Трыб1 ‘квартальная вузкая прасека ў лесе, лясная прамая дарога’ (Сл. Брэс.; пруж., Яшк.; кам., Жыв. НС; кобр., Скар. НМ), тры́ба ‘прасека ў лесе для лакалізацыі ачага пажару ці размежавання лясных кварталаў’ (Скарбы; Чыгр.; слонім., Жыв. НС, Сцяц.; шчуч., З нар. сл., Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), трэб (треб) ‘граніца, мяжа’ (Дабрав.), трэ́ба ‘прасека, прагал’ (Сл. Брэс.), трэ́бо ‘роўнае месца за вёскай’ (пруж., Чэрн.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘кірунак, лінія (у лесе); прасека’ (1554 г.), трыба ‘тс’ (1608 г.), трыбокъ ‘тс’, трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600 г.) (ГСБМ). Праз польск. tryb ‘дарога, сцежка’, tryba ‘тс’, ‘вузкая паласа поля, загон’, ‘мяжа’, ‘прасека’ з с.-в.-ням. trib ‘выган, паша’, н.-в.-ням. Trieb ‘дарога, па якой ганяюць быдла, прагон’, ‘плынь, цячэнне’ (Вінцэнц), што да с.-в.-ням. tríben ‘гнаць, праганяць’ (Чартко, Дасл. (Гродна), 59), ст.-в.-ням. tríban, гоцк. dreiban, англ. drive ‘тс’, ‘прыводзіць у рух’ (SWO, 1980, 778; Брукнер, 578; ЕСУМ, 5, 634). Ст.-бел. трибовати ‘абазначаць кірунак’ (1600) запазычана са ст.-польск. trybować < с.-в.-ням. tríben ‘гнаць’ (Булыка, Лекс. запазыч., 93; Вінцэнц).

Трыб2 ‘жыццёвы шлях’ (Варл.): ніякім тры́бам ‘ніяк, ніякім спосабам’ (Ян.), ст.-бел. трибъ, трыбъ ‘парадак, звычай’ (Ст.-бел. лексікон), ‘спосаб, устаноўлены парадак’ (1588 г., ГСБМ). Апошняе запазычана са ст.-польск. tryb, якое з нова-в.-ням. Trieb ‘плынь, цячэнне’, што, паводле Вінцэнца (гл.), з’яўляецца метафарай на базе значэння ‘дарога’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыц — выклічнік, выражае раптоўнае дзеянне, нечаканую з’яву, сустрэчу (Нас., Пятк. 2, Сержп. Прык., ТС; даўг., іўеў., астрав., шальч., Сл. ПЗБ; мсцісл., Нар. лекс.): а ім у варотах тыц — Дыдона («Энеіда навыварат»), тыц! стаў конь, наравіцца! (Ф. Багушэвіч), ‘дотык’: вады на тыц рукі; тры разы тыц рукой (леп., Нар. медыцына), тыц‑тыц ‘тык-мык, пык-мык’: тыц‑тыц, і няма чаго сказаць (астрав., Сл. ПЗБ), тыц‑мыц ‘тык, тыц’ (карэліц., Нар. словатв.). Параўн. укр. тиць — для выражэння нечаканай сустрэчы (ад дзеяслова ткнути), тыць‑миць ‘тык-мык’, рус. дыял. тыц — пра раптоўны рух, польск. tyc — водгалас утыкання (Вілен. сл.). Да ты́каць (гл.). Карэннае ‑ц узыходзіць да формы заг. ладу прасл. *tykati*tъci (ЕСУМ, 5, 577). Сюды ж тыцаті ‘шукаць’ (пін., Шатал.; Сл. Брэс.), тэ́цнутэ (ногою) ‘даць выспятка’ (драг, Ск. нар. мовы), ты́цяты ‘рабіць што-небудзь, пераходзячы з месца на месца’, а таксама ўскладненыя суфіксамі вытворныя ты́цкаць ‘тыкаць’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Нар. Гом., Др.