)’ (Этимология–1981, 72). Да пера- (гл.) і вять ’рваць, церці’, якое да прасл. *vęti < і.-е. u̯en‑ ’біць, раніць’, гоц. wunds ’раніць’, англ. wen (< прагерм. *wanja), кімр. ym‑wan ’біцца, змагацца’, карнуэлск. gwane ’праколванне’, англ.-сакс. Wenn ’пухліна’, ’гуз ад удару’ і інш. < і.-е. *u̯a‑/*u̯o‑/*u̯ə‑, параўн. лат. vâts ’рана’, літ. votìs ’адкрытая скула, нарыў’. З гэтым дзеясловам са значэннем ’рваць, церці’, рус. валаг. вя́ха ’куча, бярэмя, ноша’, а таксама ’ўдар, аплявуха, грымак, кухталь’ (семантыка ’біць’) звязваецца бел. полац. вяхотка2 (гл.) ’чарада, куча’, якое ў ЭСБМ (2, 336) падаецца з паметай “няясна” (Гарачава, Этимология–1981, 72–74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярхня́к1 ’бэлька паміж вушакамі’, вірхня́к ’тс’ (Мат. Гом.), укр. параўн. верхня́к ’верхні гарызантальны брусок у аконнай і дзвярной асадзе’, рус. урал., зах.-сіб. ве́рхник, верхля́к, варон., бран., гом. верхня́к ’верхні вушак акна, дзвярэй’, славен. vȓhnjak ’тс’. Узнікла ў выніку семантычнай кандэнсацыі злучэння верхні вушак.

Вярхня́к2, вырхня́к ’падстрэшак’ (малар., Нар. сл.), а таксама верхняк ’верхні сашнік у сасе’ (Выг.), утвораны ад прыметніка верхні і суф. ‑ак.

Вярхня́к3, вэрхня́к ’верхні жарновы камень’ (Дразд.), талач. вірхняк ’тс’ (Шатал.), укр. верхняк, ст.- і паўдн.-рус. верхня́к ’верхні камень у млыне’, урал. ве́рхник ’тс’, славен. vrhnják ’тс’. Усходнеславянска-славенская ізалекса. Да верхні. Утворана пры дапамозе суф. ‑ак (< ‑akъ). Параўн. верхнік2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га! выклічнік, які ўжываецца ў розных функцыях: 1. водгук (Нас., Касп., Сцяшк.); 2. пытанне, кліканне (Нас., Касп., Шат., Бяльк.); 3. пагарда (Нас.). Для абазначэння розных псіхалагічных станаў гэты выклічнік ужываецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. га!, укр. га!, польск. ha!, чэш. ha! і г. д. Прымарны выклічнік, вядомы таксама ў іншых індаеўрапейскіх і неіндаеўрапейскіх мовах (ням. ha!, франц. ha!, лац. ha!, грэч. , ст.-інд. ha). Гл. Слаўскі, 389–390; Рудніцкі, 513.

Га ’гектар’ (РБС), рус. га, укр. га. Запазычанне (праз рус. мову) новага часу з франц. ha ’тс’ (якое з’яўляецца скарачэннем слова hectare ’гектар’). Параўн. Шанскі, 1, Г, 3 (у рус. мове слова фіксуецца з 1932 г.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ндаль (БРС, Касп.), га́ндэль (Нас.). Ст.-бел. (з XVI ст.) гандель (гл. Булыка, Запазыч., 78). Укр. дыял. га́ндель, ге́ндель. Запазычанне з польск. handel ’тс’. Гл. падрабязна Слаўскі, 1, 400. Польск. слова ў XVI ст. было ўзята з ням. Handel ’тс’ (да дзеяслова handeln); Слаўскі, там жа. З ням. handeln ’гандляваць’ запазычана польск. handlować. Адсюль, як лічыць Слаўскі (там жа), узята бел. гандлява́ць (Нас., Шат.), укр. гандлюва́ти, гендлюва́ти (гандлевати было ўжо ў ст.-бел. помніках; гл. Булыка, Запазыч.). Бел. гандля́р (БРС, Шат., Касп.; няма ў Булыкі, Запазыч.), укр. гендля́р (магчыма, як мяркуе Слаўскі, там жа, праз польск. мову: польск. handlarz) таксама ўзяты з ням. Händler (да handeln).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ды́рда ’дзяўчынка-гарэза, якая выйшла з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’, ’чалавек высокага росту і асабліва той, хто мае доўгія ногі’, ды́рдас ’хлопчык-гарэза, які выйшаў з дзіцячага ўзросту і бегае ў кароткай кашулі’ (Нас.). Паводле Лаўчутэ (Лекс. балтызмы, 19), гэтыя два словы ў даных значэннях зафіксаваны толькі ў бел. мове і на слав. глебе не этымалагізуюцца. Лаўчутэ мяркуе, што крыніцай гэтых лексем былі літ. *dirda, *dirdas (параўн. літ. dirdinė́ti ’сланяцца, бяздзейнічаць’). Ад ды́рда, відавочна, утвораны дзеяслоў ды́рдзіцца ’выцягваць ногі пры смерці’ (Касп.). Параўн. яшчэ вельмі няпэўныя меркаванні ў Сл. паўн.-зах. (пад ды́рда). Няпэўна таксама Трубачоў (Эт. сл., 5, 201) звязвае ды́рда з ды́лда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каўбаса́ ’кілбаса’ (БРС, Шат., Сцяшк.). Формы тыпу кілбаса (параўн. Нас.) запазычаны з польск. kiełbasa (гл. Слаўскі, 2, 143–144). Іншая форма, бел. каўбаса́ мае надзейныя адпаведнікі ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. колбаса́, укр. ковбаса́, ст.-рус. колбаса, балг. кълба́са, с.-балг. клъбаса, славац. klbása, польск. kiełbasa. Агульнай праформай тут можа быць *kъlbasa. Адрозніваюцца па форме чэш. klobása, славен. klobása, серб.-харв. коба̀сица, klobasa. Этымалогія гэтых слав. слоў вельмі няпэўная. Паводле Слаўскага, 2, 144, няпэўным таксама з’яўляецца сам прасл. характар усёй групы слоў і трэба шукаць крыніцу запазычання (прапанаваліся ў якасці крыніцы цюрк. мовы, ст.-яўр., франц.). Агляд у Слаўскага, 2, 144, у Фасмера, 2, 286. Гл. яшчэ Шанскі, 2, 195.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кула́к1 ’кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Нік., Няч., Бяльк., ТС). Укр. кулак, рус. кулак ’тс’. У беларускай і ўкраінскай мовах (а таксама ў некаторых іншых) запазычанне з рускай. Іншамоўныя крыніцы або ўнутраная форма рускага слова надзейна не вызначаны. Паводле Фасмера (2, 408), з цюрк. kulak ад kol, kul ’рука’ (параўн. Корш, AfslPh, 9, 513; Локач, 95).

