далёкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца, адбываецца на вялікай адлегласці; проціл. блізкі. Далёкія зоры. Водгулле далёкага грому. ▪ Паімчыць цягнік на поўдзень, У казахскі стэп далёкі. Аўрамчык. На далёкай планеце ўзаўецца наш сцяг — Нашай доблесці сведка праўдзівы. Гілевіч. // Які мае вялікую працягласць у прасторы. Далёкі паход. ▪ Калі пайду ў далёкую дарогу, З табой на час расстануся ізноў. Прыходзька. [Шлях] .. параходаў непамерна далёкі, на другі ускрай зямлі. Самуйлёнак.

2. Аддзелены ад сучаснага моманту вялікім прамежкам часу. Далёкае мінулае. Далёкая будучыня. ▪ Чаму ж я далёкай назваў тую восень? Дванаццаць гадоў — мо не так ужо многа. Гілевіч. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка. / у знач. наз. далёкае, ‑ага, н. Як цяжкі сон прыгадваецца іншы раз чалавеку далёкае перажытае. Пальчэўскі.

3. Які не мае блізкіх кроўных сувязей. Далёкі сваяк. Далёкая радня.

4. перан. Які мае мала агульнага з кім‑, чым‑н.; не падобны, інакшы. У формуле матэматычнай залежнасцю звязаны такія, здавалася б, далёкія ад матэматыкі «велічыні», як ціск крыві, пульс, пругкасць артэрый. Матрунёнак. // Чужы, абыякавы да ўсяго. [Надзя] стаяла на беразе, склаўшы на грудзях рукі, задумлівая, далёкая. Ваданосаў. А Віктар, чужы і далёкі ад усяго, што вакол яго адбывалася, стаяў, прысланіўшыся плячамі да сцяны хаты. Палтаран.

5. ад чаго. Які не мае намеру рабіць што‑н., думаць аб чым‑н. і пад. Скарына быў далёкі ад думкі гвалтоўнага знішчэння існуючага ладу, карэннага змянення становішча працоўных мас. Алексютовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)