-Падб.); ты́цканне ‘тыканне пальцам’ (Ласт.), ‘звяртанне ўвагі на што-небудзь зробленае дрэнна, як бы папікаючы’ (Нар. Гом.); ты́цкацца ‘лезці ў чужую справу’ (Шат.), ‘соваць, тыцкаць’ (Касп.); ты́цнуць ‘сунуць’ (Жд. 1, ТС; люб., ЖНС), ты́цнуцца ‘ўсунуцца, умяшацца’ (Юрч. СНЛ), тицʼнути ‘тс’ (Горбач, Зах.-пол. гов.), ты́цьнуты ‘ткнуць’ (Клім.). Талстой (ЛП, 17) параўноўвае апошняе слова з серб.-харв. ти́цаті ‘датыкацца’; Скок (3, 429) разглядае яго як вынік другаснай палаталізацыі з прасл. *tъk‑, гл. таксама Глухак, 618.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ці выклічнік, абазначае ўдзячнасць (Нас., КСТ), ’добры дзень, дзякую’ (Гарэц.), ацькі, ацінькі, ацічку памянш. ад аці, дзіцячае слова ’дзякую’ (Касп., Гарэц., Бяльк., КСП), ацкі, аценькі дзіцячае слова, дзіцячы паклон; удзячнасць’ (Нас.), аця ’ўдзячнасць’ (Нас.), аціць, 1 ас. адз. л. а́чу ’дзякаваць, вітаць’ (Гарэц.), дзіцячае ’кланяцца; дзякаваць’ (Нас.), ацю ’дзякую’, пааціць (Карскі, Белорусы, 144), рус. аття ’дзякую’, атить ’маліцца’ (рус. гаворкі на тэрыторыі Літвы), польск. aciu ’дзякую’ (у дзіцячай мове) з т. зв. «пальшчызны крэсовай» і ўсходніх раёнаў Польшчы, aczować ’віншаваць, калядаваць’ з XVII ст. (Брукнер, 2), літ. ãčiū, ačiúoti ’дзякую, дзякаваць’. Этымалогія няясная. Няма падстаў адносіць ’беларускае слова да паланізмаў, гэтаму пярэчыць геаграфія слова на польскай тэрыторыі; Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 335) лічыць літуанізмам у польскіх гаворках на беларускай аснове; Буга (Rinkt., 3, 306), выказвае сумненні адносна паходжання слова. З беларускай мовы выводзяць слова Фрэнкель, 1, і складальнікі акадэмічнага слоўніка літоўскай мовы (LKŹ 1, 1). Урбуціс (Baltistica, V (1), 1969, 48 і наст.), адзначаючы больш шырокае ў параўнанні з іншымі мовамі ўжыванне слова ў літоўскай мове, у прыватнасці — у мове дарослых (на думку Брукнера, 2, пазнейшае), для беларускага слова дапускае магчымасць запазычання з літоўскай мовы, чаму, аднак, пярэчыць геаграфія слова на рускай тэрыторыі (перм., Даль). Апошняе Фасмер (1, 96) звязвае з комі atʼtʼі ’дзякуй’ (загадная форма ад atʼni дзякаваць’), дапускаючы магчымасць запазычання рускага слова, аднак гэтаму пярэчыць шырокая ўжывальнасць слова на беларускай тэрыторыі. Усё сведчыць пра тое, што гэта спецыфічнае ўтварэнне дзіцячай мовы, паходжанне якога, як і іншых т. зв. дзіцячых слоў, застаецца няясным.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жада́ць ’хацець нешта зрабіць, зычыць’ (ТСБМ). Рус. дыял. жада́ть ’тс’, укр. жада́ти ’жадаць, дамагацца’, польск. żądać ’тс’, в.-луж. žadać ’дамагацца, хацець’, н.-луж. žedaś ’жадаць’, чэш. žádati, славац. žiadať ’дамагацца, жадаць’, балг. жадувам ’хацець’, макед. жеднее ’тс’, серб.-харв. же́ђати, жѐднети ’моцна хацець’, славен. žéjati ’хацець’. Ст.-слав. жѧдати ’мець смагу; моцна хацець’, ст.