ро́дзіч, ‑а, м.

1. Гіст. Член роду (у 1 знач.).

2. Разм. Сваяк; чалавек блізкі па паходжанню. [Люба:] — Горш за ўсё мець начальнікам блізкага родзіча. З ім жа ніколі па-чалавечы не дамовішся. Шамякін. Старыя пройдзены дарогі І сцежак тысячы людскіх, Дзе і мае хадзілі ногі І ногі родзічаў маіх. Колас. / Пра жывёл і раслін аднаго роду (у 8 знач.). І качкі, што падарыў Люсі і яе маці Амархан, хваляваліся, выцягвалі шыі, прыслухоўваліся да галасоў дзікіх родзічаў. Даніленка. Родзіч нашага ядлоўцу кіпарыс, жыхар паўднёвых краін, можа пражыць да чатырох-пяці тысяч гадоў. Гавеман.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чужані́ца, ‑ы, м. і ж.

1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.

2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.

3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сват ‘асоба, якая сватае жаніху нявесту ці нявесце жаніха’, ‘бацька мужа ў адносінах да жончыных бацькоў ці наадварот’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Сцяшк., З нар. сл., Бір. дыс., Сл. ПЗБ, ТС, Байк. і Некр.), ‘на вяселлі родзіч з боку маладога’ (Сл. ПЗБ), ‘адзін з удзельнікаў вясельнай дружыны’ (віл., З нар. сл.), сваты́ ‘бацькі маладых і ўсе родныя госці’ (“якіх называюць сватамі”, Сержп. Прымхі), свато́ве ‘тс’ (Нас., Касп.). Укр., рус. сват, ст.-рус. сватъ, польск. swat, н.-луж. svat ‘шафер, дружка’, ‘усякі сваяк заручанай пары’, чэш. svat, славац. svat ‘бацька зяця або нявесткі’, серб.-харв. сва̏т ‘сват’, славен. svȃt ‘сват, дружка’, балг., макед. сват ‘сват’, дыял.сваяк’. Прасл. *svatъ, дэрыват ад кораня *swo‑ ‘свой’, з і.-е. *su̯a‑tō (*swō‑t‑), дзе ‑t‑ вытворнае ад займеннікавага кораня (гл. той), першапачаткова ‘свой, блізкі чалавек, суродзіч’; значэнне ‘чалавек, які сватае’ з’явілася пазней пад уплывам дзеяслова *svatati (гл. Трубачоў, История терм., 142–143). Паралелі ў літ. svẽcias, svẽtis ‘госць (чужынец)’, грэч. (Ϝ)έτης ‘родзіч, прыяцель’, гоц. swēs ‘уласны’, ст.-інд. svás ‘свой’. Махэк₂ (594) на аснове чэш. svatví * < *svatvьji адносіць слова да асновы на ‑u‑ і параўноўвае з авест. xvaētu‑, што адвяргаецца па фанетычных прычынах. Гл. Фасмер, 3, 570; Борысь, 589; Шустар-Шэўц, 1384; БЕР, 6, 534–535; Сной₂, 713; Глухак, 597 (збліжае з *xvatati, гл. хватаць); Шаўр, Etymologie, 45 (дапускае незалежнае ад славянскіх развіццё балтыйскіх і грэчаскай формаў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

радня́, ‑і, ж.

1. зб. Родныя, сваякі. Да палкоўніка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкі яшчэ малады чалавек. Чорны. Абапал маладых садзяцца шафёры і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня. Асіпенка.