Кула́к2 ’багаты селянін-уласнік’ (ТСБМ). Да кулак1 (гл.).

Кула́к3 ’драўляны малаток’ (Сл. паўн.-зах.). Да кулак1 (гл.).

Кула́к4 ’асобны шып кулачнага кола, што круціць шасцярню пасавага кола’ (КЭС, лаг.), ’зуб у шасцярні’ (Шат., Кліх). Параўн. кулак3 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ласось ’рыба Salmo salar L.’ (Жук., ТСБМ). Укр. ло́сось, рус. лосо́сь, польск. łosoś, н.-луж., в.-луж. łosos, чэш., славац. losos. Прасл. lososь мае не толькі паўн. і.-е. адпаведнікі (ст.-в.-ням. lahs, ст.-ісл. lax ’ласось’), але і ўсх.: ст.-прус. lasasso, літ. lãšis, lašašà, лат. lasis ’тс’. Параўн. таксама тах. B laks ’рыба’. Асец. lκsκgʼ ’ласось’ з’яўляецца спецыфічнай скіфска-еўрапейскай ізаглосай, якая не мае адпаведнікаў у індаіранскіх мовах. Да і.-е. *lak̑s ’плямісты, стракаты’, параўн. рус. ласа́ ’яркая пляма’, лат. làse ’пляма, крапіна’ (Бернекер, 1, 734; Фрэнкель, 341–342; Фасмер, 2, 522; Слаўскі, 5, 211–213; Геаргіеў, Introd., 294; Абаеў, 2, 32 з літаратурай).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бардады́м ’бамбіза’ (Гарэц.), ’высокі і нехлямяжы чалавек’ (Др.-Падб.). Рус. дыял. бардады́м ’нехлямяжы або высокі чалавек’, укр. бардади́м ’вялікі па камплекцыі чалавек, высокі чалавек’. У аснове ляжыць дэфармаваная назва манаха-бернардынца (параўн. бел. бардады́н ’манах ордэна св. Бернарда’, Нас.), фігура якога ў народзе выклікала насмешкі і жарты. Параўн. у польск. мове: Bernardyński kark. — Palnał bernardyński (= duży) kieliszek starki. — Zaczął zajadać z bernardyńskim apetytem (Варш. сл., 1, 116). Адсюль ’здаровы, мажны чалавек, бамбіза і г. д.’ Падрабязна гл. Краўчук, ЛБ, 8, 73. У рус. мове бардады́м (бардада́шка, барда́шка) таксама ’картачны кароль чорнай масці’ (аб гэтым Папоў, Лекс., 50; Трубачоў, ЭИРЯ, 3, 42–44; памылкова Праабражэнскі, 1, 17 і Фасмер, 1, 126).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бары́ла1 ’бачонак, невялікая бочка; вялікая, шырокая бочка’, таксама барылачка, бары́лца, барэлочка, бары́лка, барэ́лка, барэ́лко (Касп., Нас., Гарэц., Бяльк., Інстр. III, Др.-Падб., Дзмітр., Шн., Бесар., КЭС, лаг., Булг., Федар., 4, Сцяц., Сцяшк. МГ, Арх. Бяльк. слонім.). Рус. дыял. бари́ло і г. д. (< укр. або бел.), укр. бари́ло (з XVI ст.) і г. д. Запазычанне з польск. baryła < італ. barile. Гл. Міклашыч, 7; Бернекер, 44; Фасмер, 1, 126–127; Брукнер, 17; Слаўскі, 1, 28; Кюнэ, Poln., 43. Гл. яшчэ Булыка, Запазыч., 37.

Бары́ла2 ’здаровы мажны мужчына; таўсцяк; тоўсты, нехлямяжы чалавек’ (Касп., Нас., Гарэц., Сцяшк. МГ). Метафарычнае ўжыванне слова бары́ла ’бачонак’ (гл.). Параўн. укр. барилькува́тий ’тоўсты, брухаты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)