-рус. жадати ’тс’. Гэта значэнне замацавалася ў рус. мове за другаснай формай гэтага ж дзеяслова — стараславянізмам жаждаць. У бел. і ўкр. для перадачы такога значэння замацаваўся дзеяслоў прагнуць, прагнути. Гэта адзначыў ужо Бярында (36), перакладаючы жадаю ’прагну’. За дзеясловам жада́ць, жадати асталося значэнне ’моцна хацець’, суадноснае са значэннем рус. желать, якое не мае бел. і ўкр. паралелей, што ўказвае на магчымасць пэўнай семантычнай кантамінацыі. Пры станаўленні значэнняў слова жада́ць на бел. (і ўкр.) мову мела, відаць, уздзеянне польск. żądać, што адлюстравалася ва ўкр. жадати ’моцна хацець, вымагаць’ (як і ў польск.). Апошняе адценне не замацавана ў бел., дзе развілося спецыфічнае адценне значэння ’зычыць, выказваць добрыя пажаданні’. Прасл. *žęd‑ (з насавым інфіксам цяп. ч.) параўноўваецца з літ. gedáuti ’жадаць чагосьці, імкнуцца да чагосьці’, gedė́ti ’імкнуцца, тужыць’, а таксама шэрагам форм і.-е. моў з іншымі ступенямі чаргавання галосных. І.‑е. корань, відаць, *g​hedh‑ ’прасіць, хацець’. Фасмер, 2, 33; Скок, 3, 675; Махэк₂, 721; Брукнер, 663; Покарны, 1, 448. Траўтман (82), Фрэнкель (144) суадносяць літ. словы са слав. *žьdati ’чакаць’, якое ў Покарнага (1, 426–427) трапляе ў іншы корань *gheidh‑ з тым жа значэннем ’жадаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каро́ва1, укр. карова, рус. корова, чэш. kráva, в.-луж. krowa, палаб. korvo, польск. krowa, балг. крава, макед. крава, серб.-харв. кра̏ва, славен. kráva (прасл. korva). Пошукі этымону для гэтага слова заўсёды былі цяжкімі. Што датычыць старажытнасці, то відавочным з’яўляецца яго яшчэ балта-славянскае паходжанне. Параўн. літ. kárve ’тс’, ст.-прус. curwis ’вол’ (апошняе, магчыма, каш.-слав. паходжання: каш. karw ’стары вол’). Усе іншыя паралелі не з’яўляюцца надзейнымі, бо аўтары адпаведных этымалогій прымаюць за пастулат унутраную форму ’рагатая’, што трэба абгрунтаваць. Перш за ўсё, паколькі лац. cornu ’рог’, ст.-грэч. χέρας (χέρσας) і ст.-іран. srū, srva (Бернекер, 557) узыходзяць да k̑or‑u̯/kor‑n, мы б чакалі на балта-славянскім моўным грунце s‑пачатак, але прасл. korva не мае такіх паралелей ні ў адной з індаеўрапейскіх моў (нават калі лічыць паралелямі назвы сарны і лані). Так, ст.-прус. sirwis ’лань’ хутчэй, генетычна тоесна літ. šir̃vis ’шэры конь, заяц’ (яўная назва па колеру), šir̃vas ’шэры’. Прасл. sьrna ’сарна’ можна параўнаць са ст.-слав. срѣнъ ’белы’ (іншыя славянскія паралелі абазначаюць ’іней, шэрань’). Мы падтрымліваем іншую версію з унутранай формай не ’рагатая’, а ’жвачная’. Тады прасл. korva суадносіцца са ст.-інд. cárvate ’жуе’ (Махэк, KZ, 64, 262; Мартынаў, Слав. акком., 163). Сюды ж прасл. červo ’чэрава’ (адно са значэнняў — ’страўнік’). Спроба супаставіць korva з сапсаванай глосай Гесіхія χάρτην τήν βοῡν (χάρτην замяняецца на χάρτην) не пераконвае (Параўн. Трубачоў Эт. сл. 11, 108–109).