2. Разм. Родны (родная), сваяк (сваячка). Здавалася, нібы ўсе яны [людзі і малпы] адчувалі, што даводзяцца адзін аднаму раднёй. Маўр. Можа, ён быў яму нейкая радня, а можа і што-небудзь іншае звязвала іх, але гэты бялявы хлопец быў для оберста не толькі дзеншчыком. Шахавец. // перан. Аб кім‑, чым‑н. падобным у якіх‑н. адносінах. Я ў Новай Рызе — зусім як дома, бо з новым Мінскам яна радня. А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прыя́цель, пры́яцель ’блізка знаёмы чалавек, з якім устанавіліся добрыя, прыязныя адносіны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Бяльк.; ваўк., ганц., Сл. ПЗБ; ТС, ЛА, 3), прыя́цяль, прые́цель, прыя́ціл ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), прыя́цельства ’таварыскія адносіны; сяброўства’ (Нас., Ласт., ТСБМ), ст.-бел. приятель, приатель, приетель ’тс’ (Сл. Скарыны). Укр. прия́тель, рус. прия́тель, польск. przyjaciel, в.-луж. přećel, н.-луж. pśijaśel, чэш. přítel, славац. priateľ, серб.-харв. при̏јатељ, славен. prijȃlelj, балг. прия́тел ’прыяцель’, макед. пријател ’тс’. Прасл. *prijatelь ’прыяцель, добразычлівец, сваяк, родны’, дэрыват ад *prijati (гл. прыяць) з суфіксам nomina agentis ‑telʼь (Слаўскі, SP, 1, 52; Махэк₂, 494). Праславянскае слова роднаснае ст.-в.-ням. fruidil, с.-в.-ням. vriedel ’любімы; жаніх, муж’, ням. Freund ’прыяцель’, ст.-ісл. friill ’каханы, палюбоўнік’. Гл. Траўтман, 231; Брукнер, 445; БЕР, 5, 749; Фасмер, 3, 369; Бязлай, 3, 121; Сной₂, 575; Банькоўскі, 2, 935; ЕСУМ, 4, 586 (прияти). Параўн. прэ́цель (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

далёкі

1. (находящийся на большом расстоянии; имеющий большое протяжение) далёкий, да́льний; отдалённый;

2. (о родстве) да́льний;

д. свая́к — да́льний ро́дственник;

3. (ад каго, чаго) перен. (имеющий мало общего с кем; чем-л.) далёкий, чу́ждый (кому, чему);

д. ад наву́кі чалаве́к — далёкий от нау́ки челове́к;

4. в др. знач. далёкий; отдалённый;

~кія часы́ — далёкие (отдалённые) времена́;

~кае падабе́нства — отдалённое схо́дство

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Свой1 займ. ‘які належыць сабе, уласцівы сабе, мае адносіны да сябе, уласны’, ‘які знаходзіцца ў сваяцкіх, сяброўскіх або іншых блізкіх адносінах’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. свій, рус. свой, польск. swój, в.-луж., н.-луж. swój, чэш. svůj, славац. svoj, серб.-харв. сво̑ј, славен. svoj, балг. свой, макед. свој, ст.-слав. свои. Прасл. *svojь ‘свой’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-прус. swais, swaia ‘свой’, літ. sãvas, лат. savs ‘тс’, ст.-в.-ням. swîo, geswîo ‘брат жонкі, цесць, сваяк’ < *svei̯o‑, ст.-інд. svás ‘уласны’, авест. xva‑, hva‑, ст.-перс. uva‑ ‘тс’, грэч. ‘сябе’, гоц. swes ‘уласны’, ст.-лац. sovos, лац. suus ‘тс’; гл. Траўтман, 251 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 792; Майргофер, 3, 566. Да і.-е. *su̯o‑ ‘свой’; гл. Борысь, 590; Сной₁, 625; агляд літ-ры гл. Фасмер, 3, 583; Шаўр, Etymologie, 38–39. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1392–1393; БЕР, 6, 562–563. Параўн. таксама формы без ‑в‑: ст.-слав. себе (гл. сябе).

