Заве́я ’мяцеліца’. Рус. дыял. заве́я ’тс’, ’месца дзе кружыць вецер’, укр. заві́я ’мяцеліца’, польск. zawieja ’тс’; параўн. чэш., славац. závěj, славен. zavèj ’сумёт’. Аддзеяслоўны наз. на а‑ ўтвораны ў паўн.-слав. мовах на базе прэфіксальнага *za‑vě‑ja‑ti (гл. веяць). Бел., укр. і польск., а таксама рус. дыял. прыбалт. факты магчыма трактаваць як звязаныя паміж сабой. Перм., арханг., урал. завея ’месца, захаванае ад ветру’ магло ўзнікнуць самастойна. Крыніцай польск. і зах., усх.-слав. з’явы можа быць як польск., так і «крэсовая» форма (чаму не пярэчыць ужыванне Міцкевічам); для высвятлення гэтага патрэбны звесткі аб пашырэнні слова ў народных гаворках, што для слова, замацаванага ў літ. мове, ускладнена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)