Каро́ва2 ’назва грыба гаркуха, кароўка’ (Жыв. сл.). Гл. кароўка, кароўяха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лагожы, лаґожы, лагошы, лого́шы, лоґошы́, лаґошы, лагяшы́ ’сані-развалкі для перавозкі грузаў, розвальні’ (ТС, ТСБМ, Нар. сл., Шатал., Сл. паўн.-зах.), ’вялікі воз для возкі сена, снапоў’ (Касп.), ’лёгкія сані’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), бярэз. ’выязныя сані’ (Сл. паўн.-зах.), ’сані з надбудаванай скрыняй або возам для перавозу тавараў’ (КЭС, лаг.; Жд. 2), ’доўгія палкі, якія ўстаўляюцца ў драбіны воза, каб больш палажыць снапоў’ (Сіг.), ’прыстасаванне для пашырэння саней’ (Нар. сл., З нар. сл.), ’рама для воза, саней’ (Сл. паўн.-зах.), ’старыя, паламаныя сані’ (Нар. сл.), лагоша ’воз з бакавымі дошкамі замест драбін’, лаґажы́ ’драўлянае прыстасаванне з палазамі для транспарціроўкі сельскагаспадарчых прылад’ (Сл. паўн.-зах.). З такой семантыкай толькі беларускае. Pluralia tantum пад уплывам сані. Узыходзіць да венг. lógós ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’свабодны, які свабодна звісае’, lógó ’тс’, ’дышаль, да якога запрагаюць дадатковага каня’. З тымі ж значэннямі ўжываецца гэта слова ў серб.-харв. (ло́гов), балг. (ло́гой) і славац. (logoš) мовах. У ст.-польск. łogosz (з XVII ст.) азначае ’дадатковы конь у запрэжцы’, ’лаўка ззаду воза, саней для гайдука’. Апошняе значэнне і ў ст.-бел. лагошъ, локгошъ. Паводле гэтага Булыка (Запазыч., 191) выводзіць бел. лексему са ст.-польск. Гл. таксама Міклашыч, 172; Бернекер, 727; Брукнер, 310; Скок, 2, 313; MNy, 2, 60, 370. Балтыйскі адпаведнікі, дадзеныя А. Грынавецкене (Сл. паўн.-зах., 2, 604) да лагошы, а іменна літ. lùgės ’благія сані ці воз з кузавам’, lùgnios ’прыгожыя сані’, супадаюць толькі семантычна, таму што нельга растлумачыць агульнасць вакалізму кораня. Фрэнкель (1, 388) суадносіць іх з lubà ’стальнічына’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перазоў ’трэці або адзін з наступных дзён вяселля, калі бацькі маладой едуць да яе і прывозяць пасаг і блаславёную ікону’ (Нас.); івац. пэрэзов, рас. перазыўкі, лаг. пярэзаўкі, мін. пярэзвіны, кам. пырызвэ́, лун. пэрэзовы, пін. пырызоў, віл. пярэ́заўкі ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да сватоў праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. ПЗБ, Жыв. НС. Сл. Брэс., З нар. сл., лун., Шатал.); мін. пярэзвіны, віц. перазоўкі госці ў бацькоў маладых праз тыдзень пасля вяселля (Касп., Хрэст. дыял.), мазыр. перазоў ’узаемнае наведванне пасля вяселля’ (Нар. Гом., Шн. 3); лаг. перазовыя ’калі бацькі маладой запрашаюць у госці дачку, зяця і бацькоў маладога’ (Варл.), стол. пэрэзов ’пачастунак у бацькоў маладой’ (Сл. Брэс.), пярэзвы ’тс’ (Шат.), паст. перазыў, перазыўнікі ’паездка гасцей нявесты да жаніха’, красл. перазыўкі ’паездка гасцей да нявесты праз тыдзень’ (Сл. ПЗБ); пярэзвы ’запрашэнне’, перазвя́нка ’запрошаная зяцем маці маладой’ (Зянк.); пярэзвы ’ўзаемныя запрашэнні ў госці на запускі ўсёй вёскі да кожнага гаспадара’ (Стан.); перэзя́нка ’дружка маладой на вяселлі’ (ТС); укр. перезва́ ’ў панядзелак пасля першай шлюбнай ночы родныя маладой ідуць на пачастунак да бацькоў жаніха’ (П. Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 56; чарніг., Грынч.), пере́зивкп ’пачастункі ў чацвер і пятніцу ў хаце маладога, потым у дружка, затым у брата, дзядзькі, сястры’ (Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 580); рус. кур. перезва́ ’другі дзень вяселля’, пере́звыапошняе гулянне на вяселлі’, вілен. перезов ’пераезд нявесты (у суботу) у дом жаніха’. Прасл. паўн. рэгіяналізм *per‑zovъ. Да пера- і зваць (гл.). Сюды ж мсцісл. пірізваць ’запрасіць да сябе ў адказ’ (Юрч. СНЛ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пух1 ’мяккія варсінкі; падсцілка шэрсці, поўсць’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк. МГ, Бес., Сл. ПЗБ; ельск., Мат. Гом.), ’пер’е наогул’: гэто пух, у нас пе́рʼе не кажуць (ТС), ’пер’е (гусінае)’ (гом., Мат. Гом.), ’адходы пры паланні, мякіна’ (Нас.; ЛА, 2; Выг.; петрык., лун., брагін., Шатал.), ’абдзіркі ад круп, высеўкі’ (ПСл; ветк., Мат. Гом.), ’пушны хлеб’ (Нас. Сб.), мн. л. пу́шʼе ’пер’е’ (ТС), параўн. укр. пух ’пух, дробныя валаскі’, рус. пух ’пух; шалупінне з проса, мякіна’, польск. puch ’мяккае, дробнае пер’е, валаскі’, чэш. puch ’дробнае пер’е’, славен. puh ’пух, пушок; галаўня ў збожжы’, балг. пух ’пух’, макед. пувка ’чубок’. Прасл. *puxъ — аддзеяслоўны назоўнік, семантыка зыходнага дзеяслова ’дуць, дзьмуць’, параўн. пу́хаць ’выпускаць паветра; ферментаваць’ (гл.), польск. puchać ’пыхаць, пускаць дух’, харв. púhati ’тс’, славен. pūhati ’пыхаць, дуць, дымець’ (< *puxati); літаральна ’тое, што адлятае пры подыху (дыхання, ветру)’. Узводзяць да і.-е. *p(h)eu̯s‑ ’пыхаць, пухкаць’ імітатыўнага паходжання (Бязлай, 3, 134; Скок, 3, 70), параўн. санскр. púšyati ’паспяваць’, грэч. φῦσα ’пухір’, лац. pussula, pustula ’тс’; параўнанне з літ. paustìs ’шэрсць жывёлы’, зафіксаваным на Віленшчыне (гл. Фасмер, 3, 414; Сной, 514 і інш.), сумнеўнае, паколькі апошняе хутчэй за ўсё запазычана з бел. поўсць ’тс’ (< прасл. *pьlstь або *pl̥stь).

Пух2 ’агаткі, Antennaria dioica Gaertn.’ (віц., Кіс.). Да пух1, параўн. укр. пух ’расліна Eriophorum vaginatum L.’ і чэш. дыял. peři ’тс’, названых так з-за знешняга выгляду пладоў.

Пух3 — выклічнік, імітуе лопанне, стрэл і пад. (ТСБМ, ЭШ, Сл. ПЗБ; полац., мсцісл., Нар. лекс.). Гл. пу́хаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапе́за1 (trapeza, trepeza) ’ламачча, хвораст’; ’багна’; ’вельмі дробнае збожжа’, ’мізэрны чалавек’ (Лапіч, Term. geogr.), трэбэза (trebeza) ’тс’ (там жа), трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Параўн. польск. дыял. trapeza ’балота, твань’, trabeza ’багна, балота, зарослае хмызняком’, сюды ж, магчыма, і айконім Trpeza (Косава і Метохія). Грунтуючыся на семантыцы, Лапіч (БЛ, 11, 64) бачыць тут уплыў літ. trapùs ’крохкі, слабы’, што цяжка давесці. Няясна; магчыма параўнаць з рус. дыял. (паўн.-рус.) дребь ’балоцістая мясціна, парослая кустамі або лесам’, ’непраходнае балота’, ’багна, твань’, дре́би ’балота, парослае лесам, нетры’, відаць, роднасныя літ. drebė́ti ’дрыжэць, трэсціся’, лат. drebêt ’тс’ (SP, 4, 216, 225, 245), адносна варыянтнасці *trep‑/*dreb‑ гл. Махэк₂, 129. Па фанетычных прычынах немагчыма суаднесці са славен. trebež ’выкарчаванае месца, навіна’ (гл. церабіць).

