Перавя́ць, смал. перевя́ть ’парваць, перацерці (пра вяроўку, ліну)’ (Этимология–1981, 72). Да пера- (гл.) і вять ’рваць, церці’, якое да прасл. *vęti < і.-е. u̯en‑ ’біць, раніць’, гоц. wunds ’раніць’, англ. wen (< прагерм. *wanja), кімр. ym‑wan ’біцца, змагацца’, карнуэлск. gwane ’праколванне’, англ.-сакс. Wenn ’пухліна’, ’гуз ад удару’ і інш. < і.-е. *u̯a‑/*u̯o‑/*u̯ə‑, параўн. лат. vâts ’рана’, літ. votìs ’адкрытая скула, нарыў’. З гэтым дзеясловам са значэннем ’рваць, церці’, рус. валаг. вя́ха ’куча, бярэмя, ноша’, а таксама ’ўдар, аплявуха, грымак, кухталь’ (семантыка ’біць’) звязваецца бел. полац. вяхотка 2 (гл.) ’чарада, куча’, якое ў ЭСБМ (2, 336) падаецца з паметай “няясна” (Гарачава, Этимология–1981, 72–74).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)