Свой2 ‘скрутак, трубка выбеленага палатна’ (Сцяшк., Жд. 2, Сержп., З нар. сл.; браг., Нар. сл., ТС, Ян., Мат. Гом., Скарбы), сво́ец ‘тс’ (гарад., Сл. ПЗБ), ‘мера самаробнай тканіны’ (Інстр. 3), свуй ‘трубка палатна’ (стол., Нар. лекс.). Ад *свіць ‘звіць’ < віць; відаць, паходзіць з гаворак, дзе прыстаўка с‑ не пераходзіць у з‑. Параўн. сувой.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. □ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. □ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. □ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́даўніца1 ’памінальны дзень’ (ТСБМ, Др.-Падб., Рам. 8, Касп.), ’гандлёвы дзень у аўторак на Фаміным тыдні’ (віл., Яшк. Мясц.), ра́дуніца ’памінальны тыдзень’ (Бяльк.), ра́дульніца (Ян.), ра́доница, ра́дуница ’тс’ (Нас.), раданіца ’тс’ (Гарэц., Рам. 8), ра́доўніца ’тс’ (ТС), ст.-бел. радуница (1522 г.), рус. ра́дуница, дыял. радуни́ца, ра́довница, ра́дошница, ра́дунки ’радуніца’, радуни́ца ’Фаміны тыдзень’ ’вясёлка’, ст.-рус. радуница. Збліжаюць з рад, тлумачачы з першапачатковага ’свята радаснага памінання памерлых на Вялікдзень у сувязі з уваскрасеннем Хрыста’ (Фасмер, 3, 431), параўн. рус. дыял. Христов день ’радаўніца’. Няпэўна. Малаверагодным падаецца збліжэнне з род, якое грунтуецца на рус. дыял. выразе родителки ’памінальны дзень’, родитель ’памерлы сваяк увогуле’ (Патабня, РФВ, 1, 84). Праводзячы паралелі паміж славянскім і літоўскім язычніцкім абрадам галашэння над памерлымі, які на мяжы Літвы і Беларусі існаваў да пачатку XX ст., Лаўчутэ (Балтизмы, 127–129) даводзіць, што назва ра́даўніца ўтворана на аснове літ. дзеяслова raudóti ’галасіць’, ’моцна плакаць’, raudìne ’малітва з плачам і галашэннем за памерлых’, параўн. суфіксальныя варыянты raudė́ti, raudáuti ’плакаць’, ’галасіць’. Перамяшчэнне дыфтонга ‑аў‑ з першага на другі склад магло адбыцца пад уздзеяннем славянскага рад, з якім славяне пачалі збліжаць незразумелую для іх назву, што сумніўна, гл. Анікін, Опыт, 261. Малаверагодна вывядзенне з незафіксаванага грэч. *ροδωνια ад ροδον ’ружа’ (Дзясніцкая, Слав. языкозн., IX, 92), гл. Жураўлёў, Язык и миф, 393.

Ра́даўніца2 ’вясёлка’ (Мат. Гом.). Ад ра́ды, радавацца (гл.) па ўзору вясёлка (гл.).

Радаўні́ца ’беспарадак’: у яе вечная радаўніца (капыл., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад ра́даўніца1 — ’перадсвяточнае прыбіранне’? (сувязь з рад, парадак здаецца незразумелай у словаўтваральным плане).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кале́на, ‑а, н.

1. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Частка нагі, дзе злучаюцца бядровая і галёначная косці; месца згібу нагі. Сагнуць нагу ў калене. Абхапіць рукамі калені. □ Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Колас. Валодзька з размаху грымнуўся аб ганак, моцна збіўшы калена. Гамолка. // Частка адзення (штаноў, панчох і інш.), якая прыкрывае гэту частку нагі. Залатаць калені штаноў.

2. мн. кале́ні, ‑яў і ‑ле́нь. Нага ад каленнага сустава да таза. Пасадзіць дзіця на калені. □ Унукі ўзбіраліся [дзеду] на калені, церабілі яго бараду, лашчыліся. Лынькоў.

3. мн. кале́ны, ‑ле́н. Частка чаго‑н. сагнутага, непрамога ад аднаго згібу або павароту да другога. Флейта складаецца з галоўкі і двух кален. Калена ракі. Калена дарогі. // Сам вугал згібу, павароту. У самавара не здымалася бляшаная, заломаная вострым каленам і ўстаўленая ў чалеснік труба. Дуброўскі.

4. мн. кале́ны, ‑ле́н. Разм. Асобная частка, закончаны матыў у музычным творы. Ударыў барабан на другое калена, на тое самае, дзе кракавяк ідзе на манер віхрыстай полькі. Кулакоўскі. Кадрылю ў пяць Ці сем кален, Сплючы, ён [скрыпач] мог іграць. Броўка. // Асобнае адметнае месца ў спевах птушак. Калены салаўінай песні. // Фігура ў танцы, скоках. Мы скакалі польку, танцавалі кадрылю аж па шаснаццаць кален, што нават падлога дрыжала. Гурскі.

5. мн. кале́ны, ‑ле́н. Пакаленне ў радаслоўнай. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. — Цяпер, калі я вам расказаў у двух словах радаслоўную Мухтара аж да шостага калена, вы мусіце зразумець, кім ён павінен быў стаць. Васілёнак.

•••

Вераб’ю па калена гл. верабей.

Выламаць з калена гл. выламаць.

Мора па калена гл. мора.

Поўзаць на каленях гл. поўзаць.

Ставіць на калені гл. ставіць.

Станавіцца на калені гл. станавіцца.

Стаць (упасці) на калені гл. стаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)