Трапе́за2 ’агульны стол для яды ў манастыры’, ’сам прыём яды за такім сталом’, ’сама яда’ (ТСБМ, Кольб.), аргат. тра́пез ’стол’ (Бандалетаў, Этимология–1980, 72). Праз царкоўнаславянскую са ст.-слав. трапеза, трапѣза, трепеза ’абедзенны стол’, ’гасціна, частаванне’, што з грэч. τράπεζα, якое са ст.-грэч. τράπεζα ’стол, абедзенны стол’, ’абед, яда’, а апошняе — з τέτταρα ’чатыры’ або τρεῑς ’тры’ і πέζα ’нага’ < ’дошка на трох ці чатырох нагах (ножках) — у выніку гаплалогіі ‑τα‑ выпала (Фасмер, 4, 94; Скок, 3, 492). Першае ўпамінанне Гамера: на шматлюдных банкетаваннях адзін стол служыў для некалькіх гасцей. На Балканах пасля прыняцця хрысціянства гэты грэцызм пашыраўся пераважна сярод манахаў у манастырах, цэрквах на ўсходнеславянскай тэрыторыі таксама ўжываўся як царкоўны тэрмін. Аргатычны тэрмін, відаць, з новагрэч. τραπέζι ’стол’ (Бандалетаў, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кішэ́нь1, кішэ́ня ’ўшыты ў адзенне мяшочак для дробных рэчаў’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Янк. II, Сл. паўн.-зах., ТС, Мал., Ян., Грыг., Яруш., Др.-Падб., Мядзв.). У апошняй крыніцы адзначана як запазычанне з польскай мовы (параўн. Кюнэ, Poln., 64). Ст.-бел. кешаня, кішеня (з 1555 г.) (Булыка, Запазыч., 154), кишеня ’жывот’, польск. kieszeń ’кішэня’, чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa. Рус. кишеня ’жывот’ семантычна не суадносіцца з іншымі паралелямі і ў той жа час адпавядае палаб. tʼèsin ’страўнік’ (< *kъsenь), хоць апошняе мае іншую фанетычную структуру. Калі *kyšenʼa (= рус. кишеня) < *kyxenʼa < *kysenʼa, архетып, да якога ўзводзіцца палаб. форма, не рэалізаваў пераход s > x пасля й, што трэба лічыць неверагодным. Таму палаб. *kъsenь < *kъšenь, што тлумачыцца вядомым спарадычным пераходам š > s у палабскіх дыялектах. Такім чынам, прасл. kъšenь/kyšenʼa. Формы чэш. kešena, славац. kešeň, kešeňa — запазычанні з польскай мовы, дзе рэфлекс ъ > e рэгулярны (kieszeń). На беларускай і ўкраінскай моўнай глебе наглядаецца падвойны рэфлекс і кантамінацыя форм kъšenь і kyšenʼa (параўн. ст.-бел. кешеня і кішеня). Булыка (Запазыч., 154) разглядае іх як запазычанні з польскай мовы. З гэтым трэба пагадзіцца, але вывядзенне польск. kieszeń з тур. késé не адпавядае рэчаіснасці, бо храналагічна немагчымае (параўн. Слаўскі, 2, 158). Прасл. kъšenь, kyšenʼa аднаго паходжання з прасл. kyšьka (Бернекер, 503). Гл. кішка1.

Кішэ́нь2 ’малая ўкладка снапоў’ (ДАБМ). Да кішэнь1. Малая ўкладка складалася з пастаўленых снапоў каласамі ўгору і была пакрыта зверху адным або двума снапамі каласамі ўніз нібы шапкай (гл. каментарыі да ДАБМ, карта 286). Такая ўкладка падобна да кішэні.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)